Тыдзень біялогіі ў Пархімаўским яслях-садзе-базавай школе

Образование

Біялогія — важнае звяно ў агульнай сістэме адукацыі, якая накіравана не толькі на авалоданне навучэнцамі ведамі аб жывой прыродзе, але і на фарміраванне цэласнай карціны свету, на выхаванне і фарміраванне здаровага ладу жыцця і экалагічна пісьменных людзей. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае арганізацыя пазакласнай і пазаўрочнай дзейнасці, правядзенне прадметных тыдняў. Напярэдадні тыдня біялогіі ў нашай школе адбылося пасяджэнне вучнёўскага актыва, на якім былі заслуханы і абмеркаваны прапановы і пажаданні навучэнцаў. Былі распрацаваны завочныя конкурсы. Старасты класаў кожны дзень атрымлівалі заданні конкурсаў і размяркоўвалі іх сярод аднакласнікаў. Кожны мог выбраць заданне ў адпаведнасці з інтарэсамі і праявіць свае здольнасці.

Для стварэння атмасферы тыдня навучэнцы падрыхтавалі выказванні знакамітых людзей пра прыроду і біялогію на аркушах каляровай паперы ў форме лістоў дрэў і змясцілі іх на дзверы вучэбных кабінетаў.

У мерапрыемствах тыдня прымалі ўдзел і юныя аматары прыроды — навучэнцы пятага класа, якія яшчэ не вывучаюць біялогію, але іх цікавіць гэтая загадкавая навука. Адбылося знаёмства пяцікласнікаў з такой незвычайнай для іх прыладай, як мікраскоп. Яшчэ да пачатку вывучэння біялогіі навучэнцам хочацца зазірнуць у мікрасвет прыроды і разгадаць яе дзівосы.

Афарміцельскія і рэдактарскія задаткі спатрэбіліся навучэнцам для падрыхтоўкі памятак па прафілактыцы захворванняў. Выступіць у ролі піяршчыка навучэнцы змаглі на прэзентацыі памятак, падчас якой яны рэкламавалі свае парады іншым навучэнцам.

Удзел у віктарыне “Пытанні са скрыні” патрабаваў эрудыцыі. Для гэтага конкурса была падрыхтавана скрыня з надрукаванымі на асобных паперках пытаннямі па біялогіі. Навучэнцы выцягвалі пытанні, запісвалі адказы на іх і змяшчалі ў другую, апячатаную скрыню. Па завяршэнні тыдня скрыня была расчынена і падведзены вынікі.

Паспаборнічаць у кемлівасці навучэнцы змаглі прыняўшы ўдзел у конкурсе прыродазнаўчых рэбусаў, які заключаўся ў тым, што кожны клас атрымаў набор рэбусаў, якія трэба было разгадаць за тры дні.

Завяршыўся тыдзень суботнім мерапрыемствам “Раслінны свет вёскі Пархімаўцы” ў форме віртуальнага падарожжа, якое праходзіла па станцыях “Легенды пра кветкі”, “Алфавіт”, “Дрэвы”, “Чацвёрты лішні”, “Адгадай загадкі”, “Прыродная аптэка”.

На лінейцы, прысвечанай закрыццю тыдня, былі падведзены вынікі, адзначаны пераможцы конкурсаў і актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў.

Алена Хілюта, настаўнік біялогіі і хіміі Пархімаўскага ясляў-сада-базавай школы

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *