І радасць, і гонар, і адказнасць

Актуально Лента новостей

Яшчэ адна мнагадзетная маці з нашага раёна атрымала нядаўна ордэн Маці. Гэта Іна Іванаўна Навакач з Вялікай Бераставіцы.
11 жніўня старшыня раённага выканаўчага камітэта М.М.Сіцько ў сваім кабінеце ўручыў ёй заслужаную ўзнагароду.

Пяцёра дзетак – чатыры дачкі і сын – выхоўваюцца ў сям’і Навакачоў. Старэйшая, Анжаліка, ужо вучыцца на другім курсе ў Бераставіцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі, сямігадовая Алена – вучаніца Вялікабераставіцкай СШ, Вадзім і Юля ходзяць у дзіцячы садок, а малодшая, Віялета, якой у красавіку споўніўся яшчэ толькі годзік, выхоўваецца дома.
Муж Іны Іванаўны, Мікалай Тадэвушавіч, працуе ў ДРБУ – 160. Сям’я пераехала ў Вялікую Бераставіцу з Масалян, пабудавалі тут з дапамогай ільготнага крэдыту ўласнае жыллё. Пасля нараджэння пятага дзіцяці дзяржава поўнасцю пагасіла гэты крэдыт.
У свой час Іна Іванаўна працавала апаратчыцай на Айцоўскім спіртзаводзе, лабарантам па зборы і адгрузцы малака, цялятніцай у розных гаспадарках раёна. На працы заўсёды добрасумленна выконвала свае абавязкі, карысталася павагай сярод калег, бо была не толькі адказным і старанным работнікам, але чулым і добразычлівым чалавекам. З 2006 года Іна Іванаўна – хатняя гаспадыня, займаецца выхаваннем дзяцей. Цяпер усе яе намаганні накіраваны на тое, каб стварыць згуртаваную, дружную сям’ю і выхаваць дзяцей сумленнымі,добрымі людзьмі.
— Нашы дзеці прывучаны да працы з маленства, з адказнасцю і жаданнем выконваюць усе даручэнні, якія мы ім даём, — расказвае І.І.Навакач. – У кожнага ёсць свае абавязкі, старэйшыя заўсёды прыгледзяць за малодшымі. Ну і, канешне, 16-гадовая Анжаліка – мая першая памочніца і з малодшымі дзецьмі, і па доме.
Вядома, вельмі складана паставіць на ногі пяцёра дзяцей. Добра, што яшчэ трохі дапамагаюць нашы бацькі, ды і адрасная дапамога ад дзяржавы ніколі не бывае лішняй. На малодшую дачку выдзяляецца бясплатнае харчаванне, у школе поўнасцю, а ў дзіцячым садзе часткова харчаванне дзяцей таксама аплачвае дзяржава. Гэта з’яўляецца хоць невялікай, але ўсё ж падмогай для сям’і. Ну а жыллё, якое мы фактычна атрымалі за кошт дзяржавы, — гэта ўжо значная падтрымка мнагадзетнай сям’і.
— Самае галоўнае, каб дзеці раслі здаровымі і шчаслівымі, а ўсё астатняе мы пераадолеем, — усміхаецца жанчына.
Сціплая, уважлівая і тактоўная мнагадзетная мама – душа сям’і і арганізатар добрых спраў. Яе мацярынскае цяпло і пяшчота ствараюць у сям’і атмасферу разумення, павагі і кахання. А яшчэ Іна Іванаўна – выдатная гаспадыня: шые, вяжа, любіць пачаставаць сваіх родных кулінарнымі прысмакамі.
-Ордэн і кветкі ад старшыні райвыканкама мяне вельмі ўзрушылі, — прызнаецца жанчына. – Гэта і радасць, і гонар адначасова, а яшчэ – вялікая адказнасць за званне маці-гераіні, якую трэба апраўдаць.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *