Вучні Масалянскага ясляў-сада-пачатковай школы пабывалі на экскурсіі ў музеі «Вытокі»

Год малой родины Образование

На працягу многіх стагоддзяў у свеце выпрацавалася адно вельмі важнае паняцце, якое аднолькава значна як для аднаго чалавека, так і для цэлага народа. Гэта Радзіма.

Што такое Радзіма? У слоўніку Ожагава сказана так: «Радзіма — айчына, родная краіна. Месца нараджэння, паходжанне каго-небудзь, чаго-небудзь, ўзнікненне чаго-небудзь». Гэта месца, за якое чалавек стаіць «гарой», і не важна, якой ён нацыянальнасці, галоўнае, што ён любіць і беражэ яго.

Але ў кожнага чалавека ёсць свая малая радзіма. Гэта край, дзе мы нарадзіліся, дзе прайшло наша дзяцінства, дзе цябе памятаюць, любяць і чакаюць, куды ты заўсёды можаш вярнуцца. Для кагосьці гэта вялікія гарады, а для кагосьці – аграгарадок або маленькая вёсачка. Для многіх з нас малая радзіма — бераставіцкая зямля, са сваёй гісторыяй, культурай, звычаямі і традыцыямі. І памятаць пра гэта, ганарыцца гэтым нам дапамагаюць музеі. Музей – гэта пасярэднік паміж мінулым і будучым жыццём. Музей – гэта цікавы сродак зносін. Экспанаты музея з’яўляюцца выдатным прыкладам таго жыцця, якім жыве грамадства, яны красамоўна кажуць самі за сябе, вядуць займальную гутарку з намі, аднаўляюць падзеі даўно мінулых гадоў. Сёння наведванне ў гарадах вялікіх музеяў для вучняў сельскай мясцовасці звязана з некаторымі цяжкасцямі, таму школьны музей – цэнтр вялікай выхаваўчай работы. Для вывучэння навучэнцамі Масалянскага ясляў-сада-пачатковай школы гісторыі, культуры сваёй малой радзімы была арганізавана паездка ў народны гісторыка-краязнаўчы музей «Вытокі» ў сярэдняй школе аграгарадка Малая Бераставіца. Перад наведваннем музея з дзецьмі была праведзена гутарка аб сутнасці краязнаўчых музеяў, пра важнасць традыцыі наведвання музеяў і аб правілах паводзін у час экскурсіі. У школе нас сустрэла экскурсавод, настаўнік гісторыі Тамара Іванаўна Эйсмант. Падчас тэматычнай экскурсіі дзеці даведаліся шмат пра гісторыю Малабераставіцкай школы, змаглі разгледзець інтэр’ер сялянскага пакоя 30-х- 40-х гадоў 20-га ст Экскурсавод прапанавала юным наведвальнікам паспрабаваць свае сілы ў намалоце мукі пры дапамозе каменных жорнаў, а таксама адчуць сябе маленькімі пастушкамі, што збіраюць статак, пасвістваючы ў самаробны свісток з рога. Наведаўшы музей, навучэнцы бліжэй пазнаёміліся з гісторыяй і побытам нашых прадзедаў, сваімі вачыма ўбачылі пудаўку, шкляную мухалоўку, ступу, а таксама даведаліся, якое значэнне нашы продкі надавалі хлебу і як цяжка яго атрымлівалі. Масалянскія дзеці змаглі яшчэ раз пераканацца ў тым, што наш бераставіцкі край мае сваю ўнікальную гісторыю і такую ж унікальную культуру. Такім відавочным чынам народны краязнаўчы музей «Вытокі» адкрывае магчымасць для далучэння бераставічан да духоўнай і матэрыяльнай культуры нашай малой радзімы.

Святлана Патапчык, настаўнік Масалянскага ясляў-сада-пачатковай школы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *