Дзень Незалежнасці — сімвал міру, згоды і надзеі

Актуально

 

Дзень Незалежнасці—галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці і для многіх беларусаў—сімвал адзінства і агульнай веры ў краіну, якая сёння з’яўляецца стабільнай і мірнай. Гэты дзень нагадвае нам пра багатую гераічную гісторыю, пра тое, якой цаной нашы дзяды і прадзеды  здабылі Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. І выклікае гордасць за тое, што ў дастаткова кароткі тэрмін Беларусь змагла стаць на ногі і сёння дынамічна развіваецца. Для ўсіх нас 3 ліпеня стала ўвасабленнем  міру, згоды, свабоды і надзей на светлую будучыню беларускага народа.
Святкаванне Дня Незалежнасці пачалося ў г.п.В.Бераставіца з урачыстага мітынгу ля   помніка воіну – вызваліцелю. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, ветэраны вайны і працы, моладзь і школьнікі.
Каля Вечнага агню мемарыяла Славы была арганізавана ганаровая варта піянераў і воінаў-пагранічнікаў, што надавала мерапрыемству асаблівую ўрачыстасць. А стужкі колераў дзяржаўнай сімволікі на вопратцы ветэранаў   выглядалі на фоне ордэнскіх планак, баявых і юбілейных медалёў як узнагарода ад пакаленняў дзяцей, унукаў і праўнукаў за самаадданасць і подзвіг дзеля заўтрашняга дня. У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь яны,              удзельнікі вайны, прымалі шчырыя словы ўдзячнасці  за свае баявыя заслугі і за працоўныя дасягненні на карысць Бацькаўшчыны.
Ад імя раённага Савета дэпутатаў, раённага выканаўчага камітэта  бераставічан  павіншаваў са святам старшыня райсавета дэпутатаў Міхаіл Віктаравіч Пісарык. Ён адзначыў, што беларускі народ ніколі не стаў  бы незалежным, калі б   не  ўзняўся  на  абарону  Радзімы ў гады Вялікай       Айчыннай вайны і не вызваліў  разам з брацкімі народамі родную зямлю ад нямецка-фашысцкіх   захопнікаў. Патрыятызм тых далёкіх вогненных часоў і сёння дае духоўныя арыенціры, пераканаўча вучыць нас, з каго браць прыклад, як адстойваць свае прынцыпы, народныя векавыя традыцыі. Працягваючы справу старэйшага пакалення, краіна ўпэўнена ідзе абраным шляхам, будуе моцную і квітнеючую                 Беларусь.
Таксама Міхаіл Віктаравіч уручыў ветэрану вайны і працы Мікалаю Якаўлевічу Мешчані Падзячны ліст Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за асабісты ўклад у аднаўленне і развіццё  аграпрапрамысловай вытворчасці  і ў сувязі з 65-годдзем            Вялікай Перамогі.
Потым слова для віншавання было дадзена намесніку раённага ваеннага камісара маёру Валер’яну Уладзіміравічу Сяргееву. Ён падкрэсліў, што Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь з кожным годам нарошчваюць сваю ваенную моц і гатовы выканаць любую баявую задачу, якую паставяць наш народ і краіна.
Ад імя маладога пакалення Бераставіччыны са словамі вялікай удзячнасці і пашаны да ветэранаў звярнулася начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Алена Уладзіміраўна Ігнатовіч.  Яна пажадала ім моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму.
Па традыцыі бераставічане ўшанавалі памяць тых, хто загінуў, вызваляючы родны край ад ворагу, мінутай маўчання. А потым пад урачыста-жалобную музыку і салют вайскоўцаў прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскасці ўсклалі вянкі і кветкі да Вечнага агню і помніка воіну-вызваліцелю.
Святочная праграма, прысвечаная Дню Незалежнасці, прадоўжылася ў гарадскім скверы. Тут, на сцэне летняга амфітэатра, адбыўся вялікі святочны канцэрт пад назвай “Квітней, Беларусь!”, падрыхтаваны работнікамі ўстаноў культуры раёна і ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці. У канцэртнай праграме, умоўна падзеленай на разнастайныя тэматычныя блокі, прагучалі патрыятычныя песні, народныя, эстрадныя, дзіцячыя. Выступалі народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” і вакальна-інструментальны ансамбль раённага Дома культуры,  народны ансамбль польскай песні Макараўскага Дома нацыянальных культур “Стокроткі” (на здымку), работнікі культуры раёна Ангеліна Гуліна, Уладзімір Макар, Алег Зайцаў, Юрый Заяц, Маргарыта Каспшак, Таццяна Алексяюк, Збігнеў Эйсмант, Сяргей Казак, Ірына Салавей, Ларыса Савель, удзельнікі мастацкай самадзейнасці Андрэй Аруткін, Кацярына Ганчарова,  Марына Міндо, Антон Бажко, Ігар Імангуілаў, юныя наведвальніцы вакальнай студыі РДК “Салавейкі” Насця Барэль, Карына Качанава, Надзея Рыгосік, Караліна Казімірчык. Вядучыя – удзельнік мастацкай самадзейнасці Аляксандр Клімко і рэжысёр РМЦ НТ Ангеліна Гуліна.
Спартыўная частка свята была прадстаўлена паказальнымі выступленнямі навучэнцаў коннага аддзялення дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзаў і таварыскім футбольным матчам паміж зборнымі камандамі Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў, які, дарэчы, завяршыўся з лікам 5:1 на карысць бераставічан.
На працягу ўсяго свята ў гарадскім скверы працавалі     гандлёвыя кропкі, была  наладжана бяспройгрышная латарэя і выстава вырабаў народных умельцаў  Бераставіцкага Дома рамёстваў. Маленькія жыхары пасёлка не адыходзілі ад дзіцячых  атракцыёнаў  і  ларкоў з “салодкай ватай” і паветранымі шарамі. А ўвечары ўсіх бераставічан чакала святочная дыскатэка на адкрытай пляцоўцы амфітэатра.
Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *