З любоўю да малой радзімы выхоўваюць у Вялікаэйсмантаўскім яслях-садзе

Год малой родины Образование

Любое дзіця пачынае даследаваць свет з малой радзімы. Любоў да роднага краю, да роднай культуры, да роднай вёскі або горада, да роднай мовы пачынаецца з малога: з любові да сваёй сям’і, да свайго дома, школы, дзіцячага садка. Педагогі Вялікаэйсмантаўскага ясляў-сада ставяць сваей задачай навучыць выхаванцаў ганарыцца сваім аграгарадком, яго людзьмі, навучыць цаніць і бачыць прыгажосць, пазнаеміць з гераічнай гісторыяй нашай мясцовасці, з творчай працай яе людзей.

На мінулым тыдні група дашкольнікаў Вялікаэйсмантаўскага ясляў-сада наведала музей КСУП “Варанецкі” “Зямля і людзі”, які быў адкрыты ў 2017 годзе. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з гісторыяй стварэння і развіцця сельскагаспадарчага прадпрыемства, даведаліся аб сваіх знакамітых земляках, кіраўніках гаспадаркі розных гадоў.

У музеі налічваецца каля тысячы экспанатаў, якія адлюстроўваюць не толькі гісторыю стварэння, станаўлення і развіцця КСУП «Варанецкі», якая пачалася ў верасні 1949 года, але тут сабраныя звесткі аб канкрэтных людзях — працаўніках роднай зямлі, якія гэтую гісторыю стваралі. Сведкамі мінулага з’яўляюцца сапраўдныя дакументы і фотаздымкі, пераходны Чырвоны Сцяг і Кніга Пашаны, працоўныя ўзнагароды ветэранаў працы. У музеі ёсць  фотаздымкі першых арганізатараў калгаса і першых калгаснікаў, перадавікоў калгасаа, ветэранаў працы.

Экскурсію па зале музея праводзіла выхавацель дашкольнай адукацыі Алена Леусік, якая нарадзілася і вырасла ў Вялікіх Эйсмантах і многія падзеі праходзілі на яе вачах. З заміраннем сэрца слухалі дзеці аповяд свайго педагога пра Андрэя Максімавіча Варанецкага, які з 1953 па 1972 год працаваў старшыней калгаса «Гвардыя». Андрэй Максімавіч унёс вялікі ўклад у развіццё гаспадаркі і яе сацыяльнай сферы. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і многімі медалямі. Для хлопчыкаў і дзяўчынак было вялікім гонарам зрабіць здымак каля партрэта чалавека, імя якога носіць сельскагаспадарчае прадпрыемства, у якім працуюць іх бацькі.

З цікавасцю слухалі дашкольнікі і пра той час, калі старшыней калгаса працаваў Мікалай Рыгоравіч Зданчук. Гэта быў час, адмечаны далейшым развіццем сельскагаспадарчай вытворчасці. Калгас неаднаразова выходзіў пераможцам Усесаюзнага, рэспубліканскага, абласнога і раённага спаборніцтваў і неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі сцягамі. Мікалай Рыгоравіч быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, а ў 2000 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь М.Р. Зданчуку было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”.

Для хлопчыкаў і дзяўчынак было прыемным даведацца, што ў 1996 годзе нашу базавую гаспадарку наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ен сустракаўся і гутарыў з калгаснікамі, наведаў бальніцу, мехдвор, малочна-таварны комплекс “Рымуцеўцы”.

З асаблівай цікавасцю затрымаліся рабяты каля стэнда, прысвечанага цяперашняму кіраўніку сельскагаспадарчага прадпрыемства – Іосіфу Іосіфавічу Коласу, які ўзначаліў гаспадарку ў 2007 годзе. За сумленную і плённую працу Іосіф Іосіфавіч узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, Падзячным Пісьмом Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Яго імя занесена ў Кнігу Славы Гродзенскай вобласці. Менавіта дзякуючы яму кожны год папаўняецца матэрыяльна-тэхнічная база нашай дашкольнай установы.

Працаўнікоў, якія заслужылі аўтарытэт і павагу ў калектыве гаспадаркі, вельмі многа. Гэта ветэраны працы і маладое пакаленне механізатараў і жывёлаводаў, паляводаў і спецыялістаў розных накірункаў. Не толькі яны, але і іх бацькі, пачынаючы з далекага 1949 года, множылі славу і дабрабыт гаспадаркі. Высокая ацэнка працы ўсяго калектыву – ордэн Леніна, якім у 1967 годзе ўзнагароджаны калгас “Гвардыя”, ордэнамі і медалямі, Граматамі Вярхоўнага Савета БССР адзначаны больш за 80 калгаснікаў.

У гаспадарцы працавалі заслужаныя людзі. У Галерэі Славы музея размешчаны фотаздымкі сямі працаўнікоў калгаса імя Варанецкага, якія ўзнагароджаны вышэйшай дзяржаўнай узнагародай СССР – ордэнам Леніна, а таксама фотаздымкі іншых працаўнікоў калгаса, якія ўнеслі вялікі ўклад у дасягненне высокіх поспехаў у земляробстве і жывелагадоўлі.

Дзеці атрымалі шмат ўражанняў ад экскурсіі. А педагогі яшчэ раз упэўніліся ў педагагічнай мудрасці: навучым дзяцей шанаваць продкаў – і самі будзем у пашане.

Алена Буткевіч, загадчык дзяржаўнай установы адукацыі

«Вялікаэйсмантаўскі яслі-сад»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *