МТФ “Кулі”: на шляху да “экстры” і новых вяршынь

Лента новостей

На здымку: аператары машыннага даення Галіна Рабалюк, Таісія Петрушэвіч, загадчыца МТФ “Кулі” Ганна Бельмач, ветурач, асеменатар і ўрач-гінеколаг Міхаіл Пянькоў.

Пазнаёміцца з такім прыемным чалавекам, як загадчыца МТФ “Кулі” Ганна Бельмач, для журналіста – за шчасце, а напісаць пра яе хоць некалькі слоў – тым больш. Падчас размовы адразу ўзнікае адчуванне нейкай эмацыянальнай сувязі, бо прыветлівы твар і шчырая ўсмешка гэтай жанчыны безумоўна станоўча ўплываюць і на яе субяседнікаў. Зазвычай за дыялогам з такімі людзьмі не заўважаеш хуткаплыннасці часу, бо калі з кожнай хвілінай для цябе адкрываюцца ўсё новыя цікавыя факты, ты проста абстрагуешся ад іншых рэалій.
Ганна Віктараўна нарадзілася на Мастоўшчыне. Яна не ўтойвае, што пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага каледжа яе размеркавалі ў далёкі Буда-Кашалёў. Аднак у лёса на гэты выпадак былі зусім іншыя планы. Доўгі час адпрацаваўшы лабарантам у Баранавічах, пераломным для жанчыны стаў 2001 год. Менавіта ў гэты перыяд і было прынята рашэнне аб пераездзе сям’і з Брэстчыны на Бераставіччыну. З таго часу прайшло ўжо 17 гадоў, многае адышло ў занябыт, вось толькі нязменным для маёй субяседніцы застаецца месца працы – малочнатаварная ферма “Кулі”, што ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас”.
Дарэчы, малочная галіна названага сельгаспрадпрыемства прадстаўлена трыма малочна­таварнымі фермамі – “Кулі”, “Дзіневічы” і “Малая Бераставіца”.
Сёння, па словах Ганны Віктараўны, пагалоўе буйной рагатай жывёлы на МТФ “Кулі” складае 1350 галоў. І за ўсім гэтым немалым “багаццем” дбаюць сумленныя працаўнікі фермы.
— Калі я толькі сюды ўладка­валася, — дзеліцца ўспамінамі жанчына, — на аб’екце працавала трынаццаць аператараў машыннага даення, за кожным з якіх было замацавана па 25 галоў дойнага статку. Цяпер колькасць іх скарацілася, а работы прыбавілася: 360 галоў дойнага статку абслугоўваюць усяго чатыры аператары. Што і казаць, зараз змянілася многае. Так, у 2007 годзе правялі рэканструкцыю фермы. Нядаўна набылі прыбор “Саматас”, прызначаны для кантролю якасці малака і вызначэння колькасці саматычных клетак у ім, а месяцы чатыры таму – новы халадзільнік ёмістасцю шэсць тон.
Трэба адзначыць, што такое доўгачаканае набыццё дазволіла вырашыць адразу некалькі праблем. Па-першае, цяпер можна забыць пра змешванне цёплага і халоднага прадукту падчас дзённай і вячэрняй доек. Па-другое, менавіта адсутнасць гэтай устаноўкі “тармазіла” вытворчасць “экстры”, і гэта нягледзячы на адпаведнасць нормам усіх паказчыкаў. Напрыклад, пры норме да 300 тысяч саматычных клетак на кубічны сантыметр іх утрыманне ў малацэ на МТФ “Кулі” складае 286 тысяч. Варта сказаць і пра добрыя надоі на дадзеным аб’екце. Сёння яны складаюць 7800 кілаграмаў на карову, што на 293 кілаграмы перавышае аналагічны паказчык па ўсяму сельгаспрадпрыемству, а таварнасць складае 92,8%.
— Прыплод цялят за 2017 год у нас склаў 333 галавы, — уключаецца ў размову ветурач, асеменатар і ўрач-гінеколаг Міхаіл Пянькоў. – З пачатку гэтага года выхад цялят пакуль складае 92,5%.
Закрануўшы гэтую тэму, ці­каўлюся, якім чынам ажыццяў­ляецца працэс вырошчвання маладняку.
— На дадзены момант у нас ёсць 55 індывідуальных домікаў-прафілакторыяў, астатнія цяляты ўтрымліваюцца ў асобным памяшканні, — расказвае Ганна Віктараўна. — Усе домікі размяшчаюцца ў метры-паўтара адзін ад аднаго недалёка ад жывёлагадоўчых памяшканняў на адкрытых пляцоўках з цвёрдым пакрыццём. Па меры забруджвання мяняецца подсціл. З улікам біялагічных асаблівасцей жывёл наладжана паўнавартаснае, збалансаванае кармленне. Так, калі ў першыя дні пасля нараджэння цяляты абавязкова атрымліваюць малодзіва, у якім утрымліваецца падвышаная колькасць бялку, тлушчу, мінеральных рэчываў, вітамінаў, то ў малочны перыяд адбываецца значная функцыянальная перабудова органаў стрававання, выпрацоўваецца здольнасць засвойваць пажыўныя рэчывы раслінных кармоў, узмацняецца бялковы, мінеральны і водны абмен у арганізме. Улічваючы ўсё гэта, у нас распрацавана ўласная схема кармлення маладняку, згодна з якой цялушачкі атрымліваюць крыху большую колькасць малака і канцэнтраваных кармоў, чым бычкі.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *