Прадстаўнічыя сімвалы магдэбурскай Бераставіцы

Лента новостей Общество

У 1754 г. кароль Аўгуст ІІІ абдарыў Вялікую Бераставіцу нямецкім (магдэбургскім) правам. Прывілей быў выстаўлены на просьбы тагачаснага ўладальніка мястэчка, маршалка надворнага кароннага Ежы Аўгуста Мнішка. Паводле новых правілаў, жыхары Вялікай Бераставіцы павінны былі карыстацца ўласным гербам і пячаткай.

Па старой традыцыі каляровы ўзор гербу, надаваемага гораду, змяшчаўся ў цэнтры прывілею пасярэдзіне тэкста. Сапраўды, у тыя часы мясцовыя ўлады складалі, рэдагавалі і выдавалі вялікую колькасць грамадскіх дакументаў, таму выкарыстанне ўласнага гербу і пячаткі было неабходнасцю. Герб горада і пячатка былі прадстаўнічымі сімваламі мястэчка – менавіта на іх звярталася ўвага ў першую чаргу. А пячатка, як своеасаблівае «сэрца» дакумента, магла выконваць яшчэ і функцыю подпісу.
Як на практыцы выглядалі гэтыя важнейшыя атрыбуты бераставіцкага самакіравання? На жаль, арыгінал каралеўскага прывілею 1754 г. да нас не дайшоў. Затое ў адным з гарадзенскіх архіваў захаваўся дакумент з яго пазнейшай копіяй, на першым аркушы якога над тэкстам стаіць даволі выразны курадымны адбітак бераставіцкай пячаткі «магдэбургскіх часоў». Пячатка мае авальную форму (32x 37 мм). У цэнтры яе знаходзіцца поле (шчыт), таксама ў выглядзе авалу, на якім змешчаны герб мястэчка. Галоўным сімвалам гербу з’яўляецца вавёрка, павёрнутая да нас левым бокам, якая сядзіць на зямлі на задніх лапах з задзёртым на спіну хвастом. Зямля (трава) пад вавёркай прадстаўлена ў выглядзе звужанай да нізу конусападобнай спіралі. Фігуру звярка абрамляе картуш з характэрным барокавым арнаментам у выглядзе завіткоў. Звенчаны картуш каронай адкрытага тыпу. Пры яе дэтальным аглядзе на абручы можна налічыць пяць каштоўных камянёў у кшталце ромбаў, што адпавядае колькасці камянёў на шляхецкай кароне. Уверсе абруч мае сем флеронаў у выглядзе стылізаваных лісткоў (кветачак). Вось тут іх колькасць, чамусці, не супадае з колькасцю флеронаў шляхецкай кароны. Наўмыснасць гэта ці звычайная памылка гравёра (мастака) – адназначны адказ даць цяжка. Цікава, што ў радавым гербе Мнішкаў налічваецца столькі ж стравусіных пёраў. У рангавым класіфікатары бераставіцкая карона мае знешняе падабенства як з польскай шляхецкай, так і з асобнымі тыпамі французскіх каронаў. Па краі пячатку аточвае месцамі паднішчаны надпіс на лацінскай мове, што ў перакладзе гучыць так: «ПЯЧАТКА ГАРАДСКОЙ РАДЫ ВЯЛІКАЙ БЕРАСТАВІЦЫ». «ANNO: 1754» – дата, якая нагадвае аб тым, калі гэта пячатка і герб былі нададзены гораду.
Што датычыцца колераў гербу, то сёння пры адсутнасці арыгіналу вядомага прывілею складана рабіць нейкія грунтоўныя высновы адносна гэтага. Аднак, спасылаючыся на каларыстыку гербаў іншых гарадоў і агульныя правілы геральдыкі, можам дапусціць, што вавёрка ў бераставіцкім гербе была натуральнага (рудога) альбо чырвонага колеру з белым падбрушшам. Зямля (мурава) пад звярком хутчэй за ўсё мела зялёную афарбоўку, а вось для агульнага фону (поля), у якім змешчаны сілуэт вавёркі, падыходзяць ясна-жоўты, блакітны альбо белы (срэбны) колеры. Да прыкладу, у старадаўнім шляхецкім гербе AІCHINGER, запазычаным у 15 ст. з Нямеччыны, які мае з бераставіцкім падабенства, вавёрка падаецца ў ясна-жоўтым полі. У нашым выпадку больш актуальным з’яўляецца белы (срэбны) фон. Такое поле добра спалучаецца з абсалютнай большасцю геральдычных барваў. Калі гаварыць аб кароне, то ў геральдыцы яна прадстаўленая ў асноўным жоўтым колерам, які адпавядае колеру шляхетнага металу – золата. А вось картуш, як дадатковы элемент, выконвае ў гербе выключна аздобную ролю, таму не заўсёды мог прысутнічаць на яго выяве. Тым не менш гэтаму элементу надавалі часцей за ўсё багатую залацістую афарбоўку.
На практыцы каляровым гербам паперы завяраліся не так часта. Гэта было дорага і нязручна. Зазвычай на дакумент прастаўлялася цёмная курадымная пячатка, празваная ў народзе “вэнджанай”, узор якой мы бачым на копіі бераставіцкага прывілею. У асобных выпадках для завярэння актаў ужываўся шоўкавы шнур і спецыяльны воск (лак) з дамешкай жывіцы, алею і апаведнай барвы. Дарэчы, у тыя часы кожны магістрат абавязаны быў карыстацца шнуром і воскам толькі вызначанага колеру, а каб пазбегнуць фальшавання дакументаў на воскавай пячатцы рабілі адбітак з двух бакоў. Пячатка выкарыстоўвалася для завярэння розных пасведчанняў, судовых рашэнняў, мясцовых прывілеяў, купецкіх актаў.
Сам штэмпель, што прыціскаўся да паперы ці воску, складаўся з двух частак – металічнай (латуннай) матрыцы, гравіраванай гербам, і прадаўгаватай драўлянай ручкі (ухвата), звужанага ў сярэдзіне даўжыні.
Паходжанне вавёркі ў бераставіцкім гербе застаецца загадкай. Тут мы можам будаваць толькі ўласныя гіпотэзы і домыслы. Варта адзначыць, што ў справе распрацоўкі і надання гарадскога герба маглі прымаць удзел тры бакі – кароль, які зацверджваў гэты герб, уладальнік мястэчка (дзедзіц) і жыхары мястэчка. Але рашаючае слова ўсё ж было за дзедзіцам, асабліва калі гэта датычылася невялікіх гарадоў і мястэчак. Між іншым, асоба вавёркі сімвалізуе ашчаднасць, працавітасць, кемлівасць, асцярожнасць і прыгажосць, у той час як чырвоны колер ў геральдыцы азначае ўладу, смеласць, дзелавітасць, перамогу і вялікадушнасць.
Гарадская пячатка перадавалася новаабранаму бурмістру на спецыяльным паседжанні Гарадской Рады. Бурмістр даваў урачыстую клятву быць сумленным і адданым перад жыхарамі горада і, асабіста, перад уладальнікам мястэчка (дзедзіцам), з рук якога атрымліваў пячатку і ключы ад ратушы.
Яшчэ адным распазнаўчым сімвалам мястэчка лічылася гарадская харугва (штандар), якую абавязаны быў мець кожны пераведзены на магдэбургскія правы населены пункт. Харугва ўяўляла сабой квадратны альбо прамавугольны, замацаваны на дрэўку, кавалак палатна (аксаміту) з абавязковай выявай мясцовага гербу, часцей у суседстве з агульнадзяржаўным гербам (Пагоня, Арол). Выява гатавалася з выкарыстаннем шаўковай і металічнай нітак у адпаведнасці з правіламі геральдычнай каларыстыкі. Харугва ўрачыста асвячалася ў касцёле, пасля чаго яе перадавалі ў мясцовы магістрат (ратушу). Знаходзілася яна звычайна ў памяшканні для паседжанняў і выносілася адтуль толькі ў час значных гарадскіх і рэлігійных святаў. Безумоўна, мела ўласную гарадскую харугву і тагачасная Бераставіца, на ёй быў нанесены герб з выявай галоўнага сімвала мястэчка – вавёркі.
Сяргей Лушчык,
краязнаўца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *