У Музеі Вавёркі дзейнічае персанальная фотавыстава нашага земляка Мікалая Гулінскага пад назвай “Птушкі вакол нас”

Год малой родины

Яго здымкі можна бачыць у часопісах “Родная прырода”, “Лесавічок” і “Рюкзачок”, у друкаваных творах беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Ягоўдзіка і Алеся Бадака, іншых выданнях. А яшчэ – ў Музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы. Менавіта там цяпер дзейнічае персанальная фотавыстава Мікалая Гулінскага пад назвай “Птушкі вакол нас”, а ў мінулую пятніцу, 10 жніўня, адбылася сустрэча з яе аўтарам, дарэчы нашым земляком. Мікалай Іванавіч расказаў пра тое, як узнікла гэта яго захапленне, падзяліўся сакрэтамі фотапалявання і запэўніў усіх прысутных, што жыццё на пенсіі толькі пачынаецца. 

  Узяцца за фотакамеру дапамог выпадак

Сёння, у век разнастайных гаджэтаў і лічбавай тэхнікі, напэўна толькі лянівы не фатаграфуе. Аднак і непрафесійным вокам відаць, што для таго, каб зрабіць здымкі, прадстаўленыя на выставе, адной толькі тэхнікі мала. Цікавы ракурс, буйны план – птушка на фота нібы жывая, здаецца, вось-вось   і ўзнімецца з палатна. Колькі ж часу трэба патраціць, каб блізка падабрацца да асцярожных птушак у пошуку трапнага ракурсу, як стаць непрыкметным, каб не спужаць іх? Ці апраўдана доўгае чаканне ў хованках і засадах, часта ў нязручных умовах?

– Займацца гэтым можна, калі ёсць цікавасць, захопленасць і, безумоўна, вытрымка, – расказвае Мікалай Іванавіч, сёння адзін з самых тытулаваных бёрдвотчараў, ці назіральнікаў за птушкамі, на Гродзеншчыне. – Аднак задавальненне ад удалага фотапалявання атрымліваеш невыказнае. Пра тое, што гэта справа так захопіць мяне і не здагадваўся, паколькі да выхаду на пенсію ніколі не браў у рукі фотаружжо.

Нарадзіўся Мікалай Гулінскі ў вёсцы Хмеліска. Дзесяць гадоў вучыўся ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе, потым у чыгуначным інстытуце, па размеркаванні трапіў у Ліду інжынерам. Затым была школа КДБ і работа ў Магілёве. На пенсію выйшаў палкоўнікам.  

– Я задумаўся: а што я буду рабіць на пенсіі? – успамінае Мікалай Іванавіч. –   Хоць і вырас у вёсцы, да дачных спраў мяне асабліва не цягнула.  Дапамог выпадак. У Беларусі аб’яўляўся конкурс пад назвай «Беркут». Неабходна было знайсці жылыя гнёзды драпежных птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Я знайшоў гняздо малога арляца – дарэчы, тут у Бераставіцы, за ставамі – прадставіў матэрыялы на конкурс і стаў адным з яго лаўрэатаў. Падчас удзелу ў конкурсе пазнаёміўся з гродзенскімі арнітолагамі, фотапаляўнічымі, убачыў іх апантанасць і таксама загарэўся ідэяй здымаць птушак. Многія знаёмыя глядзелі на мяне са здзіўленнем: “Навошта, дзядуля, гэта табе патрэбна?” Але фотапаляванне на птушак так мяне захапіла, што і да гэтага часу яшчэ здымаю, хаця мне ўжо 80 гадоў.

Любімая справа і актыўнасць – залог здароўя і даўгалецця 

Ніколі не дала б Мікалаю Іванавічу 80 гадоў. Падцягнуты, хударлявы, энергічны. Напэўна ж, любімы занятак і паходы ў прыроду прыдаюць гэтаму чалавеку сілу і бадзёрасць. Дарэчы, так лічыць і Зміцер Вінчэўскі, намеснік старшыні савету Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, з якім Мікалай Гулінскі часта вандруе па Гродзеншчыне ў пошуках рэдкіх птушак.

– Мікалай Іванавіч – чалавек надзвычай актыўны і малады душой, – гаворыць Дзмітрый Вінчэўскі, які таксама прысутнічаў на сустрэчы, паколькі выстава праводзіцца пад эгідай грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. –  Ён са сваёй фотакамерай – пастаянны спадарожнік нашых навуковых экспедыцый. На выставе прадстаўлена фатаграфічная спадчына за апошнія 20 гадоў. Пра кожны здымак можна расказваць асобна і шмат. Я скажу так. Ёсць навукоўцы-біёлагі, вывучаць прыроду – гэта іх праца, яны за гэта атрымліваюць грошы. А ёсць натуралісты, якія трацяць свой час, свае грошы і свае магчымасці для таго, каб атрымаць задавальненне ад сустрэч з прыродай, ад вывучэння яе. І ёсць яшчэ трэцяя катэгорыя –  гэта фатографы-анімалісты. Яны не толькі ўмеюць бачыць цікавыя моманты, але і умеюць паказаць гэта іншым. Гэты дар спалучае ў сябе і Мікалай Іванавіч. Ён і натураліст, і фатограф-анімаліст, унікальныя здымкі рэдкіх птушак і птушак-чырвонакніжніц якога будуць даступны ўвазе бераставічан на працягу месяца.

І ў Хмеліска можна назіраць за птушкамі 

Амаль усе здымкі фотавыставы знятыя на Гродзеншчыне. Некалькі з іх  зроблены ў Бераставіцкім раёне.

– Напрыклад, чаротніца сфатаграфавана за маім домам у Хмеліска, на сажалцы, – расказвае Мікалай Іванавіч. – Звычайная гага – пад Старынцамі. Гэтая паўночная птушка ў нас не гняздуецца, нейкім ветрам яе сюды занесла. За ставамі жыве малы арлец. Ёсць здымак птушынага насельніцтва грайнаўскіх балот. Увогуле, назіраць за птушкамі можна ўсюды. А ў Хмеліска жывуць салаўі, чорныя і пявучыя дразды, шчыглы і шмат іншых…

Мікалай Гулінскі разам са сваімі  траюраднымі сёстрамі і прыхільніцамі яго фотасправы Тамарай Ветрагонавай і Нінай Пухоўскай з Магілева.

Як лічыць аўтар выставы, самае цікавае ў яго справе – гэта даведвацца пра штосьці новае, нават пра вядомую птушку, не гаворачы ўжо пра тое, што здараецца знайсці новы для Гродзеншчыны від. – Да майго захаплення я мог назваць 20-30 відаў птушак, – працягвае свой аповед Мікалай Іванавіч. – А на сённяшні дзень, – я, праўда, спецыяльна не лічыў – сфатаграфаў больш за сто відаў птушак.

Яшчэ нямала пытанняў задалі фатографу госці, якія сабраліся на сустрэчу. Мікалай Іванавіч жа адзначыў, што выстава ў Вялікай Бераставіцы для яго адметная, паколькі праходзіць на малой радзіме.

Святлана Ганчарова, фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *