«У аб’ектыве – малая радзіма»: выхаванцы аздараўленчага лагера «Сонейка» вывучалі родны край

Лента новостей

Арыенцірам правядзення летняй аздараўленчай кампаніі 2018 года ў Канюхоўскім яслях-садзе – сярэдняй школе сталі мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы. Падзяліцца сваім кавалачкам шчасця, расказаць пра цудоўныя мясціны Бераставіччыны, яе працавітых, ветлівых людзей дапамог праект «У аб’ектыве – малая радзіма», які быў рэалізаваны ў аздараўленчым лагеры «Сонейка».

Праект меў на мэце азнаёміць малодшых школьнікаў з гісторыяй, культурай і прыродай малой радзімы як часткі радзімы вялікай. Асноўны прынцып праекта: ад непасрэдных уражанняў і эмоцый, якія фарміруюць пачуццё малой радзімы, да сістэматызаваных ведаў пра родны край.

На час лагернай змены дзеці ператварыліся ў вандроўцаў, даследчыкаў экспедыцыі. 18 дзён выхаванцы падарожнічалі па маршрутах «Малая радзіма – вялікая гісторыя», «Акно ў прыроду», «Сэрцам адданыя роднай зямлі», «Што ні край, то свой звычай», «Род, сям’я і Я», «Малая радзіма ад «А» да «Я». Кожны дзень жыцця ў лагеры быў насычаны разнастайнымі відамі масавай, індывідуальнай, групавой, пазнавальнай і даследча-краязнаўчай дзейнасці.

Першым стартаваў маршрут «Малая радзіма – вялікая гісторыя». Юныя даследчыкі пазнаёміліся з гістарычным мінулым свайго аграгарадка, яго славутасцямі, культурнымі і прыроднымі аб’ектамі. Дзіцячыя ўспаміны самыя яркія, цёплыя і хвалюючыя.

Падчас падарожжа па маршруце «Акно ў прыроду» члены экспедыцыі ўсвядомілі ролю чалавека ў ахове прыроды, пазнаёміліся з рэдкімі раслінамі і жывёламі малой радзімы. Выхаванцы актыўна ўключыліся ў экаквэст «Знаўцы прыроды», прынялі ўдзел у экалога-краязнаўчай экспедыцыі «За прыроду ў адказе і дарослыя, і дзеці», аформілі «Чырвоны сшытак мясцовай флоры і фауны».

Змест маршрута «Сэрцам адданыя роднай зямлі» паказаў дзецям, што асноўнае багацце нашай краіны – гэта людзі. Свая гульня “Народныя промыслы”, інтэрв’ю “Прафесія ў кадры”, майстар-клас “Бабулі і ўнучкі – залатыя ручкі”, мінута славы і прызнання “Каб жылі ў памяці героі-землякі” распавядалі пра людзей, якія сваімі добрымі справамі стваралі аграгарадку імя і вядомасць, якія пакінулі ў памяці пакаленняў свой адметны след, якія сёння пішуць яго новую гісторыю – будуюць жыллё і лечаць людзей, вучаць юнае пакаленне і аказваюць разнастайныя паслугі, сваёй працай умацоўваюць дабрабыт роднага краю і развіваюць яго культуру.

Вандруючы па маршруце «Што ні край, то свой звычай» юныя краязнаўцы заўважылі, што кожная мясцовасць мае свае адметныя асаблівасці. У адной вёсцы амаль у кожным двары стаяць студні-жураўлі, у другой гаспадынькі хваляцца распіснымі куфрамі, а ў трэцяй жыхары здзіўляюць сваёй незвычайнай гаворкай. Пазнаёміцца з самабытнасцю беларускай вёскі, адкрыць звычаі і традыцыі сваіх продкаў дзеці змаглі падчас удзелу ў фальклорным фестывалі «А ў нашай хаце свята», конкурсе «Міс беларусачка», свяце беларускай кухні «Моц смаку».

Маршрут «Род, сям’я і Я» папоўніў веды выхаванцаў пра сям’ю, свае карані, як самае дарагое, што ёсць у чалавека. Дзеці падрыхтавалі творчую прэзентацыю «Мая сям’я – мой гонар», склалі свой радавод, прынялі ўдзел у ролевай гульні «Размяркуем абавязкі ў сям’і».

Маршрут «Малая радзіма ад «А» да «Я» дазволіў абагульніць і сістэматызаваць атрыманыя ў ходзе даследча-краязнаўчай экспедыцыі веды. Падчас рэалізацыі праекта ўдзельнікам экспедыцыі прысвоены наступныя званні: «выпрабавальнік», «даследчык», «адкрывальнік». Пераканаліся, што ў кожным мястэчку ёсць багатая гісторыя, пра якую хочацца распавесці ўсім. Мы жадаем, каб нічога не знікла бясследна, каб засталася памяць пра падзеі і людзей, якія здзейснілі працоўныя і ваенныя подзвігі.

 

Таццяна Даніловіч,

дырэктар лагера «Сонейка»

Канюхоўскага-ясляў сада – сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *