Сакрэт поспеху – гаспадарчы падыход, руплівыя рукі

Лента новостей

— Я не згодзен, што нельга паспяхова працаваць ў невялікай гаспадарцы. Асабіста я супраць непрадуманых аб’яднанняў.  Мы бачылі розныя далучэнні,  і што асаблівага яны далі? Ці дапамагло гэта атрымаць выдатныя вынікі? А РУСП “Масаляны” займае годнае месца ў сельскагаспадарчай вытворчасці раёна. Калектыў працуе стабільна з года ў год. Паглядзіце на нашы паказчыкі. І ў земляробстве, і ў жывёлагадоўлі ў нас ёсць за што пахваліць людзей, адзначыць іх уклад у агульную справу, — гаворыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце РУСП “Масаляны” Уладзімір Вайцюк і мае рацыю. Сам ён таксама  не адно дзесяцігоддзе аддаў працы ў аграрным сектары. Таму і турботы, і радасць ад зробленага дружным калектывам ведае не “понаслышке”. Пагаварыць з ім было вельмі цікава. Ён камунікабельны і добразычлівы чалавек, а галоўнае, па-сапраўднаму зацікаўлены ў развіцці  роднай гаспадаркі, таму і карыстаецца шчырай павагай сярод людзей.
Турбуе Уладзіміра Аляксандравіча, а таксама працаўнікоў РУСП “Масаляны”,  як і ўсіх аграрыяў у гарачую пару жніва, як убраць у такое дажджлівае надвор’е вырашчаны багаты ўраджай. А ён сёлета тут на дзіва. У полі роўны каласок да каласка, з буйным прыгожым зернем, налітым сілай. Вока радуецца такой прыгажосці! Поле, як залатое мора, пад ласкавым ветрыкам. Любуюцца ім і вяскоўцы, і гараджане, якія прыехалі на летні адпачынак на малую радзіму.
Парадаваў людзей і азімы рапс. Ураджайнасць гэтай запатрабаванай культуры ў РУСП “Масаляны” – 39 цэнтнераў з гектара, найвышэйшая ў раёне, а сярэдняя па Береставіччыне – 16,9. Урадзіла азімая пшаніца –  пад 70 цэнтнераў з гектара, у мінулым годзе была 45.
—Як вы гэтага дабіліся? – пацікавілася я.
— Укладвалі шмат, — з задаволенай усмешкай раскрывае сакрэт поспеху Уладзімір Вайцюк. – Захоўвалі сучасныя тэхналогіі раслінаводства, добра даглядалі пасевы, таму і аддача ёсць.
Загадзя падрыхтаваліся тут і да жніва. У РУСП “Масаляны” на ўборцы збожжавых і зернебабовых у гэтым сезоне працуюць 5 камбайнаў, адзін з якіх імпартны “Лексіён-580”. А два новых “Палессе КЗС -1218” купілі нядаўна. Камбайнеры задаволены тэхнікай. Убраць трэба нямала – 248 гектараў азімай пшаніцы, 78 яравой, 82 яравога ячменю, 20 грэчкі і іншае.
— Каб хаця тыдзень сонечнага надвор’я, — гаворыць галоўны аграном Сяргей Калеснік. – Мы б знялі добры ўраджай.
На тое, што дажджы перастануць ісці так часта, спадзяюцца зараз усе аграрыі. У РУСП “Масаляны” адзін зернесушыльны комплекс, польскі “М-819”, які эксплуатуецца ўжо больш за 20 гадоў. Рыхтавалі яго да работы галоўны энергетык Сяргей Анохін з брыгадай. А збожжа ў гэтым годзе больш вільготнае, чым у мінулым. Днём бывае 18%, летась  было 16%.  За якасцю работ сочыць аграном-насеннявод Аляксандр Гурчанка. Узводзіцца фундамент пад новую айчынную сушылку, на ёй можна будзе сушыць кукурузу.
Для камбайнераў у гаспадарцы створаны добрыя ўмовы працы. Смачныя абеды і вячэры ім гатуюць повар Таццяна Панцэвіч  і яе памочнік Валянціна Гузюк. На развозцы працуе Надзея Анохіна.
Калі дзень сонечны, намалоты рэкордныя. Напрыклад, 24 ліпеня камбайнер Аляксандр Іваноўскі намалаціў 185 тон, а ўсе разам больш за 600. Дзяржзаказ на азімую пшаніцу ў гэтым годзе 700 тон. Здалі ўжо больш за палову. Стараюцца і вадзіцелі на адвозцы – Мікалай Ясюля, Андрэй Летка, Анатоль Канеўскі, родныя браты Ігар і Дзмітрый Каровіны.
На здымку: у РУСП “Масаляны” ганарацца сваімі  камбайнерамі: Аляксандрам Іваноўскім, Іванам Антановічам, Юрыем Калютам, Аляксандрам Максімікам, Аляксандрам Якімовічам, Аляксандрам Калеснікам, Андрэем Пракопчыкам, Анатолем Анішчыкам, Аляксандрам Кіку.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *