“Я служыў у Брэсцкай крэпасці”

Лента новостей

У рэдакцыю прыйшоў жыхар Вялікай Бераставіцы Генрых Станіслававіч Занеўскі і прынёс фотаздымак.
— У вас з’явілася харошая рубрыка “Фотаздымак з альбома”, чытаючы газету, я заўсёды з цікавасцю спыняюся на ёй, — сказаў госць. – Бо фотаздымкі з альбомаў і расказы пра той час, калі яны былі зроблены, адкрываюць новыя грані гісторыі роднага краю, сям’і, уласнага лёсу, напамінаюць пра маладосць.
— У красавіку мы адзначылі 50-годдзе палёту першага чалавека ў космас, — працягваў Генадзь Станіслававіч. – А Дзень Перамогі святкавалі зусім нядаўна – свята радасці са слязамі на вачах, свята мужнасці і гераізму. І вось на вочы мне якраз трапіў гэты здымак з майго далёкага ўжо юнацтва. Ён і ўскалыхнуў успаміны, звязаныя з касманаўтыкай і службай у войску, якую я нёс у месцы, святым для кожнага чалавека.
… Іх, амаль дваццаць прызыўнікоў, райваенкамат накіраваў тады, у 1961-м, на вучобу ў Ваўкавыскую аўташколу. На курсы вадзіцеляў паехалі хлопцы з Вялікай Бераставіцы, вёсак Вялікія Эйсманты, Трацякі, Кордзікі, Рымуцяўцы, Каенеўцы, Мацеевічы, Канюхі, Пачобуты і інш (на здымку). Былі і юнакі з з Ваўкавыскага і Свіслацкага раёнаў – усіх – 60 чалавек, дзве навучэнцкія групы, вучыліся з 1 сакавіка па 15 чэрвеня.
— Памятаю, як хутка мы пазнаёміліся, пасябравалі, — кажа Генрых Станіслававіч. – Жылі ўсе на прыватных кватэрах. Час быў бедны, але надзвычай цікавы, рабіліся новыя адкрыцці, будаваліся гарады, заводы, грымелі прозвішчы перадавых рабочых-стаханаўцаў.
… Памятаю, ішлі заняткі, іх вёў дырэктар курсаў. І раптам яго паклікалі да тэлефона. Вярнуўшыся, дырэктар сказаў: “Савецкі чалавек паляцеў у космас! Гэта Юрый Аляксеевіч Гагарын”.
У класе спачатку павісла цішыня, а праз некалькі хвілін яна ўзарвалася нашым радасным воклікам: “Ур-а-а-а-!!!” Гэта была такая радасць! Як сёння помню той дзень, ён быў сапраўдным святам. Мы лавілі з радыёпрыёмніка кожнае слова пра палёт Гагарына. Мы ганарыліся ім, сваёй краінай.
Пасля заканчэння курсаў хлопцы пайшлі служыць у войска. Дзевяць чалавек трапілі ў Брэсцкі гарнізон, сярод іх, разам з землякамі Бронэкам Выкпішам і Жорам Пракопчыкам, быў і Генадзь Занеўскі.
— Мы служылі ў Брэсцкай крэпасці, на востраве Шпітальны, — расказвае далей мой субяседнік, — Яшчэ не так многа часу прайшло пасля вайны. І ўсё тут напамінала пра тое, якія жорсткія баі вяліся фашыстамі за крэпасць і якую гераічную абарону доўга трымаў мясцовы гарнізон. Расплаўленая ад свінцовага агню цэгла, надпісы на сценах казематаў… Усё гэта не магло не кранаць сэрца, і хацелася несці вайсковую службу так, каб не запляміць памяць загінуўшых тут абаронцаў крэпасці. На яе тэрыторыі ўжо быў музей, сюды прыязджалі на экскурсіі. Памятаю,як мы, салдаты, таксама збіралі сродкі на будаўніцтва манумента “Смага”.
На здымку Генадзь Станіслававіч – чацвёрты справа ў верхнім радзе.
— Цікава было б даведацца, як склаліся лёсы маіх землякоў-курсантаў. Таму хацелася б спадзявацца, што, убачыўшы гэты здымак у газеце, нехта з іх адгукнецца.
P.S. Адрас і тэлефон Г.С.Занеўскага ёсць у рэдакцыі.
Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *