Ці лёгка быць маладым?

Лента новостей

Старэйшае пакаленне часта наракае: ах, гэтая моладзь! Вопыту і навыкаў не мае, а гатова рызыкаваць, імкнецца да нязведанага…
Але без сумнення можна сказаць, што бадай кожны сталы і вопытны чалавек ахвотна абмяняў бы ўсе свае здабыткі на гады бесклапотнай, як цяпер ужо здаецца, маладосці, якую, на жаль, назад не вярнуць.
А як адчуваюць сябе ў сучасным свеце самі маладыя людзі? Ці лёгка ім быць маладымі? – з гэтым пытаннем я звярнулася да юнакоў і дзяўчат райцэнтра.

Дар’я Галавач, выпускніца Вялікабераставіцкай СШ, 17 гадоў:
— Вядома, маладосць – цудоўная пара. Але б я не назвала яе лёгкай. Для мяне гэта вельмі адказны час. Трэба вызначыцца з будучай прафесіяй, выбраць сваю жыццёвую дарогу. І вельмі важна не памыліцца ў сваім выбары. Пакуль мы былі дома, усе праблемы дапамагалі вырашаць бацькі, а пачаўшы самастойнае жыццё, прыйдзецца больш разлічваць на свае ўласныя сілы. Складаным выпрабаваннем сталі выпускныя экзамены, цэнтралізаванае тэсціраванне, наперадзе яшчэ паступленне ў вуз.  Добра, што ўсе гэтыя выпрабаванні дапамагаюць пераадолець юнацкі запал, энергія і вера ў лепшае будучае.

Дзмітрый Кунец, навучэнец Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, 18 гадоў:
— Я лічу, што маладым быць лёгка. Арганізм яшчэ здаровы і моцны, поўны сіл і энергіі, праблем асаблівых няма, жывеш і радуешся жыццю. Аптымізму і пазітыву ў маладых людзей хапае, дастаткова і магчымасцей рэалізаваць сябе ў розных сферах дзейнасці. Галоўнае – глядзець у будучыню з аптымізмам і не баяцца перашкод, пры жаданні яны ўсе пераадольваюцца.

Юлія Касяк, старшы дзяржаўны падатковы інспектар, 21 год:
— Маладым быць здорава! Здаецца, што ўсё можаш, усё рэалізуеш, усяго даб’-ешся. Калі ты малады, не баішся чагосьці не паспець, бо ўсё яшчэ наперадзе.
У той жа час ты ўжо сам нясеш адказнасць за свае дзеянні, і з кожным годам слоў “павінен” становіцца больш, чым “можаш”. Трэба імкнуцца заняць сваё месца ў жыцці, стварыць сям’ю, наладзіць быт. І тады пачынаеш разумець, што і ў маладых таксама абмежаваны магчымасці і рэсурсы, і не ўсё, што хацелася б, ты можаш сабе дазволіць.

Дзмітрый Канецкі, майстар вытворчага навучання Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, 20 гадоў:
— Быць маладым і лёгка, і цяжка адначасова. З аднаго боку, маладосць – самы галоўны плюс. Пакуль ты не жанаты, пакуль ні за каго не нясеш адказнасць, а толькі за сябе – то быць маладым, у прынцыпе, лёгка. Але калі пачынаеш думаць аб тым, каб пабудаваць свой дом, стварыць сям’ю, забяспечыць ёй нармальнае матэрыяльнае становішча, то разумееш, што маладому чалавеку без падтрымкі гэта вельмі цяжка зрабіць.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *