Урок здароўя ў Бераставічанскім клубе-бібліятэцы

Лента новостей

Як захаваць сваё здароўе? Як пражыць доўга без цяжкіх хвароб і дарагіх лекаў? У чым сакрэт даўгалецця? Такія пытанні на тэму здаровага ладу жыцця абмяркоўваліся на чарговым пасяджэнні аматарскага аб’яднання “Суседзі” Бераставічанскага клуба-бібліятэкі.

Назва “Суседзі” была дадзена аб’яднанню нездарма. У вёсцы Бераставічаны жывуць амаль адны пажылыя. Паміж імі на працягу доўгіх гадоў склаліся цёплыя добрасуседскія адносіны. Вяскоўцы любяць сустракацца ў клубе. На пасджэннях аматарскага аб’яднання заўсёды пануе атмасфера шчырасці, добразычлівасці, сяброўства.
Так было і цяпер. Тэма сустрэчы, а, дакладней, урока здароўя “Сакрэт даўгалецця”, аказалася цікавай для гасцей. Кожны з прысутных выказваўся наконт таго, што, па іх меркаванні, садзейнічае добраму здароўю і даўгалеццю. Дзяліліся вопытам з уласнага жыцця. Напрыклад, адзін з самых пажылых вяскоўцаў Васіль Сцяпанавіч Каваленя, якому 92 гады, думае, што доўгаму жыццю яго спрыяла работа на свежым паветры (Васіль Сцяпанавіч працаваў пастухом), язда на веласіпедзе, пастаянны рух і клопаты па гаспадарцы. Анастасія Сцяпанаўна Сцепанюк, якой 86 гадоў, адзначыла, што ўсё сваё жыццё ходзіць пехатою з Бераста-вічан у Бераставіцу. І лічыць, што менавіта гэта дапамагае ёй у жыцці. А яшчэ – у далёкія гады дзяцінства і юнацтва, ды і потым—яе сям’я заўсёды ўжывала простую сялянскую ежу. І гэта звычка есці нямнога і проста захавалася ў жанчыны і цяпер. Зінаіда Іосіфаўна Тоўкач, якой 81 год, мяркуе, што не дае чалавеку расслабіцца фізічная праца. Зінаіда Іосіфаўна гэта добра ведае, таму што ўсё жыццё працавала на ферме даяркай, ды і цяпер трымае хатнюю жывёлу. Елізавета Ігнацьеўна Мазюк і Аляксандр Пятровіч Дзешка, а таксама Валянціна Васільеўна Спасюк і Соф’я Антонаўна Рубель (з Калінінграда) лічаць, што галоўнае для здароўя—гэта прыемныя эмоцыі, пазітыўны настрой, добразычлівасць, аптымізм. А Зоя Мікітаўна Дылец адзначыла яшчэ і імкненне да стварэння прыгажосці, да творчасці. Яна—руплівая гаспадыня, любіць корпацца ў агародзе, вырошчвае пакаёвыя кветкі і ў гэтым знаходзіць асалоду.
Дачнікі ж, якія аблюбавалі нашу вёсачку, лічаць, што тут, мусіць, нейкае асаб-лівае паветра, якое вельмі спрыяе адпачынку, дае сілу і энергію. Дарэчы, адна з прыязджаючых на лета ў бацькоўскую хату дачніц, Клаўдзія Аляксандраўна Нікан—доктар з Мінска. Яна вельмі граматна, даходліва і цікава пазнаёміла прысутных з тымі фактарамі, якія ўплываюць на здароўе з медыцынскага пункту гледжання.
Удзельнікі аматарскага аб’яднання вялі размову таксама і пра лекавыя расліны і нават частаваліся чаем з чабару, мяты, ліпавага цвету, календулы. Акрамя гэтага, для гасцей сустрэчы была прапанавана кніжная выстава па прафілактыцы і лячэнні розных захворванняў. Вяскоўцы з задавальненнем і карысцю правялі свой вольны час, атрымалі зарад бадзёрасці і добрага настрою, нават паспявалі ў завяршэнні вечара. А для пажылых людзей такія моманты ў жыцці вельмі важныя.
Вера Акуліч,
загадчыца Бераставічанскага
клуба-бібліятэкі



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *