“Дзецям і ўнукам на ўспамін” аб прабыванні вялікага князя Канстанціна Паўлавіча (з роду Раманавых) у Бераставіцы

Из истории земли Берестовицкой Культура

У 1854 годзе Станіслаў Казімір цэлую зіму аж да лютага правёў у Бераставіцы. Бацькі ў размовах сваіх паведамілі яму гісторыю, якую Касакоўскі пазней запісаў у кнігу ўспамінаў. Вось што піша граф:
 “Калі выбухнула паўстанне 1830 года, мая бабуля Людвіка (1779-1850) сядзела сабе спакойна ў сталовай са сваёй унучкай, якая была тады яшчэ юнай паннай. Яны сталі сведкамі невытлумачальнага здарэння. Мая цётка Пелагея (1798-1881), седзячы за якімсьці маляваннем, раптам ускрыкнула і павалілася на падлогу. Калі  апрытомнела, то расказала, што ў процілеглым пакоі ўбачыла дзве труны. У іх  знаходзіліся целы вялікага князя Канстанціна і яго жонкі княгіні Ловіч. Бабка Людвіка супакоіла дачку, папрасіла, каб тая не перажывала з-за свайго              ўяўлення і саўладала з        нярвовым хваляваннем.
Хутка здарэнне тое пайшло ў небыццё. А некалькімі тыднямі пазней дайшла да Бераставіцы звестка аб паўстанні (1830-1831 гг.) і  пісьмо   вялікага князя Канстанціна Паўлавіча да бабкі Людвікі. У лісце князь прасіў прыняць яго і жонку да свайго дому на пару тыдняў. Людвіка падрыхтавала свой дом дзеля прыёму высокіх асоб, афіцыйна прыняла іх. Якое ж было здзіўленне маёй бабкі, калі яна даведалася, што вялікі князь выказаў незадавальненне тым пакоем, які Людвіка яму  падрыхтавала. Канстанцін Паўлавіч загадаў перанесці свой ложак менавіта да таго пакою і паставіць яго менавіта на тое самае месца, якое цётка Пелагея  ў сваім  уяўленні  бачыла.
Тры тыдні правялі ў Бераставіцы вялікі князь Канстанцін Паўлавіч і яго жонка княгіня Ловіч. Потым яны паехалі з Бераставіцы і ў гэтым жа годзе абодва пайшлі з жыцця ”.
З гісторыі вядома, што вялікі князь Канстанцін   Паўлавіч (1779-1831) праводзіў у Польшчы палітыку Расійскай імперыі, будучы фактычна намеснікам Каралеўства Польскага. Ён            удзельнічаў у падаўленні польскага паўстання 1830-1831 гадоў. У час паўстання палякі напалі на загарадны палац Бельведэр (пад Варшавай), дзе пражываў Канстанцін Паўлавіч з жонкай. Своечасова папярэджаныя, яны паспелі выратавацца. Адным з  прытулкаў і стала Вялікая Бераставіца. Але па прыездзе ў Віцебск вялікі князь раптоўна памірае ад халеры 15 чэрвеня 1831 года. З ім    памерла і яго жонка Іаана Грудзінская, княгіня Ловіч.
Памяць аб Канстанціне-імператары захоўвае незвычайная сярэбраная манета — пробны рубель 1825 года. Манета  быццам  бы  знаходзілася ў палацы Бельведэр і была выкрадзена ў час паўстання. На версе яе змешчаны партрэт Канстанціна І. “Двухтыднёвы імператар” так і не пабачыў рускага трону. Віной таму—каханне да жанчыны не каралеўскай крыві. Перад Канстанцінам Паўлавічам паўстаў выбар: марганатычны шлюб альбо рускі трон? Каханне перамагло. Маніфест адмовы ад рускага прастола на карысць малодшага брата вялікага князя Мікалая Паўлавіча быў састаўлены ў 1823 годзе. Акт адмовы захоўваўся ў вялікай тайне. Напрыканцы 1825 года нечакана памёр Аляксандр І. На Сенацкай плошчы Пецярбурга здарыўся снежаньскі бунт. Усе жадалі бачыць Канстанціна новым імператарам. Але ён пабыў імператарам толькі на пробным рублі..!

Р.S. Кажуць, калі Бераставіца стала Вялікай, то і людзі ў ёй сталі з’яўляцца “вялікія”.  А   дзякуючы  ўспамінам   графа С.К.Касакоўскага, мы змаглі далучыцца да цікавай і таямнічай спадчыны нашага мястэчка.
Андрэй Втарушын,
 выкладчык гісторыі           мастацтва
Бераставіцкай ДШМ
 (Урыўкі з “Успамінаў аб мінулым, запісаных для дзяцей і ўнукаў праз С.Касакоўскага”  перакладзены з польскай мовы з захаваннем аўтарскага стылю.)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *