Малабераставіцкія школьнікі падарожнічалі па родных мясцінах

Год малой родины Образование

Малая радзіма… Што значыць гэтае слова для кожнага чалавека? Вядома, у першую чаргу, месца, дзе ён нарадзіўся, адчуў цеплыню бацькоўскіх рук, вымавіў першыя словы, пайшоў у школу…  Здаецца, пражыўшы некалькі гадоў на адным месцы, ведаеш усё навокал. Але, на самой справе, гэта не так.

Штогод вучні Малабераставіцкай сярэдняй школы з вялікім нецярпеннем і жаданнем чакаюць летніх канікул, каб наведаць аздараўленчы палатачны лагер «Краяведы», які мае турыстычна-краязнаўчы профіль. Менавіта тут створаны ўсе ўмовы каб не толькі выдатна адпачыць, але і даведацца шмат новага, а часам і аднавіць свае веды, аб родным краі – малой радзіме. Сёлета праграма выхаваўчай работы лагера была накіравана на рэалізацыю рэспубліканскай акцыі «Малая радзіма: эстафета карысных спраў».

Аграгарадок Малая Бераставіца – невялікі населены пункт, але ў ім цесна пераклікаецца гісторыя і сучаснасць. Гэта з задавальненнем паказалі вучні ў ходзе правядзення квэст-гульні  «Прагулка па родным аграгарадку». Прагулка мела вельмі важную мэту – ушанаваць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Выхаванцы лагера лічаць гэта сваім пачэсным абавязкам.  

«Няма лепшай вадзіцы, як з малабераставіцкай крыніцы», – сцвярджае кожны, хто зведаў яе смак. Але і крыніца радуецца, калі людзі адносяцца да яе з павагай. У ходзе экалагічнай акцыі пад назвай «Жыві, крынічка!» вучні прыбралі ад смецця тэрыторыю вакол крынічкі, за што крынічка напаіла дзяцей чыстай студзёнай вадой.

Непадалёку ад аграгарадка Малая Бераставіца, у чатырох кіламетрах, знаходзіцца невялікая вёсачка Муравана, у якой размяшчаецца сядзібна-паркавы комплекс «Бераставіца-Муравана», апошнім уладальнікам якога да 1939 гада быў Багдан Солтан. Аб гэтым гістарычным месцы вучні ведалі з інфармацыі экскурсаводаў народнага гісторыка-краязнаўчага музея «Вытокі», у якім створаны раздзел, прысвечаны сядзібна-паркаваму комплексу «Бераставіца-Муравана». А вось здзейсніць пешы паход у знакамітае месца і адчуць подых гісторыі выхаванцам лагера давялося ўпершыню.

Турыстычная дзейнасць у лагеры не абмяжоўваецца наведваннем і вывучэннем толькі мясцовых краявідаў.  Сёлета мы пабывалі на экскурсіі ў  г. Гродна ў доме-музеі Максіма Багдановіча. Экскурсавод музея паведаміла, што музей быў адкрыты ў 1986 годзе да 90-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча –  класіка і паэта еўрапейскага маштабу. Стваральнікам і першым дырэктарам музея была пісьменніца Данута Бічэль-Загнетава. У гэтым доме сям’я жыла з 1892 па 1896 гг. З вялікай цікавасцю і спачуваннем вучні слухалі, як экскурсавод расказвала аб цяжкім жыцці сям’і; на некалькі хвілін заглянулі ў кожны пакой: гасцёўню, пакой маці, дзіцячы пакой і кабінет бацькі. Кожны экспанат выклікаў пэўную зацікаўленасць у вучняў. Асабліва дзецям спадабаўся дзіцячы пакой. Тут ёсць усё неабходнае для забаў і вучобы дзяцей: дзіцячы ложак з цацкамі, крэсла-гушкалка, любімая цацка маленькага Максіма – мішка Васенька, пісьмовы стол з неабходнымі рэчамі. У ходзе экскурсіі для вучняў быў праведзены музейны інтэрактыўны занятак. Экскурсавод прапанавала вучням дастаць з закрытымі вачыма прадмет з чароўнай торбачкі і здагадацца, як ён называецца і для чаго прызначаны.  Гульня  вельмі спадабалася дзецям і захапіла іх.

Пасля наведвання г.Гродна мы накіраваліся яшчэ ў адзін маляўнічы куточак Гродзеншчыны – Аўгустоўскі канал. Вучні даведаліся што, Аўгустоўскі канал – выдатнае гідратэхнічнае збудаванне ХІХ стагоддзя, адзін з буйнейшых каналаў Еўропы,  у свеце існуе толькі тры падобных каналы: Каледонскі ў Вялікабрытаніі, канал Гота ў Швецыі і Аўгустоўскі, размешчаны на тэрыторыі Польшчы і Беларусі. Сёння Аўгустоўскі канал з’яўляецца выдатным месцам для актыўнага адпачынку. Чароўная прыгажосць прыроды вабіць сюды шмат турыстаў. Цудоўны адпачынак атрымалі і выхаванцы нашага лагера: пакаталіся на катамаранах, на арэлях, папялёскаліся ў вадзе, паназіралі за шлюзаваннем. Уздоўж канала размешчаны абарончыя доты часоў Вялікай Айчыннай вайны («лінія Молатава») і фарты Гродзенскай крэпасці, уключаныя ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Пры вяртанні дамоў мы наведалі ў адзін з дотаў.

  

Цікавым і насычаным было жыццё ў аздараўленчым лагеры, што дазволіла дзецям умацаваць здароўе, зрабіць шмат карысных спраў  і атрымаць незабыўныя ўражанні ад сумеснага адпачынку.              

 Вікторыя Кісялеўская, дырэктар аздараўленчага  лагера «Краяведы»  

                                                             



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *