Гаспадаркі Бераставіччыны вядуць рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі

Без рубрики Сельское хозяйство

Дзяніс Трайгель

У механічнай майстэрні КСУП “Варанецкі” апошнім часам ва ўсю бурліць жыццё. Гэта і не дзіўна, бо хутка вясна і кожны новы дзень набліжае аграрыяў да пачатку палявых работ – падкормкі азімых, севу яравых культур і іншага. А, як вядома, рамонту тэхнікі яшчэ ніхто не адмяняў і першарадная задача працаўнікоў у гэты перыяд – падрыхтоўка пасяўной і глебаапрацоўчай тэхнікі да сезонных работ.
На падыходзе да мехмайстэрні сустракаю некалькі добра­зычлівых работнікаў. Адзін з іх згаджаецца стаць маім правад­ніком і, адкрываючы дзверы майстэрні, адразу папярэджвае “не злавіце зайчыка”. Паспяхова праходжу гэтую перашкоду – і праз некаторы час ужо вяду дыялог з Сяргеем Бушуевым. На пасадзе галоўнага інжынера сельгаспрадпрыемства мужчына працуе адносна нядаўна, з мая 2017-га, аднак сітуацыяй валодае, як і належыць кіраўніку, дасканала.
— Рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі мы распачалі яшчэ ў студзені, — пачынае гутарку мой суразмоўца. – У

Гжэсь Панасюк

першую чаргу прыступілі да рамонту трактароў, іх у сельгаспрадпрыемстве — 45 адзінак, а таксама прычапной тэхнікі – плугоў, культыватараў, сеялак. На дадзены момант поўнасцю адрамантавана два пасяўных агрэгата “Лемкен”, некалькі плугоў і культыватараў. Большая частка трактароў ужо таксама гатова выйсці ў поле. Цяпер усё рэгуляванне і тэхналагічнае абслугоўванне механізатары праводзяць на спецыяльных роўных пляцоўках машыннага двара, а толькі пасля рамонту ўся тэхніка будзе дадаткова праверана ў рабочым рэжыме, каб выключыць магчымыя паломкі ў перыяд палявых работ. Увогуле, ацэньваючы гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі да вясенне-палявых работ, адзначу, што яна складае прыкладна 80 працэнтаў.
Па словах Сяргея Уладзі­міра­віча, каб не адцягваць непазбежнае, і да іншых работ на палетках падысці ў поўнай гатоўнасці, на гэтым тыдні пачнецца наладжванне кормаўборачных камбайнаў “Ягуар-870” і “Е-281”, а на наступным – буракаўборачнага камбайна галандскай вытворчасці “Вервайт”, тым больш што для гэтай мэты ўжо набытыя ўсе неабходныя запчасткі. Сёння машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемства валодае дастатковым арсеналам тэхнікі, але і новай таксама папаўняецца. Толькі летась набылі па адным трактары “МТЗ-3022”, “Беларус-892”, новы “Амкадор”, чакаецца паступленне і “ГАЗ-53”.
Сёння якасць апрацоўкі глебы і сяўбы вызначаецца адпаведнасцю асноўных паказчыкаў работы глебаапрацоўчых і пасяўных машын зададзеным агратэхнічным патрабаванням, што дасягаецца іх правільным тэхналагічным наладжваннем і рэгуляваннем. Перш за ўсё, кожная машына павінна быць спраўнай, мець правільную расстаноўку рабочых “органаў”. Таму, зайшоўшы разам з галоўным інжынерам сельгаспрадпрыемства непасрэдна ў майстэрні, застаём звычайную рабочую абстаноўку. Тут кожны: слесар, токар, зваршчык, аўтаэлектрык заняты сваёй справай. Рамонтам аднаго з чатырох трактароў, што знаходзіліся ў памяшканні, займаўся і механізатар участка нумар два Гжэсь Панасюк. У гэтым сельгаспрадпрыемстве мужчына працуе з 1993 года. Займаецца рознымі сезоннымі работамі: касьбой, сяўбой, уборкай збожжавых. Адразу цікаўлюся ў свайго новага знаёмага, чым заняты зараз.
— На дадзены момант мяняю счапленне, — адказвае мужчына, не адрываючыся ад справы. – Гэта толькі новыя агрэгаты знаходзяцца на гарантыі, а такія, як мой, “бывалыя”, рамантуюцца самімі механізатарамі. Ды я і сам не супраць перабраць кожную дэталь, бо ў гарачую пару прастойваць на чарговым рамонце толькі па прычыне таго, што ў адведзены час не адрамантаваў, як належыць, жадання няма. Тым больш, што неабходнымі дэталямі мы забяспечаныя, а з вырабам, напрыклад, пальца, утулкі ці балта выдатна спраўляецца і наш вопытны майстар – токар Дзяніс Трайгель.
Сапраўды, прафесію токара мужчына абраў мэтанакіравана і сёння за яго плячыма амаль дзесяцігадовы працоўны стаж.
Напрыканцы акідваю позіркам майстэрні і разумею: умовы для працы тут добрыя. Падстаў для хвалявання не ўзнікае. Застаецца спадзявацца, што і ўся тэхніка будзе адрамантавана своечасова.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *