Ветэраны педагагічнай працы з Бераставіцкага раёна пабывалі на экскурсіі ў Белавежскай пушчы

Образование Общественные объединения

У сваёй дзейнасці райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі   ўдзяляе пастаянную ўвагу ветэранам педагагічнай працы, якія шмат гадоў свайго жыцця аддалі сферы адукацыі нашага раёна. Традыцыйныя сустрэчы, віншаванні, разнастайныя экскурсійныя паездкі сведчаць аб тым, што ветэранаў    у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама  стараюцца не забываць, ахопліваюць іх сваёй увагай і клопатам.

Вось і 23 студзеня для ветэранаў педагагічнай працы раёна была арганізавана   экскурсія ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы, якая стала сапраўдным навагоднім і калядным падарункам для сталых людзей.  

— Мы прыехалі і пабывалі   ў сапраўднай зімовай казцы, — расказвае старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валянціна Кулісевіч. – Надвор’е у той дзень выдалася проста цудоўнае,  векавыя елкі стаялі заснежаныя, як бы ў мехавых шубках, немагчыма было не спыніцца і не сфатаграфавацца. Уяўляеце, некранутая прыгажосць, цішыня  і статак аленяў – эмоцый нават не перадаць!

Сустрэла нас Снягурка, потым мы прайшлі праз чароўныя вароты,   вельмі добра нас прымаў Дзед Мароз, уручыў падарункі.  Затым пабывалі  на паляне 12 месяцаў, кожны сустрэўся са сваім месяцам,  схадзілі на млын, які перамолвае ўсё дрэннае і пакідае толькі добрае, павадзілі карагод вакол ёлкі, пачаставаліся блінамі і гарачым чаем. Вядома, праграма была цікавай і насычанай, але большай была радасць ад сустрэчы з калегамі і сябрамі.  Мне самой заўсёды прыемна ўбачыцца  са сваёй папярэдніцай Веранікай Мікалаеўнай Мацяшук, якая 33 гады ўзначальвала райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і заўсёды можа параіць нешта карыснае са свайго вопыту работы. Галіна Талай, старшыня савета ветэранаў педагагічнай працы раёна,  дапамагае  вырашаць арганізацыйныя пытанні. Працуем мы і ў цесным супрацоўніцтве з раённым саветам ветэранаў, яго прадстаўнікі — Алена Іосіфаўна Сілкова і Соф’я Іванаўна Конік, таксама былі з намі.

А яшчэ ў час нашай паездкі адбылася кранаючая сустрэча двух пакаленняў педагогаў   Малабераставіцкай сярэдняй школы, якія складалі касцяк нашай турыстычнай групы, іх было 8 чалавек. Сярод удзельнікаў экскурсіі была  Зоя Аркадзьеўна Бараноўская і  чатыры яе былыя вучаніцы, якія таксама сталі педагогамі і цяпер ужо знаходзяцца на заслужаным адпачынку, – Святлана Уладзіміраўна Карпуць, Галіна Сцяпанаўна Красоўская, Галіна Міхайлаўна Еўсяенка і Надзея Васільеўна Сяўко.  Прыемна было назіраць, як былыя вучаніцы апекаваліся сваёй настаўніцай.   

Ну а па дарозе назад не абышлося без песень, бо ўсе нашы ветэраны – сапраўдныя пявунні з багатым рэпертуарам.

Нягледзячы на невялікі мароз, нам усім было цёпла ад сустрэчы, размоў, усмешак, атмасфера ў час экскурсіі была проста цудоўная.

Гэта яшчэ раз пацвердзіла, што людзям у сталым узросце вельмі неабходны клопат і ўвага, яны вельмі дзякавалі за арганізаваную паездку, за магчымасць сустрэцца са сваімі былымі калегамі.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *