На справаздачна-выбарчых сходах у “пярвічках” раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” размова вялася зацікаўленая і канкрэтная

Лента новостей

У “пярвічках” раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” ідуць справаздачна-выбарчыя сходы. У Алекшыцкім, Эйсмантаўскім, Канюхоўскім, Макаравецкім і Пагранічным сельскіх Саветах сустрэчы і зацікаўленыя гутаркі на іх ужо адбыліся. У жніўні сходы завяршацца ўсюды. А сёння я цікаўлюся ў старшыні раённай арганізацыі ГА “БелТІ” Ларысы Аляксандраўны Дудар, як прайшлі яны ў вышэйпералічаных “пярвічках”, што хвалюе, непакоіць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія пытанні яны ўздымалі. Час няпросты, а якраз інваліды заўсёды найбольш безабаронныя перад жыццёвымі цяжкасцямі. Невыпадкова дзяржава, мясцовая ўлада вырашэнню праблем менавіта гэтай катэгорыі насельніцтва надаюць асаблівую ўвагу.

Ведаеце, ужо тое, як аднесліся ў мясцовых сельскагаспадарчых кааператывах і сельскіх Саветах да самой арганізацыі справаздачна-выбарчых сходаў, прыемна кранула, — кажа Ларыса Аляксандраўна. –У разгары жніво, на вёсцы гэта вельмі гарачая пара, але кіраўнікі СВК знайшлі магчымасць выдзеліць аўтобусы, каб падвезці інвалідаў у мясцовыя Дамы культуры, арганізаваць для іх “салодкія сталы”. На сходы прыйшлі старшыні сельскіх Саветаў, ідэалагічныя работнікі сельгаскааператываў, прысутнічалі і супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва.
— Наколькі ведаю, размова на гэтых сустрэчах ішла зацікаўленая, канкрэтная. І не толькі пра тое, чым жылі ў справаздачны перыяд “пярвічкі”, але ўздымаліся і шматлікія пытанні.
— Гэта так. І сёння праз газету я хацела б адказаць на большасць гэтых пытанняў, паколькі наконт кожнага вяла канкрэтную гутарку з адказнымі службовымі асобамі.
Да прыкладу, членаў нашай арганізацыі цікавіла,як можна ўладкавацца, у адпаведнасці са станам свайго здароўя, на працу. У многіх пенсія невысокая, і прыработак, хай сабе і невялікі, быў бы дарэчы. Вось што патлумачыла намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Я.Я.Скрундзеўская. Інваліду неабходна звярнуцца да свайго ўчастковага тэрапеўта, а ён накіруе на камісію МРЭК. Менавіта гэтая камісія і дасць даведку наконт таго, якія работы інвалід зможа выконваць.
На сходзе ў аграгарадку Масаляны выказвалася такая просьба. Аўтобус на ўнутрыраённым маршруце прыязджае сюды двойчы на тыдзень. Але, па-першае, гэтага недастаткова, бо да ўрача ў райцэнтр ёсць неабходнасць з’ездзіць і часцей. Па-другое, казалі члены “пярвічкі”, з Масалянаў аўтобус адпраўляецца раніцай вельмі рана, у шэсць гадзін. У такі час, асабліва зімой, хвораму чалавеку няпроста выбрацца ў дарогу. Ды і ў Вялікай Бераставіцы, прыехаўшы сюды так рана, у сем гадзін, няма чаго рабіць.
— Сітуацыя можа змяніцца?
— Я гутарыла наконт гэтага з дырэктарам філіяла “Аўтамабільны парк № 18” Эдуардам Іванавічам Янкевічам. Ён уважліва выслухаў і, на мой погляд, вельмі слушна паставіўся да просьбы інвалідаў. Сказаў, што пытанне аб тым, каб аўтобус заходзіў у Масаляны яшчэ адзін дзень на тыдні, будзе разглядвацца. Паспрабуе кіраўніцтва філіяла ўзгадніць з зацікаўленымі службамі і графік рэйсаў.
Калі ўжо гаворым пра транспартнае абслугоўванне, то ўспомню тут і яшчэ адно пытанне. Людзей цікавіла, ці паедуць яны сёлета на экскурсію. Дык вось, аўтобус, як сказаў Эдуард Іванавіч, для такой паездкі прадпрыемства прадаставіць. Плануем у пачатку жніўня паехаць у Жыровічы, грошы для гэтага выдзелены з абласнога бюджэту.
— Якія яшчэ пытанні ўздымаліся?
— У Эйсмантаўскім сельскім Савеце, у прыватнасці, гаворка ішла пра тое, што цяпер чамусьці ў аўтамагазінах, якія прыязджаюць у аддаленыя вёскі, недастаткова шырокі асартымент мясных вырабаў, пранамсі, каўбас. У асноўным прывозяцца дарагія, а танных стала яўна менш. А яшчэ людзі выказвалі пажаданне, каб цэннікі на тавары былі напісаны большымі лічбамі. Ды і вагі каб ставілі бліжэй да пакупнікоў. Бо ўсе яны, лічы, людзі ўжо пажылыя, зрок маюць кепскі і добра не бачаць, якія цэны, якія паказанні на вагах…
Я гутарыла з дырэктарам філіяла аблспажыўтаварыства В.У.Парманчук. Яна таксама слушна аднеслася да пажаданняў пажылых вяскоўцаў, сказала, што яны будуць улічаны. Што ж датычыцца каўбас, то патлумачыла: ад філіяла тут мала што залежыць. “Мы таксама зацікаўлены ў тым, каб паболей прадаваць каўбас, якія карыстаюцца лепшым попытам, — заўважыла дырэктар. — У гэтым сэнсе поўнасцю можам разлічваць толькі на мясцовы каўбасны цэх. А вось Слонімскі мясакамбінат, які сёння завозіць сваю прадукцыю толькі адзін раз у два тыдні, а таксама Гродзенскі і Лідскі зменшылі пастаўку якраз танных каўбас. Спадзяемся, на кароткі тэрмін.
— Наколькі ведаю, цяпер узнікла праблема і з забеспячэннем палівам. Не ўздымаліся наконт гэтага пытанні?
— Уздымаліся, бо праблема сапраўды ёсць: чэргі ў сельскіх Саветах пабольшалі, выпіска брыкету прыпынена. У чым прычына, я высвятляла ў дырэктара райпалівазбыту В.Ч. Заміроўскага. І даведалася, што торфабрыкетны завод у Верцялішках цяпер на рамонце, а паліва ў раён пастаўляецца з двух заводаў Лідскага раёна: “Дзітва” і “Лідскі”. Пры гэтым, асноўныя пастаўкі – з “Лідскага”, па папярэдняй аплаце, але і адтуль, і з “Дзітвы” брыкету пастаўляецца намнога менш, чым мы чакаем. Таму і павялічыліся чэргі, паліва не атрымалі людзі, якія аплацілі яго кошт яшчэ вясной. У прыватнасці, у Макаравецкім сельскім Савеце на чарзе толькі інвалідаў 25 чалавек, у Пархімаўцах – 22. Але сітуацыя, сказаў Віктар Часлававіч, карэнным чынам мяняецца, да канца ліпеня “прыйдзе” 200 тон брыкету, яшчэ 260 тон – у жніўні.
Інваліды, падкрэсліў мой субяседнік, будуць забяспечаны брыкетам у першую чаргу. Так што хвалявацца – не варта. Тым больш, што з 1 па 6 жніўня выпіска брыкету будзе адноўлена. Дровы ж можна выпісаць і сёння, яны будуць завезены.
— Для інвалідаў кошт паліва – льготны?
— Вядома. Калі чалавек жыве адзін – 50-працэнтная скідка.
— Што яшчэ хвалюе інвалідаў на вёсцы?
— Напрыклад, абкошванне падворкаў. Лета мокрае, трава расце хутка. І людзі пыталіся, ці ёсць сярод мноства разавых паслуг па сацыяльна нізкіх цэнах, якія прапаноўвае Тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва, такая, як абкошванне падворкаў. Вось што сказала мне дырэктар гэтага Цэнтра А.М. Кузьмянкова: “ Такая паслуга ўжо прапаноўваецца. Але пакуль што да нас звярталіся толькі жыхары райцэнтра. Уласна кажучы, мы яшчэ вывучаем попыт на гэтую паслугу. Калі высветліцца, што яна досыць запатрабаваная, то закупім неабходны для касьбы інвентар”.
— Дзякую за гутарку, Ларыса Аляксандраўна.
І яшчэ адно пытанне не магу ў нашай размове пакінуць без увагі. Пенсіянерку з Плябанаўцаў хвалюе, чаму не атрымала адзіначасовай матэрыяльнай дапамогі, якую, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у ліпені атрымалі ўсе непрацуючыя пенсіянеры, пенсія ў якіх меней чым 686 тысяч 520 рублёў.
Я высвятляла наконт гэтага пытання ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Вядучы спецыяліст аддзела пенсій і дапамог С.М. Дзегцяроў запэўніў, што ўсе непрацуючыя пенсіянеры, якім належыць такая дапамога і якія не атрымалі яе ў ліпені, абавязкова атрымаюць у жніўні.
Марыя ДРАПЕЗА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *