На кантролі – яравыя

Лента новостей

З таго моманту, як вясна ўступіла ў свае правы, мінуў цэлы месяц. Якім ён быў? Нетыповым, непрадказальным і па-свойму своеасаблівым. Калі кожны сакавіцкі дзень чалавек сустракаў з надзеяй на цеплыню і быў адкрыты да аднаўлення ва ўсім: у гардэробе, пейзажах за акном, то ў адказ вясна бянтэжыла яго сваёй нявызначанасцю. Пытанне, на колькі яна адцягне правядзенне вясенняга севу, па-ранейшаму застаецца актуальным і адкрытым. Аднак, нягле­дзячы на такое становішча, падрыхтоўка да пасяўной 2018 года не прыпыняецца ні на хвіліну.
Дарэчы, азімымі збож­жавымі культурамі пад ураджай наступнага года сельгаспрадпрыемствамі Бераставіччыны засеяна 9450 гектараў зямель. Плануецца, што пад яравыя збожжавыя і зернебабовыя толькі на зерне будзе адведзена прыкладна 7250 гектараў зямель, з якіх звыш 950 гектараў зойме пшаніца, амаль 2450 – ячмень, звыш 340 – авёс, 90 – соя, 2385 – кукуруза.
– Перад пачаткам кожнай пасяўной кампаніі мы абавязкова праводзім фітаэкспертызу кандыцыйнага насення, – гаворыць галоўны аграном па ахове раслін Бераставіцкай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Алена Лапавухава. – Такая працэдура дазваляе вызначыць якасць пасяўнога матэрыялу, з якім у будучым бу­дзе працаваць аграном сельгаспрадпрыемства. Ігнараваць гэты важны этап нельга, так як больш за 60 працэнтаў відаў фітапатагенаў – бактэрый, грыбоў, што выклікаюць захворванне раслін, – перадаюцца менавіта праз насенне. У выніку сеў заражаным зернем прыводзіць да перадачы хвароб на расліны, якія ў працэсе вегетацыі ствараюць ачагі інфекцыі ў полі.
Па словах Алены Леанідаўны, заражанасць зерня патагенамі вызначаецца ў лабараторных умовах рулонным метадам. Каб праверыць усходжасць дадзеным спосабам, неабходна ўзяць ліст фільтравальнай паперы і крыху намачыць яго, разаслаўшы ліст на стале. Затым размеркаваць па ўсёй яго паверхні з невялікім інтэрвалам адзін ад аднаго зерне неабходнай культуры. Згарнуўшы паперу ў рулон, змясціць яго ў посуд з невялікай колькасцю вады. Насенне павінна знаходзіцца вышэй за ўзровень вады, так як вільгаць, падымаючыся па паперы, будзе раўнамерна змочваць яе. Пасля гэтага рулоны вытрымліваюцца ў тэрмастаце прыкладна тыдзень.
– Даследаванне тры­наццаці проб па сто зерняў такім спосабам паказала, што працэнт заражанасці насення па комплексу ўзбуджальнікаў да 10 пра­цэнтаў назіраўся ў адзінаццаці пробах, а роўна 10 працэнтаў – у двух пробах, – зазначае мая суразмоўца. – Так, узбуджальнікамі каранёвай гнілаты сталі грыбы – фузарыёзы і гельмінтаспарыёзы. Абодва з’яўляюцца шкоднымі для яравых культур і выклікаюць паражэнне не толькі каранёвай сістэмы, але і сцябла, ліставога апарата, коласа. У выніку страты ўраджаю могуць дасягаць 10 працэнтаў і больш. Другі названы від грыбоў, які з’яўляецца ўзбуджальнікам ліставой плямістасці збожжавых, на пшаніцы, жыце і ячмені сустракаецца ў двух разнавіднасцях – паласатай і сеткаватай плямістасці. Пры высокім узроўні інфікавання насення дадзенымі патагенамі назіраецца гібель і адставанне ў росце раслін на пачатковых этапах, развіваецца нізкаросласць і многае іншае. Акрамя фітапатагенных грыбоў значную шкоду насеннаму матэрыялу наносяць і сапратрофныя плесневыя грыбы, якія зніжаюць яго ўсходжасць.
Зразумела, што пытанне аб ахове насення ўзнікае само сабой. Сёння сельгаспрадпрыемствы раёна ў абавязковым парадку выкарыстоўваюць сродкі для аховы пасяўнога матэрыялу. Правільна падабраны прэпарат з аптымальнай дазіроўкай і пры якасным нанясенні з’яўляецца падмуркам для атрымання моцных усходаў і збору багатага ўраджаю.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *