Прэзентавалі бераставіцкі строй

Культура

Прэзентацыя бераставіцкага строю, пра аднаўленне якога нядаўна вялася размова на старонках “раёнкі”, адбылася 21 верасня на раённым семінары загадчыкаў філіялаў па культурна-дасугавай дзейнасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Работнікі культуры абмеркавалі асаблівасці жаночага і мужчынскага касцюмаў, пазнаёміліся з нюансамі праведзенай пошукавай работы. 

Адкрыццё семінара адбылося ў Доме рамёстваў. З прывітальным словам да яго ўдзельнікаў звярнулася дырэктар Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Місюля. Алена Аляксандраўна выказала падзяку ўсім нераўнадушным да справы аднаўлення бераставіцкага строю людзям, і, асабліва, метадысту па фальклору і этнаграфіі Леаніду Панасевічу, які прыклаў значныя намаганні ў пошуках элементаў адзення, характэрных для Бераставіччыны.
Леанід Міхайлавіч, у сваю чаргу, расказаў калегам аб працэсе, які папярэднічаў шыццю традыцыйнага адзення, засяродзіў іх увагу на асаблівасцях строю, характэрнага для Панямоння, пазнаёміў з выдадзеным напярэдадні альбомам, які ўтрымлівае апісанне элементаў знойдзенай вопраткі, і прэзентаваў бераставіцкія жаночы і мужчынскі касцюмы, якія ўдалося аднавіць. Прычым, вопратка была прадстаўлена не на манекенах, а на людзях: работнікі культуры прымералі яе на сябе і паспрабавалі ўвасобіць у рэальнасці вобразы тагачасных жыхароў нашай мясцовасці.
Гарсэт, пасталы, намітка, шабета… Словы, згадзіцеся, знаёмыя далёка не ўсім. Аднак гэта даўнія назвы беларускай сялянскай вопраткі і аксесуараў. Спецыялісты аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры правялі для ўдзельнікаў семінара віктарыну-апытальнік на веданне элементаў беларускага строю. Дык вось, гарсэт, ці па-іншаму кабат – гэта адзежына ў выглядзе безрукаўкі. Пасталы – старадаўні абутак з суцэльнага кавалка скуры. Намітка – жаночы галаўны ўбор у выглядзе белага льнянога ручніка даўжынёю каля чатырох метраў. Шабета – скураны кашалёк на раменьчыку праз левае плячо як дапаўненне да адзення. Трэба адзначыць, што дзеля падтрымання тэматыкі семінара яго ўдзельнікі завіталі на сустрэчу ў беларускім нацыянальным строі. А каб захаваць гэты каларыт, арганізатары прадугледзелі адным з пунктаў плана тэматычную фотасесію, пляцоўку для якой – сядзібу “Дваранскае гняздо” – прадставіў яе ўладальнік Павел Палтарак.
Семінар, дарэчы, быў выязны. І далей яго ўдзельнікаў чакаў майстар-клас па завязванні хустак ад мастацкага кіраўніка філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы Валянціны Шыш. Як насілі хусткі нашы прабабулі? З якой тканіны іх выраблялі? Некаторыя факты пра гэты распаўсюджаны жаночы галаўны ўбор сталі для прысутных сапраўдным адкрыццём. Прыкладам жа пераемнасці пакаленняў у справе захавання народнай спадчыны паслужыла выступленне мясцовага фальклорнага калектыву “Вясёлая бяседачка” і яго салісткі Святланы Гражынскай.
Гасцінна і цёпла сустрэла ўдзельнікаў семінара аддаленая і невялічкая вёска Пыхоўчыцы. Гэта сапраўдная глыбінка. Аднак дзякуючы функцыянаванню сельскага клуба сацыяльна-культурных паслуг на чале з Ромай Іванаўнай Пальяноўскай, жыццё тут не заціхае. Самабытныя, энергічныя, творчыя жанчыны з гэтай і суседніх вёсак збіраюцца ў клубе на шматлікія мерапрыемствы, на пасяджэнні аматарскага аб’яднання “Прамень” і рэпетыцыі аднайменнага фальклорнага гурта. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, яны з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі канцэртаў у Алекшыцах і Вялікай Бераставіцы. Іх жыццялюбству можна толькі пазайздросціць. У гэтым у чарговы раз упэўніліся ўдзельнікі семінара падчас сустрэчы з актывістамі мясцовага аматарскага аб’яднання і яго кіраўніком Ромай Іванаўнай, а таксама з намеснікам старшыні РСУП “Алекшыцы” па ідэалагічнай рабоце Ганнай Міхаленка, якая прысутнічала на семінары. Ганна Іосіфаўна заўсёды падтрымлівае пачынанні і ініцыятывы кіраўніка клуба, удзельнічае ў мерапрыемствах, якія тут ладзяць.
– Гэтыя жанчыны – асобы вельмі творчыя і энергічныя, – адзначыла Ганна Іосіфаўна. – Яны выдатныя пявунні і рукадзельніцы, адмысловыя гаспадыні. Яны прыклад таго, як у сталым узросце можна захоўваць маладосць і ўзнёсласць душы.
У Пыхоўчыцкім сельскім клубе сацыяльна-культурных паслуг адбылося знаёмства ўдзельнікаў семінара з экспанатамі вясковага побыту, якія выстаўлены ў мясцовым этнакутку, а таксама падвядзенне вынікаў. Была адзначана важная роля адноўленага бераставіцкага строю як кампанента матэрыяльнай культурнай спадчыны нашай мясцовасці.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *