Праз інавацыю — да поспеху. У Макараўскім яслях-садзе-сярэдняй школе рэалізуецца інавацыйны праект

Образование Общественные объединения

З 2016/2017 навучальнага года педагагічны калектыў дзяржаўнай установы адукацыі “Макараўскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя школа”   ажыццяўляе працу і транслюе вопыт па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў установы агульнай сярэдняй адукацыі”.

З мэтай рэалізацыі інавацыйнага праекта ва ўстанове адукацыі арганізавана адукацыйнае асяроддзе, арыентаванае на фарміраванне сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў. У рамках інавацыйнага праекта я, як класны кіраўнік, абрала тэму даследчай дзейнасці «Самаразвіццё і сацыялізацыя навучэнцаў з дапамогай пашырэння сацыяльных сувязяў школьнікаў ва ўмовах аграгарадка». Актуальнасць тэмы для мяне відавочная, так як менавіта сёння важна фарміраваць асобу, гатовую жыць не толькі ў зменлівых сацыяльна-эканамічных умовах, але і актыўна ўплываць на існуючую рэчаіснасць, змяняючы яе да лепшага. Таму, для стварэння добрага выхаваўчага асяроддзя неабходна пашырэнне сацыяльных сувязяў ва ўмовах аграгарадка з мэтай фарміравання асноў сацыяльных паводзін і асобасных якасцяў, што павышаюць актыўнасць.

 КСУП “Макараўцы” з’яўляецца не толькі спонсарам установы адукацыі, але  добрым настаўнікам навучэнцам у набыцці ведаў па прафарыентацыі. Школьнікі неаднаразова наведвалі мехдвор, які знаходзіцца ў весцы Пачобуты, пабывалі на новым малочна-таварным комплексе. У файе памяшкання праўлення КСУП “Макараўцы” знаходзіцца дошка гонару, на якой размешчаны фотаздымкі паспяховых вучняў установы адукацыі, у тым ліку  нашага класа. Алеся Мікалаеўна Капіца, намеснік дырэктара КСУП “Макараўцы” па ідэалагічнай рабоце,  – ганаровы госць нашых мерапрыемстваў,  класных  і інфармацыйных гадзін. 

  Цесна супрацоўнічаем з  філіялам па  культурна-досугавай  дзейнасці  аг. Макараўцы. Навучэнцы наведваюць аб’яднанні па інтарэсах, актыўна ўдзельнічаюць у сумесных забаўляльных праграмах і мясцовых абрадах: акцыя “Працягнем руку дапамогі”,   экскурсія “У  цудоўны свет кнігі”,  святочныя праграмы, прысвечаныя Дню састарэлых, Дню Маці,  Дню настаўніка і інш.. Сяброўскае  супрацоўніцтва ўзбагачае культурна-выхаваўчае асяроддзе, павышае патэнцыяльныя магчымасці самавызначэння  навучэнцаў.

Наладжана  сувязь і з пагранічнай заставай “Русакі”, якая знаходзіцца ў кіламетры ад школы: лекторыі, канферэнцыі, круглыя сталы накіраваны на вывучэнне гісторыі роднага краю, подзвігаў ваенаслужачых, зберажэнне памяці аб гераізме людзей,  якія абаранялі нашы межы. Юнакі і дзяўчаты класа ўваходзяць у склад атрада “Юныя сябры пагранічнікаў”, спрабуюць сябе ў ролі абаронцаў Айчыны. Упэўнена, што заняткі, праведзеныя на пагранічнай заставе, спрыяюць станаўленню падлеткаў, як грамадзян, патрыётаў сваёй краіны.

  Адзінства сацыяльна-культурнай  і адукацыйнай прасторы дазваляе эфектыўна вырашаць пастаўленыя задачы навучання і  выхавання школьнікаў. Гэта  ўзаемадзеянне  дапамагло не толькі арганізаваць вольны час школьнікаў, стварыць умовы для ўмацавання і зберажэння здароўя, працоўнага выхавання, але і садзейнічала развіццю моладзевых ініцыятыў, фарміраванню сацыяльна-актыўнай грамадзянскай пазіцыі, развіццю актыўнасці маладога пакалення. 

У сваёй дзейнасці выкарыстоўвала інтэрактыўныя формы работы: фестывалі, прэзентацыі, салоны, ток-шоу, адкрыты мікрафон, дыялог, квест-гульні і інш. У кожнага вучня ёсць партфоліо, якое змяшчае разнастайную інфармацыю і дазваляе прааналізаваць поспехі, прагрэс і дасягненні ў адной або больш абласцях на працягу работы па інавацыйнаму праекту.

Работа па рэалізацыі праекта падыходзіць да завяршэння, але ўжо сёння можна з дакладнасцю сказаць, што яго значнасць была вызначана неабходнасцю запытаў сённяшняга жыцця. Менавіта інавацыя дала магчымасць раскрыць унутраны патэнцыял не толькі ўстановы адукацыі, але і настаўніцкага і вучнёўскага калектываў.

Паказчыкам паспяховасці з’яўляецца актыўнасць навучэнцаў у дэманстрацыі свайго пазітыўнага вопыту на раённым узроўні, выніковы ўдзел у раённых і абласных мерапрыемствах. Так Максім Будніцкі узнагароджаны Дыпломам III ступені ў рэспубліканскім конкурсе «Супервучань — 2017» (змена “Максімум, або 100%” у нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня»), I месца ў конкурсе партфоліа «Мае дасягненні», II месца ў інтэлектуальным конкурсе «Дзе логіка?», I месца ў конкурсным заданні «Я — лідар!», I месца ў конкурсным заданні “Мой праект”, II месца ў раённым этапе пятага рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года — 2018”; Марак Эйсмант — I месца на раённай алімпіядзе па нямецкай мове; Ангеліна Кажура — III месца ў IX раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Імкненне. Адкрыццё. Поспех”, І месца ў рэспубліцы ў конкурсе “Шляхам добрых спраў” у рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”; Інэса Ігнатовіч — І месца ў рэспубліцы ў конкурсе “Шляхам добрых спраў” у рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”; Дзіяна Аўдзей — удзел у раённай алімпіядзе па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Біялогія”.

На працягу трох гадоў навучэнцы змаглі  стаць больш упэўненымі і больш паспяховымі. У многіх з іх ёсць задаткі  лідарства, высокі паказчык актыўнасці. Яны ўмеюць выразна і ясна выкладаць свае думкі, свабодна трымацца на публіцы.

Такім чынам, пашырэнне сацыяльных сувязяў школьнікаў ва ўмовах аграгарадка паўплывала на самаразвіццё і сацыялізацыю навучэнцаў, дзе  поспех кожнага навучэнца — гэта ўзыходжанне па лесвіцы дасягненняў, дзе кожны поспех заўважаны і адзначаны.

 

Іна Лебядзевіч, класны кіраўнік 10 класа Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы  

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *