Камдзіў Арлоў – наш зямляк

Год малой родины Общество

  У аграгарадку Пагранічны ёсць вуліца імя сям’і Цівунчыка- Арлова. Незвычайная назва выклікала цікавасць не толькі да гераічнай асобы Ф.М. Цівунчыка-Арлова, але і да яго сям’і. Гісторыя жыцця гэтага чалавека і яго сям’і з’явілася аб’ектам даследавання краязнаўцаў сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны. Было праведзена сацыялагічнае апытанне сярод школьнікаў і дарослага насельніцтва пасёлка. Дзіўна, але толькі адзінкі ведаюць аб гераічным мінулым нашага земляка. Асабліва цікавіць гісторыя сям’і Фёдара Міхайлавіча Цівунчыка-Арлова жыхароў вуліцы, якая носіць імя славутага земляка.

Фёдар Цівунчык нарадзіўся ў 1878 годзе ў в. Цецяроўка Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерніі. Сёння ў аграгарадку Пагранічны жыве прамы нашчадак гэтай сям’і – Лідзія Аляксандраўна Бялова (дзявочае прозвішча Цівунчык), 1934 г.н. Яна з’яўляецца прабабуляй вучаніцы 11 класа сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны Ганны Гардзейка, якая і праводзіла даследаванне. У першую чаргу цікавіла пытанне, чаму Фёдар Міхайлавіч змяніў прозвішча Цівунчык на Арлоў. А адказ на яго быў такім: нашы землі ў той час знаходзіліся пад уладай панскай Польшчы, а Фёдар абараняў заваёвы Савецкай улады, што магло пагражаць жыццю яго сям’і.
Ваенная кар’ера Фёдара пачалася ў 1899 годзе, калі ён пачаў служыць радавым у Гвардзейскім уланскім палку. Потым прымаў удзел у руска-японскай вайне, у чыне унтэр-афіцэра ўдзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Марыя Іосіфаўна, яго жонка, нарадзіла яму трох сыноў і дачку. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі былы унтэр-афіцэр стаў чырвоным камандзірам і ў снежні 1917 года яго накіравалі на Дон і Кубань устанаўліваць савецкую ўладу. Уся сям’я паехала з ім, старэйшаму Валодзю было тады ўсяго 9 гадоў. Фёдар Міхайлавіч у час Грамадзянскай вайны камандаваў ваеннымі часцямі і злучэннямі, быў саратнікам М.В. Фрунзе ў баях супраць Врангеля. За баявыя заслугі неаднойчы ўзнагароджваўся каштоўнымі падарункамі, сярод іх — залаты імянны партсігар і залатая шашка. Узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонага Сцягу. Пасля разгрому Врангеля з 1920 па 1921 гады Арлоў быў камандуючым Харкаўскай ваеннай акругі.
Потым, у 20-я гады, вялікая сям’я Арловых пераязджае ў Ленінград, паўстае пытанне аб залічэнні Фёдара Міхайлавіча ў ваенную акадэмію. Аднак у самы адказны момант далі аб сабе знаць 24 раненні і 3 кантузіі мінулых ваенных гадоў. Арлова паралізавала і з 1924 г. ён быў прыкаваны да ложка. Ніякіх надзей на выздараўленне не было. Усё ж Марыя заставіла яго паверыць у сябе і зрабіць першы крок. І здарылася немагчымае. Праз сем гадоў Фёдар Міхайлавіч устаў на ногі. У 1935 г. камдзіва зваліла чарговая хвароба – інсульт. І яшчэ тры гады ён быў прыкаваны да ложка. А ў 1938 г. яго, камандарма 2-га рангу запасу, па стану здароўя звальняюць з радоў Чырвонай Арміі.
У першы дзень вайны, 22 чэрвеня 1941 г., Фёдар Міхайлавіч пісаў наркому В.М. Молатаву і маршалу С.К. Цімашэнку: “Я, як патрыёт сваёй Радзімы, яшчэ раз прашу задаволіць просьбу. Таму што я буду нервавацца і хварэць, што не змагу аддаць сваю кроў і жыццё на разгром вераломных фашысцкіх ворагаў нашай неаб’ятнай Радзімы”. І толькі пасля доўгіх і настойлівых просьбаў Арлова залічылі ў 6-ю дывізію народнага апалчэння, дзе прызначылі камандзірам роты.
Апалчэнцы фарміруемай дывізіі адправіліся на фронт. 23 ліпеня 6-ю дывізію народнага апалчэння на Смаленшчыне сустрэў франтавы ваенкор К. Сіманаў: “Помню, што яны тады аказалі на мяне цяжкае ўражанне. Я зразумеў, што гэтыя скараспелыя ліпеньскія дывізіі былі ў тыя дні кінуты на затычку… Думаў: няўжо ў нас няма ніякіх іншых рэзерваў, акрамя вось гэтых апалчэнцаў, абы-як адзетых і амаль не ўзброеных? Адна вінтоўка на дваіх і адзін кулямёт… Яны ішлі амаль голыя па голай зямлі. …Потым я быў здзіўлены, калі даведаўся, што літаральна праз два дні гэтая дывізія была кінута на дапамогу 100-й і ўдзельнічала ў баях пад Ельняй”.
Праяўляючы гераізм і мужнасць у незвычайна цяжкіх умовах, Арлоў стаў камандаваць дывізіяй. Дывізія Арлова ўдзельнічала ў бітве за Маскву. 29 снежня 1942 г. на Вяземскім напрамку Арлоў у выніку налёту нямецкай авіяцыі атрымаў 25-ае па ліку раненне, але ўжо ў жніўні вярнуўся ў строй, і толькі ў 1946 г. быў звольнены з ваеннай службы ў званні палкоўніка. На той час яму было ўжо 68 гадоў. За баявыя заслугі камдзіў быў узнагароджаны яшчэ двума ордэнамі Чырвонага Сцягу, ордэнам Айчыннай вайны I ступені і ордэнам Леніна.
У канцы 1941 года паэт Суркоў прысвяціў 160-й стралковай дывізіі верш, у якім ёсць такія радкі: “Битвами испытанный, отважен и суров, водил полки на подвиги седой комдив Орлов…». У далейшым да гэтых вершаў была напісана музыка і ўзнікла песня “Дзяржынцы-масквічы”.
Памёр Фёдар Міхайлавіч у 1953 годзе. Яго магіла знаходзіцца на Новадзевічых могілках.
Дзеці Ф.М. Арлова пайшлі дарогай свайго бацькі. З першых дзён вайны — яны ўсе на фронце. У верасні 1941 г. сям’я панесла цяжкую страту: у баях пад Ленінградам паў смерцю храбрых старэйшы сын Уладзімір. Будучы інжынер, студэнт 4-га курсу Ленінградскага тэхнічнага інстытута, стаў дабравольцам народнага апалчэння і абараняў Ленінград.
Вялікі шлях па дарогах вайны прайшоў і Яўген Арлоў. На пачатку вайны Яўген служыў на Далёкім Усходзе. У 1942-м даведаўся аб смерці жонкі і дзяцей у блакадным Ленінградзе. І вырашыў – толькі на фронце я змагу адпомсціць ворагам. Капітан, камандзір роты супрацьтанкавай зброі за баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцягу, дзвюма ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, медалямі за ўзяцце Прагі і Берліна.
Дачка Арловых, Марыя Фёдараўна, перад вайной закончыла Ваенна-паветраную акадэмію імя Жукоўскага. Цэлы год яна ваявала ў складзе праслаўленага жаночага палку Героя Савецкага Саюза Марыны Раскавай. Іх называлі “начнымі ведзьмамі” .
Палкоўнік Васіль Арлоў камандаваў танкавым палком, затым брыгадай. Энергічны, рашучы, любімец танкістаў, ён славіўся адважнымі рэйдамі ў тыл праціўніка. За баявыя подзвігі быў узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонага Сцягу і ордэнам Суворава II ступені. Удзельнічаў у баях пад Ржэвам, на Курскай дузе, у аперацыі “Баграціён”. 28-гадовы Васіль Арлоў у 1944 г. камандаваў ужо 6-м гвардзейскім механізаваным корпусам. Яму не давялося дажыць да дня Перамогі. У сакавіку 1945 года корпус В.Ф. Арлова фарсіраваў Одэр і рваўся да Берліну. У жорсткім баі палкоўнік атрымаў смяротнае раненне і праз некалькі дзён памер. Па загадзе маршала Конева труна з целам героя была дастаўлена ў Маскву, дзе яго пахавалі на Новадзевічых могілках. Пасмяротна В.Ф. Арлову было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. За незвычайную смеласць і рашучасць, уменне тактычна весці баявыя дзеянні Васіль быў узнагароджаны амерыканскім ордэнам Ганаровага легіёну.
Цяжка перанесла сям’я гора, калі даведалася аб гібелі Уладзіміра, асабліва Марыя Іосіфаўна. Адправіўшы на фронт мужа, трох сыноў і дачку, Марыя Іосіфаўна на зберажэнні сям’і і выручаныя ад продажу каштоўнасцей і дамашніх рэчаў грошы, зрабіла заказ на будаўніцтва танка Т-34. З такой просьбай жанчына звярнулася ў Крэмль да Сталіна. Калі танк быў гатовы, патрыётка папрасіла накіраваць яго ў 6-ы гвардзейскі механізаваны корпус, дзе служыў яе малодшы сын Васіль. Камандаванню корпуса Арлова напісала: “Прыміце ад мяне, старой рускай жанчыны, у падарунак баявую машыну Т-34. Перадайце яе лепшаму экіпажу і няхай ён без жаласці граміць ворага”. У пісьме на імя Марыі Іосіфаўны танкісты экіпажа танка далі клятву апраўдаць давер і стрымалі яе. Экіпаж танка «Маці Радзіма” пад камандаваннем Кашнікава ўдзельнічаў у Верхне-Сілезскай і Берлінскай аперацыях вясной 1945 г. і знішчыў 17 варожых гармат, 9 танкаў, 18 аўтамашын і дзве роты нямецкіх салдатаў і афіцэраў. На жаль, экіпаж загінуў на подступах да Берліну.
У пасляваенныя гады танк, названы ў гонар Марыі Іосіфаўны, знаходзіўся ў боксах танкавага батальёну 81-га гвардзейскага палку. У 1965 г., у гонар 20-годдзя Перамогі, было прынята рашэнне ўстанавіць баявую машыну на пастамент на тэрыторыі палку. А М.І. Арлова з нагоды юбілею была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны I ступені.
Прыёмная дачка Васіля Ар­лова, Рэніта Грыгор’ева, стала кінарэжысёрам, у савецкія гады была вядомым сцэнарыстам, актрысай, пісьменніцай, грамад­скім дзеячам. Рэніце Андрэеўне ўдалося здзейсніць сваю мару — яна разам са сваім мужам Ю.Гры­гор’евым выпусцілі дакумен­тальны фільм “Салдаты Арловы” (1985 г.) і мастацкі фільм “Гаворыць Масква” (1986 г.). Дакументальны фільм “Салдаты Арловы” – гэта гістарычны аповед аб жыцці слаўнай сям’і Фёдара Цівунчыка-Арлова, а мастацкі – аб гераічным жыцці, каханні і гібелі Васіля Арлова.
Імя Героя Васіля Арлова высе­чана залатымі літарамі ў зале Славы Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны г. Масквы. З 2009 г. імя Васіля Фёдаравіча Арлова носіць № 237 г. Масквы.
Імем камдзіва Ф.М. Арлова названа вуліца ў Маскве.
Людміла Турок, настаўнік гісторыі сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *