Да кожнай справы – з розумам

Сельское хозяйство Человек и его дело

Юлія Панцэвіч, а менавіта яна гераіня сённяшняй публікацыі, нарадзілася ў вёсцы Вялікія Ёдкавічы. Яе бацькі – звычайныя працавітыя людзі. Маці працавала даяркай, а бацька – трактарыстам. З трох дзяцей, што выхоўваліся ў гэтай сям’і, яна была самай старэйшай.

–- Бесклапотныя дзіцячыя гады праляцелі, як адно імгненне, — прызнаецца мая субяседніца, — але ў памяці час ад часу ўсплываюць успаміны, калі ты, зялёнавокая дзяўчынка з бантамі ў косах, стаіш на першай у сваім жыцці школьнай лінейцы, а пасля, зусім нечакана для самой сябе ўжо заканчваеш дзявяты клас і знаходзішся на раздарожжы. Які шлях абраць? Куды падацца? Прыкладу, як гэта быць студэнткай навучальнай установы, зразумела, у мяне не было. Таму і падказаць, як жыць адной удалечыні ад родных і блізкіх і як спраўляцца з узнікаючымі цяжкасцямі, мне таксама ніхто не мог. Не скажу, што гэтыя акалічнасці сталі вырашальнымі падчас прыняцця канчатковага рашэння, але ў выніку выбар быў зроблены. Па рэкамендацыі бацькоў паступіла на повара-кандытара ў Малабераставіцкі дзяр­жаўны прафесійны ліцэй перапрацоўчай прамыс­ловасці, у якім якраз рых­тавалі спецыялістаў для галіны грамадскага харчавання. Працаваць па спецыяльнасці не да­вя­лося, таму сёння галоў­нымі дэгустатарамі маіх кулінарных шэдэўраў з’яўляецца сям’я, а самай улюбёнай стравай, без якой не абыходзіцца ні адно свята – торт “Медавік”.
Дарэчы, лёсавызначаль­нае знаёмства Юліі Міхай­лаўны з будучым мужам Андрэем, які пасля службы ў арміі ўладкаваўся ў КСУП “Варанецкі” механізатарам, адбылося ў мясцовай краме, дзе на той момант яна якраз і працавала прадаўцом. Так узаемная сімпатыя, якая ўспыхнула паміж маладымі людзьмі, паступова перарасла ў больш моцнае пачуццё – каханне. Сёння сям’я пражывае ў аграгарадку Вялікія Эйсманты і займаецца выхаваннем дваіх дзяцей – трынаццацігадовага сына Уладзіслава і васьмігадовай дачкі Вольгі.
— Празмерная распешчанасць – справа небяспечная, — гаворыць мая субяседніца, — таму з розумам падыходзячы да працэсу выхавання, мы з мужам прыкладаем усе намаганні для ўсебаковага развіцця сваіх дзяцей. Старэйшы Уладзіслаў – татаў памочнік, ён з ахвотай цягнецца да тэхнікі, а вось Вольга – натура больш тонкая: вучыцца ў музычнай школе па класе фартэпіяна і пакуль марыць стаць цырульнікам – падабаецца ствараць прыгажосць. На колькі з цягам часу зменяцца іх захапленні, паглядзім у будучым… Цяпер жа больш разумець адзін аднаго нам дапамагаюць сумесныя адпачынкі на ўлонні прыроды і падарожжы ў цікавыя мясціны нашай краіны. З апошняга, напрыклад, вельмі ўразіла, а разам з гэтым і ўсхвалявала паездка ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што ў Мінску. Сапраўды, наведваючы падобныя месцы, адчуваеш спектр самых незабыўных эмоцый. Пабачыў – і быццам удыхнуў чарговую порцыю свежага паветра пасля душнага памяшкання…
Што ж датычыцца самой Юліі Міхай­лаўны, то зараз гэтая прываблівая і жыццярадасная жанчына, працуе ў камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Варанецкі” загадчыкам склада матэрыяльных каштоўнасцей і ветэрынарнай аптэкі. Намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце сельгаспрадпрыемства Аліна Янушка характарызуе яе не толькі як адказнага працаўніка, але і як чалавека творчага, актыўнага, ідэйнага. Ні адно са святаў, што арганізоўваюцца тут – Дажынкі, Масленіца, Эйсмантаўскі фэст, гульні КВН і многае іншае – не абыходзяцца без удзелу гераіні публікацыі. Напячы смачных бліноў, дапамагчы стварыць і ўпрыгожыць сноп да галоўнага свята хлебаробаў, правесці экскурсію ў нядаўна створаным музеі гісторыі КСУП “Варанецкі” “Зямля і людзі” – лягчэй лёгкага!
Здаецца, сёння адзінае, што застаецца, — моўчкі зайздросціць незвычайнаму энтузіазму і запалу гэтай цудоўнай жанчыны.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *