На МТК “Галава” ўсё малако здаецца гатункам «экстра»

Лента новостей

Уваход толькі праз санітарны прапускнік і па ўзгадненні з санітарнай службай – гэта абавязковыя ўмовы “пранікнення” старонніх на аб’екты закрытага тыпу, якімі, дарэчы, з’яўляюцца малочнатаварныя фермы ды комплексы.
І так, месца – МТК “Галава”, што ў СВП “АграМір”. Першае, што заўважаю адразу, – чысціня прылеглай тэрыторыі. Гэтай акалічнасці, таксама як і падтрымання ў належным стане жывёлагадоўчых памяшканняў, патрабуюць ветэрынарна-санітарныя правілы. Пасля разу­мееш, што доказам іх жорсткага выканання тут з’яўляюцца і паказчыкі. У сельгаспрадпрыемстве добра ведаюць: атрыманне якаснага малака ці, іншымі словамі, прадукту з высокай біялагічнай каштоўнасцю, прыдатнага для перапрацоўкі і бяспечнага для спажыўцоў, стымулюецца больш высокай закупачнай цаной, а гэта ў сваю чаргу павышае рэнтабельнасць яго вытворчасці і дазваляе ўмацоўваць эканоміку гаспадаркі.
Зразумела, што адзінага алгарытма вытворчасці малака для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў не знайсці, бо разнастайнасць тэхналогій утрымання і абслугоўвання вар’іруецца ў залежнасці ад памераў гаспадарак, даступных сродкаў механізацыі і аўтаматызацыі, а таксама абслугоўвання аб’екта, якое ўключае даенне, кармленне, зааветэрынарны догляд і многае іншае. Аднак той абавязковы пералік параметраў, што ўплывае на прадукцыйнасць статка – добрая кармавая база, селекцыйная работа, высокі ўзровень майстэрства жывёлаводаў – для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў з’яўляецца нязменным.
Што датычыцца МТК “Галава”, то ў эксплуатацыю ён быў уведзены ў кастрычніку 2013 года, а літаральна праз два месяцы заатэхнікам па кармах тут пачала працаваць і адна з трох маіх чароўных субяседніц, што на фотаздымку, Жанна Бусько. Цяпер жанчына займае пасаду загадчыцы комплекса, таму і дасканала валодае ўсёй неабходнай інфармацыяй.
— На першага студзеня гэтага года пагалоўе буйной рагатай жывёлы на МТК “Галава” склала 2539 галоў, з якіх 777 – дойны статак, — расказвае Жанна Аляксандраўна. – Дзякуючы наладжанаму раздзельнаму трохразоваму даенню ў асноўны малочны паток не пападае прадукт з павышанай саматыкай і антыбіётыкамі, а ўлічваючы, што пры норме да 300 тысяч саматычных клетак на кубічны сантыметр іх утрыманне ў малацэ на нашым жывёлагадоўчым аб’екце складае 236 тысяч, гэта дазваляе сельгаспрадпрыемству рэалізоўваць усё малако на перапрацоўчае прадпрыемства толькі гатункам «экстра». У студзені гэтага года гатункам “экстра” ужо здадзена звыш 400 тон прадукту, што прыкладна на 13 тон больш, чым за аналагічны перыяд 2017 года, павялічыліся і надоі на карову – 543 кілаграмы (плюс 21 кг), або 104%. Таварнасць – 92,6%.
Дарэчы, валавая вытворчасць малака на МТК “Галава” летась у адносінах да 2016 года дасягнула амаль 4900 тон, або 100,9%. Пры гэтым мінулагоднія паказчыкі па надою малака на карову склалі звыш 6200 кілаграмаў.
Па словах Жанны Аляксанд­раўны, задача на 2018 год – павышэнне названых лічбаў. Напрыклад, падняць надоі малака на карову, як мінімум да 6440 кілаграмаў.
— Прагназуем “плюсаваць” і па атрыманні цялят. Курс – прыкладна 911 галоў, — уключаецца ў размову заатэхнік-селекцыянер са шматгадовым працоўным стажам Ірына Пужаль, – тым больш, што з пачатку гэтага года станоўчая тэндэнцыя ўжо назіраецца. Толькі ў студзені атрымалі 74 галавы, гэта на чатыры больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Упэўнена, што далейшая эфектыўная селекцыйная праца, кваліфікаванае штучнае асемяненне кароў, а таксама прафілактыка і лячэнне захворванняў жывёл паспрыяюць дасягненню гэтай мэты.
— Дык а што на комплексе з захворваннямі? – падхопліваю і адразу чую, што на мастыты хварэе толькі 15 галоў.
У многім гэты паказчык – вынік працы маёй трэцяй субяседніцы, ветурача Марыі Радчанка, якая пасля заканчэння Ваўкавыскага саўгастэхнікума вось ужо 33 гады самааддана працуе ў сферы жывёлагадоўлі.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *