У Бераставіцкай раённай бібліятэцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу летняга чытання

Лента новостей

Лета праляцела імгненна, а разам з ім у філіяле “Дзіцячая бібліятэка” Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М. Кавалеўскага завяршылася конкурсная праграма летняга чытання “Сонейка на кніжнай старонцы”, якая праводзілася ў рамках рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай” і прысвячалася Году малой радзімы.

Хто ж з юных чытачоў гарпасёлка стаў пераможцам сёлетняга конкурсу? Бібліятэкары філіяла падвялі вынікі конкурснай праграмы, ацанілі прадугледжаныя яе ўмовамі самаробныя дзіцячыя вырабы і вылучылі ў пераможцы вучаніцу чацвёртага класа Юлію Навакач, другакласніка Ігара Ярмоленку, а таксама шасцікласніцу Ірыну Лабовіч, дарэчы, пастаянную ўдзельніцу конкурсу і сапраўдную аматарку чытання. Загадчыца філіяла Аксана Кумпель уручыла школьнікам, якія з ранніх гадоў сябруюць з кнігай, цікавыя маляўнічыя энцыклапедыі і салодкія пачастункі.
Дарэчы, конкурс летняга чытання – гэта толькі адно з шэрагу мерапрыемстваў, праведзеных супрацоўнікамі дзіцячай бібліятэкі на школьных канікулах. Летам традыцыйна актывізуецца супрацоўніцтва бібліятэкі з аздараўленчым лагерам “Бераставіцкі”, прышкольным лагерам “Дружба” Вялікабераставіцкай сярэдняй школы і сёлета ўпершыню – з летнім аздараўленчым лагерам “Вясёлка”, які арганізаваны пры Бераставіцкім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. У гасцях у Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М. Кавалеўскага на экскурсіі, прысвечанай Году малой радзімы, пабывалі таксама наведвальнікі прышкольнага лагера Кватарскага ясляў-саду-базавай школы.
Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *