Ураджэнец Бераставіцкага раёна Іван Карпуць: беларускі акадэмік і ганаровы прафесар Калумбійскага і Кембрыджскага ўніверсітэтаў

Год малой родины Общество Человек и его дело

Бераставіччына багата на таленавітых людзей, якія жывуць на сваёй малой радзіме. Адны з іх маюць ганаровыя званні “заслужаны” або з’яўляюцца лаўрэатамі прэстыжных прэмій, другія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР і Рэспублікі Беларусь, аб іх пісалі ці пішуць у газетах. А вось аб тых, хто жыве ці жыў за межамі Бераставіччыны, мы ведаем вельмі мала або і зусім нічога. Таму вельмі дарэчы будзе ў Год малой Радзімы пазнаёміць чытачоў газеты з гэтымі людзьмі, якія праславілі наш край, сваю краіну.

Сёння мы раскажам пра Івана Матвеевіча Карпуця, ураджэнца вёскі Даўбянкі, навукоўца, які мае многа вучоных тытулаў і ганаровых званняў. Ён акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь; доктар ветэрынарных навук, прарэктар па навуковай дзейнасці, прафесар Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» Акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Лаўрэат прэміі Нацыянальнай Акадэміі Республікі Беларусь, ганаровы прафесар і член навуковага Саветаў Кембрыджскага (Англія) і Калумбійскага (ЗША) ўніверсітэтаў.
Мне давялося некалькі разоў гутарыць з Іванам Матвеевічам і па тэлефоне, і ў час асабістых сустрэч у 1995-1998 гадах, калі я разам з іншымі збіраў матэрыялы для кнігі «Памяць». Ён расказваў, што ў 1953 годзе з Пахвальнай граматай скончыў 7 класаў Пархімаўскай сямігадовай школы. І ўжо тады перад ім стаў выбар: што рабіць далей?
— У мяне з дзяцінства было задумана набыць прафесію лекара жывёлы, — расказваў Іван Матвеевіч. — І гэтаму спрыяла многае. Калі мне было крыху больш за 10 гадкоў, дзесьці ў канцы 1940-ых гадоў, у нас раптоўна «прапала» карова. Як потым высветлілася, яна праглынула цвік. А гэта быў пасляваенны час, яна карміла і паіла нашу сям’ю. Я добра памятаю, як горка плакала тады мая мама Ганна Антонаўна і як цяжка перажываў гэтую напасць мой бацька Матвей Аляксеевіч. Вось тады і захацелася мне быць «жывёльным» доктарам, я ўжо потым даведаўся, што іх называюць «ветэрынарамі». Пасля заканчэння Пархімаўскай сямігодкі збіраўся паступаць у Ваўкавыскі ветэрынарны тэхнікум. Але бацькі не адпусцілі мяне ў Выўкавыск. Пайшоў у 8-ы клас Малабераставіцкай сярэдняй школы.
Іванава аднакласніца Людміла Паўлаўна Нашкевіч з Малой Бераставіцы ўспамінае:
— Ваня жвавы быў хлопец і здатны да навукі. Ён прыйшоў у 8-ы клас пасля Пархімаўскай сямігодкі. У нас ужо быў зладжаны калектыў. І хто прыходзіў да нас з Алекшыцкай і Пархімаўскай сямігодак, мы, асабліва хлопцы, сустракалі «навічкоў» насцярожана. Але Іван хутка падружыўся з нашымі аднакласнікамі. Памятаю, ён у 10-ым класе ўжо быў вельмі сімпатычным і зухаватым юнаком, і многія мае аднакласніцы на яго заглядваліся. Яму лёгка даваліся ўсе прадметы, неаднаразова я з ім ездзіла на раённыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Наш фізрук Уладзімір Паўлавіч Прыбыльскі заўсёды быў задаволены нашымі вынікамі. А дырэктар школы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Емяльян Пятровіч Міронаў, які выкладаў у нас гісторыю, заўсёды даручаў яму рыхтаваць палітінфармацыю, бо Іван добра разбіраўся ў палітыцы і быў начытаным. Емельян Пятровіч агітаваў Ваню паступаць на гістарычны факультэт, але ён выбраў іншую прафесію.
Брат Івана Матвеевіча Аляксей, які працаваў загадчыкам фермы ў Даўбянках, расказвае:
— Я малодшы за Івана на шэсць гадоў. Мне добра помніцца, што ў нашай хаце, асабліва зімой, быў сапраўдны заапарк (жывы куток). Тут заўсёды хтосьці жыў: ці зайчык з пакалечанай ножкай, а побач сінічка і верабей з адмарожанай лапкай, а то і варона з пашкоджаным крылом. І ўсіх іх лячыў Іван: то змазваў нейкай маззю пакалечаныя месцы, то бінтаваў іх. Зімой у нашым двары вісела некалькі кармушак. У іх мы з братам лажылі і свой акрайчык хлеба, і маленькі кавалачак сала, якія давалі бацькі нам у школу. Тады ж дзяцей у школе не кармілі… Так вось мы і падкармлівалі нашых пярнатых, дзяліліся з імі сваімі абедамі.
… Цудоўныя летнія вечары на Бераставіччыне. Асабліва прыгожыя яны на берагах рэчкі Шэпты, што працякае праз Малую Бераставіцу. У зарасніках на яе берагах і ў маі, і ў жніўні шчабечуць птушкі: камусьці адлічвае гады зязюлька, заліваюцца, быццам бы жадаючы шчасця ўсім закаханым, салаўі. Запомніліся тыя вечары і Івану Карпуцю, бо гэта яны былі апошнімі на бераставіцкай зямлі: з мілай аднакласніцай на вясковых танцах, і той першы і апошні развітальны пацалунак перад ад’ездам у далёкі Віцебск. Бацькі ўгаворвалі адумацца, паступаць у Гродзенскі медыцынскі ці селькагаспадарчы. З сярэбраным, як і з залатым медалём, туды прымалі без экзаменаў. І галоўным аргументам у бацькоў было тое, што Гродна недалёка, не тое, што Віцебск. У Гродна і калгасныя машыны «ходзяць», можна і бульбы падкінуць, і агародніны якой. Ды і з Гродна прыехаць можна кожны тыдзень.
Але ўсё было дарэмна. Іван характарам пайшоў у бацьку: што надумаў, таго і будзе дабівацца.
Як адзначалася раней, ён скончыў школу з сярэбраным медалём, таму яго прынялі ў Віцебскі ветэрынарны інстытут без экзаменаў. Асільваць спецыяльнасць ветэрынара прыйшлося нялёгка. Але дапамагала вясковая працавітасць, юнацкая ўпартасць ды і школьны багаж ведаў быў неблагі. З дому асаблівай дапамогі чакаць не прыходзілася, бо ў 1956-1960 гадах у калгасах за працу налічваліся працадні (ці як іх яшчэ называлі “палачкі”), за якія атрымлівалі заробак толькі ў канцы года. Таму прыйшлося налягаць на вучобу “основательно”. У выніку амаль на ўсіх курсах Іван атрымліваў павышаную стыпендыю, а ў апошнія два гады — нават “ленінскую”, гэта амаль ў 2 разы болей, чым звычайная. А летам першыя два гады працаваў у калгасе, а потым зарабляў грошы ў студэнцкіх будаўнічых атрадах.
У 1961 годзе І.М. Карпуць з “чырвоным” дыпломам скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут. У студэнцкія гады займаўся навуковай працай, таму Івану прапанавалі паступаць у аспірантуру. Але куратар іх групы, вядомы навуковец А.С. Калінін па-таварыску папярэдзіў: “Спачатку, чым займацца навукай, трэба папрацаваць у калгасе, памацаць ветэрынарную медыцыну рукамі. А ўжо потым займацца навукай”. Гэтая парада прафесара дапамагла Івану Матвеевічу потым выбраць у навуцы тыя накірункі, якія ён ужо спасціг на практыцы.
Тры гады працаваў Іван у саўгасе “Скідзельскі”: спачатку ўрачом, а потым галоўным ветэрынарным урачом усёй гаспадаркі. Прыгадзіўся і тут бацькаў характар. Ён навучыўся адстойваць сваю пазіцыю, што ў той час рабіць было таксама нялёгка. Працаваць прыходзілася з усходу сонца да яго заходу. Ветэрынарнага доктара часта і ноччу па трывозе падымалі: то праблемы на саўгасных фермах, то ў людскіх асабістых гаспадарках. А працоўны ты­дзень тады быў не 5, а 6 дзён. Значыцца рабочай была і субота, а часцяком — і нядзеля. Летам толькі і радасці было: пазагараць на берагах мясцовай рэчкі Котра. Тут і сустрэў “скідзельскі” ветэрынар прыгажуню Лідзію з блакітнымі колеру валошкі вачыма, якая працавала тэхнолагам на мясцовым Скідзельскім цукровым заводзе. Пажаніліся, нарадзілі сына, атрымалі добрую кватэру ў Скідзелі. Усё можа было б і добра, але з Віцебска напаміналі: яго чакаюць у аспірантуры ветэрынарнага інстытута.
У 1964 годзе І.М. Карпуць паступіў у аспірантуру, якую закончыў у 1967 годзе. У гэтым жа годзе (што бывае не часта) абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1974 годзе — і доктарскую, атрымаўшы навуковую ступень “доктара ветэрынарных навук”. У той час у 36 гадоў гэта быў самы малады “доктар” у тагачаснай Беларусі.
І.М. Карпуць працаваў загадчыкам кафедры, прарэктарам па навуковай рабоце таго ж інстытута, які ў 1990-ыя гады быў перайменаваны ў акадэмію. У 1992 годзе выбраны членам-карэспандэнтам Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, а ў 2003 годзе — і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Наш зямляк апублікаваў 600 навуковых работ і 20 кніг, у тым ліку 4 падручнікі для студэнтаў ветэрынарных факультэтаў. Яны неаднарозава выдаваліся ў Беларусі, Расіі, ва Украіне. Ён — аўтар многіх вынаходніцтваў, сярод якіх і медыцынскія прэпараты, і мікрадабаўкі, якія шырока прымяняюцца і ў сучаснай жывёлагадоўлі. Яму была прысуджана прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за адкрыццё новых прэпаратаў для лячэння сельскагаспадарчых жывёл. Навуковы часопіс “Весці” Акадэміі навук Беларусі пісаў: “И.М. Карпуть… обладал огромной работоспособностью и педагогическим талантом. Высокий научный профессионализм, честность, порядочность и интеллигентность снискали Ивану Матвеевичу заслуженный авторитет не только в научном мире Беларуси, но и среди учёных ближнего и дальнего зарубежья». У 2012 годзе І.М. Карпуця не стала.
У Віцебску вядзецца работа па ўвекавечванню памяці нашага земляка. Адной з навукова-даследчых лабараторый Віцеб­скай ветэрынарнай акадэміі пры­своена яго імя, устаноўлена імянная стыпендыя студэнтам за выдатныя поспехі ў вучобе, у навуковай дзейнасці і актыўны ўдзел ў грамадскім жыцці. Вырашаецца пытанне аб устанаўленні мемарыяльнай дошкі на доме, дзе жыў І.М. Карпуць.
Мікалай Пацэнка, навуковы супрацоўнік Музея Вавёркі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *