Узнагароджана ордэнам Маці

Актуально Лента новостей

У госці да Наталлі Віктараўны Якоўчык з вёскі Паплаўцы мы завіталі разам са старшыней Бераставіцкага сельсавета В.К.Дзікевіч. Нагода была самая што ні ёсць важная – Вера Канстанцінаўна прывезла гаспадыні, нарадзіўшай і выхаваўшай пецярых дзяцей, заслужаную ўзнагароду – ордэн Маці.

На парозе дома нас сустрэла крыху ўзрушаная маладая і прыгожая жанчына, нават не верылася, што яна ўжо мае пяцёра дзетак. Але ўсе сумненні развеяліся, калі мы зайшлі ў дом і пазнаёміліся з малодшым пакаленнем Якоўчыкаў: Максімам, Ірынай, Ягорам, Захарам і Ільюшай. Старэйшы з іх, Максім, у гэтым годзе закончыў на “выдатна” НПК “Паплаўскі дзіцячы сад – базавую школу” і збіраецца паступаць у Ваўкавыскі педагагічны каледж, добра вучыцца і ўжо шасцікласніца Ірына, Ягор у верасні толькі распачне школьную навуку, а чатырохгадовы Захар і Ільюша, якому праз пару дзён спаўняецца тры гадкі, ходзяць у дзіцячы сад.

Наталля Віктараўна разам з мужам працуе ў СВК “Малабераставіцкі элітгас”: яна — лабарантам – малаказборшчыкам, а Алег Анатольевіч – інжынерам-электрыкам. Гаспадарка выдзеліла мнагадзетнай сям’і добраўпарадкаваны дом, ёсць прысядзібны ўчастак. Якоўчыкі трымаюць уласную гаспадарку, што таксама з’яўляецца добрым падспор’ем для вялікай сям’і.

На пытанне: ці не цяжка выхоўваць столькі дзяцей? Наталля Віктараўна адказвае, што і яна, і муж заўсёды хацелі многа дзяцей, вялікую і дружную сям’ю, таму ніколі не ўспрымаюць дзяцей як цяжар. Ды і дзеці ў іх спакойныя, паслухмяныя і працавітыя, старэйшыя заўсёды дапамогуць па гаспадарцы, прыгледзяць за малодшымі.

“Дзеці – мая радасць і шчасце, — кажа Наталля Віктараўна, — я імі вельмі ганаруся і зраблю ўсё, каб яны выраслі годнымі людзьмі”.

Ордэн Маці мнагадзетная жанчына прыняла з хваляваннем, з цікавасцю сачылі за ўрачыстым момантам дзеці, адчувалася, што яны вельмі ганарацца сваёй матуляй. На жаль, Алег Анатольевіч знаходзіўся ў гэты час на працы і не змог далучыцца да сваіх блізкіх, прыняць і раздзяліць з імі віншаванні з такой прыемнай падзеяй.

Нядаўна атрымалі ордэн Маці яшчэ дзве жыхаркі Бераставіцкага раёна: Аксана Барысаўна Кавальчук з Вялікай Бераставіцы і Ганна Эдвардаўна Мілянкевіч з вёскі Ігнатавічы Макараўскага сельсавета. Разам з ордэнам жанчыны атрымалі ад дзяржавы прэмію ў памеры 5-разовага бюджэта пражытачнага мінімума.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *