Мы помнім пра подзвіг герояў

Лента новостей

Кожны год 16 ліпеня мы ўшаноў-ваем памяць тых салдат Вялікай Айчыннай вайны, якія цаной свайго жыцця вызвалілі наш родны пасёлак і раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прозвішчы тых, хто застаўся ляжаць у бераставіцкай зямлі, залатымі літарамі напісаны на мемарыяльных плі-тах помнікаў загінуўшым у гады вайны і заўсёды будуць жыць у нашых сэрцах. На жаль, большасць з іх застаюцца невядомымі. Напрыклад, у брацкай магіле па вул. Чкалава ў райцэнтры пахаваны 491 салдат, прозвішчы ўстаноўлены толькі ў 180 з іх. Дарэчы, восенню мінулага года мемарыял па гэтай вуліцы прадстаў перад жыхарамі пасёлка абноўленым і прыгожым пасля сур’ёзнай рэканструкцыі. І тое, што помнікі ў раёне заўсёды прыбраныя і дагледжаныя, яшчэ адно сведчанне нашых нераўнадушных, трапяткіх адносін да тых суровых дзён ваеннага ліхалецця.

Увогуле ж, у баях за вызваленне раёна загінулі звыш 800 салдат. Вось якія гістарычныя звесткі аб такіх далёкіх ужо ліпеньскіх падзеях захоўвае раённая кніга “Памяць”. Расказвае яе рэдактар-складальнік, мясцовы краязнаўца, метадыст па захаванні гістрыка-культурнай спадчыны РМЦ НТ Мікалай Іванавіч Пацэнка:
— Часці 40-га стралковага корпуса пад камандаваннем генерал-маёра В.С.Кузняцова раніцай 14 ліпеня ўварваліся ў Ваўкавыск і пасля цяжкіх вулічных баёў авалодалі ім. Заняцце Ваўкавыска мела выключна важнае значэнне для развіцця наступальных дзеянняў войскаў 2-га Беларускага фронту, якія набліжаліся да Бераставіцы. Пераадольваючы моцнае супраціўленне праціўніка і адбіваючы яго лютыя контратакі, воіны 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі 15 ліпеня з ходу фарсіравалі раку Рось і, прайшоўшы за суткі звыш 30 кіламетраў, падышлі да Вялікай Бераставіцы, але авалодаць ёй не змаглі. Гітлераўцы здолелі падцягнуць рэзервы і ўпарта абараняліся. Некалькі разоў савецкія воіны кідаліся ў атаку і кожны раз вымушаны былі адыходзіць пад моцным агнём праціўніка, несучы вялікія страты. У крытычны момант бою ва ўвесь рост падняўся маёр Лебядзінскі і павёў за сабой гвардзейцаў, якія ў жорсткай атацы 16 ліпеня выбілі гітлераўцаў з гарадскога пасёлка. Лебядзінскі ў тым баю загінуў смерцю героя, ён пахаваны ў брацкай магіле ў Вялікай Бераставіцы. Савецкія воіны выйшлі на ўсходні бераг р.Свіслач, вызваліўшы такім чынам большую частку Бераставіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.
Тады, у ліпені 1944 года, па тэрыторыі нашага раёна праходзіла многа самых розных воінскіх падраздзяленняў. Нашы населеныя пункты ўпамінаюцца ў баявых данясеннях аж дзесяці стралковых дывізій. Вялікая і цана, якой заплачана за вызваленне бераставіцкай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, за наша мірнае і квітнеючае сённяшняе жыццё. Мы помнім пра подзвіг герояў, ён застанецца назаўсёды ў памяці народнай.
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *