У Бераставіцкай раённай бібліятэцы з’явіўся першы беларускі «Буквар»

Культура

Экзэмпляр факсімільнага выдання першага беларускага «Буквара» з’явіўся ў Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя Восіпа Кавалеўскага.

Цяпер кожны можа пазнаёміцца з копіяй кнігі, якая выйшла ў 1618 годзе на царкоўнаславянскай мове ў друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духу ў Еўе і якой захавалася толькі два экзэмпляры. Маштабны праект па факсімільным аднаўленні рарытэту, які ўяўляе вялікую каштоўнасць культурнай спадчыны беларускага народа, быў рэалізаваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў мінулым годзе і прымеркаваны да 400-годдзя “Буквара”.
Адноўленыя “Буквары” атрымалі ў падарунак публічныя бібліятэкі, музеі і рэлігійныя арганізацыі краіны.
Напрыканцы года прэзентацыя факсімільнага выдання адбылася ў Гродзенскай дзяржаўнай бібліятэцы імя Яўхіма Карскага, на якой пабывала і бібліёграф Бераставіцкай раённай бібліятэкі Інга Антановіч.
– Прэзентацыю праводзіў намес­нік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, – расказвае Інга Антановіч. – Ён паведаміў аб працэсе даследавання арыгіналу “Буквара” і рэалізацыі праекту па яго факсімільным выданні. Аляксандр Аляксандравіч, у прыватнасці, расказаў, што ў свеце захавалася ўсяго дзве арыгінальныя кнігі. Адно выданне захоўваецца ў Капенгагене, але яно няпоўнае, а вось паўнацэнны экзэмпляр знаходзіцца ў Лонданскай бібліятэцы. Вядома, што кніга належала англійскаму юрысту і бібліяфілу Роберту Эшлі, які жыў у XVI—XVII стагоддзях і шмат падарожнічаў па свеце. Напэўна, падчас адной з вандровак ён і набыў славянскі буквар. Пасля смерці Эшлі завяшчаў бібліятэцы Мідл Тэмпл усе свае 3700 кніг, у тым ліку і гэтую.
Дарэчы, бібліятэка Мідл Тэмпл уяўляе сабой досыць закрытую ўстанову, таму пра буквар доўгі час не ведалі. Доўгі час ён заставаўся малавядомым і не даследаваным нашымі вучонымі. Алесь Суша – адзіны с сучасных даследчыкаў, хто бачыў арыгінал буквара. Больш за паўгода ён вёў перагаворы з Лонданам на дазвол папрацаваць з выданнем. Яны скончыліся паспяхова пры дапамозе Міжнароднай асацыяцыі славістаў.
У выніку факсімільнае ўзнаўленне першага «Буквара» стала міжнародным навуковым і выдавецкім праектам. Да яго непасрэднай рэалізацыі далучыліся пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі, Белдзяржуніверсітэт і бібліятэка Мідл Тэмпл. Арганізацыйную падтрымку забяспечылі міністэрствы культуры, адукацыі і замежных спраў Беларусі, а таксама Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. Партнёрамі ў рэалізацыі праекта сталі Белінвестбанк, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.
– Выданне, атрыманае намі ў падарунак, уяўляе сабой трохтомнік, які складаецца з непасрэдна факсімільнага выдання буквара, яго перакладу на сучасную беларускую мову і кнігі з навуковымі даследаваннямі, прысвечанымі буквару, на рускай, беларускай і англійскай мовах, – гаворыць дырэктар Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя Восіпа Кавалеўскага Таццяна Марцішэвіч. – Фармат кнігі – невялікі, дзве трэці яе займаюць тэксты для чытання духоўнага зместу і малітвы. Але гэта ўнікальны ўзор нашага старажытнага кніжнага скарбу. І вельмі важна, што ён стаў даступным для шырокага кола чытачоў.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *