Малабераставіцкія школьнікі адправіліся ў пешую экскурсію па малой радзіме

Год малой родины Образование

Адным з накірункаў выхаваўчай работы па фарміраванні нацыянальнай свядомасці і грамадзянскай пазіцыі, вывучэнні гісторыі свайго роднага краю, малой радзімы з’яўляецца арганізацыя і правядзенне экскурсій. У рамках правядзення тыдня “Музей і дзеці” мы вырашылі з класам пачаць работу ў гэтым накірунку з самага блізкага маршруту і правялі 19 кастрычніка класную гадзіну – падарожжа “Пехатою па малой радзіме”.

Пачалася класная гадзіна ў народным гісторыка-краязнаўчым музеі “Вытокі”  з 15-мінутнага прагляду відэафільма пра гісторыю ўзнікнення нашай вёскі. Вучні даведаліся, што малая радзіма, на якой яны пражываюць, ужо вядома з 1516 года. Першым уладальнікам Малой Бераставіцы быў стараста навадворскі Іван Карп (паж каралевы Барбары Радзівіл). Наша малая радзіма ў 16 ст. называлася Федзькаўцы Бераставіцкія, у 17-18 стагоддзях — Бераставіца Драўляная, а з другой паловы 18 стагоддзя ўпамінаецца як Малая Бераставіца.

Затым мы адправіліся  на пешую экскурсію па аграгарадку. Першы прыпынак зрабілі каля будынка “старой” школы. Спачатку тут размяшчалася народнае вучылішча. У пасляваенны час будынак быў дабудаваны, і тут да 1978 года была сярэдняя школа.

Амаль насупраць “старой ”школы знаходзіцца касцёл Святога Антонія Падуанскага, які быў закладзены 30 верасня 1851 г. Фундатарам касцёла з атынкаванай цэглы ў стылі класіцызму былі  апошнія ўладальнікі Малой Бераставіцы прадстаўнікі роду Ваўкавіцкіх.

Ідзём далей. Перад намі помнік архітэктуры — будынак царквы Святога Дзмітрыя Салунскага. Першапачаткова гэта была драўляная царква. Мураваны будынак царквы быў асвечаны ў кастрычніку 1866 года. Першым святаром царквы быў Сымон Анацэвіч, бацька знакамітага беларускага  гісторыка, педагога, архівіста, прафесара Віленскага ўніверсітэта Ігната Анацэвіча. На тэрыторыі царквы стаіць  помнік,  пастаўлены ў памяць аб нашым земляку, патрыярху беларускай гістарыяграфіі Ігнату Сымонавічу Анацэвічу і  яго родных. За  час 150 — гадовага існавання праваслаўны храм не прыцярпеў значных змяненняў. Ён дзейнічаў як у часы нямецкай акупацыі, так і ў савецкі перыяд.

Рухаемся далей. Скіроўваем на вуліцу Цэнтральную. Праходзім крыху наперад і спыняемся каля старога будынка – гэта рэшткі былога маёнтка Ваўкавіцкіх. Перад будынкам некалі быў разбіты парк. Цепер тут пабудаваны дамы. Частка пабудоў маёнтка была знішчана агнём у 1987 годзе. Праходзім далей па вуліцы Цэнтральнай. З левага боку ад нас знаходзяцца два возеры. А крыху далей размяшчаецца будынак крухмальнага завода (1912), пабудаваны прадстаўнікамі роду Ваўкавіцкіх. Калісьці тут быў басейн, а цяпер працуе філіял па культурна-дасугавай дзейнасці. А яшчэ тут знаходзіцца лазня.

Напрыканцы экскурсіі мы зайшлі паглядзець на рэшткі каменнай аркі, якая была пабудавана Ваўкавіцкімі, што знаходзіцца недалёка ад аднаго з азёр. Тут можна ўбачыць толькі фрагменты  каменнай пабудовы, якія зацягнуты імхом. Дзеці з цікавасцю разглядалі гэтыя рэшткі, спрабавалі адшукаць знакі тых часоў на каменні і прапанавалі знайсці час, каб зноў вярнуцца сюды і паспрабавць адшукаць якія-небудзь артэфакты мінулага.

Дзелячыся ўражаннямі аб тым, што гісторыя іх малой радзімы вельмі цікавая, што малабераставіцкая зямля багатая  цікавымі пабудовамі, дзеці, задаволеныя і шчаслівыя, разыходзіліся дадому. Я слухала іх выказванні, усміхалася і была задаволена, што раблю неабходную і патрэбную справа – далучаю навучэнцаў да вывучэння сваёй роднай мясціны, роднага кутка,  даю магчымасць глыбей дакрануцца да гістрачнага мінулага малой радзімы.    

Жанна Козел, класны кіраўнік 6 класа Малабераставіцкай СШ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *