У аграфірме “Стары Дворац” акцэнт робяць на якасці малака

Лента новостей

Аператары машыннага даення Людміла ЯСЬКО (на здымку справа) і Алена РУБІН (на здымку злева) у аграфірме “Стары Дворац” працуюць з канца 90-х гадоў. Абедзве жанчыны не мясцовыя. Алена Уладзіславаўна з Гомельшчыны, працавала прадаўцом, а Людміла Зыгмундаўна, да прыезду на Бераставіччыну, – у вытворчым кааператыве імя В. І. Крамко. Сёння гэтыя ўсмешлівыя і прыемныя жанчыны прызнаюцца, што калі напачатку ўсё выклікала непадробную цікавасць – новыя тэхналогіі, новае абсталяванне, — то цяпер ужо прывыклі і ўсе дзеянні выконваюцца “на аўтамаце”. Галоўнае, заўсёды добрасумленна выконваць свае працоўныя абавязкі.

На зваротным шляху ў рэдакцыю, пакуль сонца нядбайна закідвае свае цёплыя прамяні ў службовае аўто, а за акном бясследна знікаюць сняжынкі, што, здавалася, яшчэ зусім нядаўна падалі долу, я намагаюся прыгадаць, якой выдалася зіма васьмігадовай даўніны. Якраз тады, у снежні 2009, і быў уведзены ў эксплуатацыю малочнатаварны комплекс “Бярозка” аграфірмы “Стары Дворац”, які зараз уяўляе сабой аб’ект закрытага тыпу з замкнутым цыклам вытворчасці – ад нараджэння цяляці і да яго ўводу ў асноўны статак.
Зазвычай алгарытм атрымання малочнай прадукцыі на малочнатаварных фермах ды комплексах раёна аднолькавы, а калі і адрозніваецца, то нязначна. Таму, у чарговы раз слухаючы, якім чынам на комплексе наладжана работа з дойным статкам, зазначаю наступнае. Сёння галоўнымі ўмовамі поспеху ў малочнай жывёлагадоўлі з’яўляюцца назапашванне добрай кармавой базы, паўнавартаснае кармленне і належнае ўтрыманне жывёл з комплекснай механізацыяй усіх працаёмкіх працэсаў, пастаяннае ўдасканаленне прадук­тыўных статкаў шляхам добра наладжанай племянной працы. Бо высокапрадуктыўны статак – гэта здаровы статак, які створаны шляхам мэта­накіраванага адбору маладняку, своечасовага вываду з яго малапрадуктыўных, хворых і старых жывёл і заменай іх ма­ладымі каровамі, добра прыстасаванымі да ўмоў прамысловай вытворчасці малака.
Як расказаў намес­нік дырэктара па жы­вё­лагадоўлі Цімур Чэ­рыўханаў (на верхнім здымку ў цэнтры), пагалоўе буйной рагатай жывёлы на МТК “Бярозка” складае 2324 галавы. Цяпер тут утрымліваецца 745 галоў дойнага статку, а ў 2010 годзе яно налічвала 720. Дарэчы, у дадзенае сельгас­прадпрыемства мой субяседнік уладкаваўся ў студзені 2010, таму з упэўненасцю можна сказаць, што “станаўленне” комплекса адбывалася пад яго пільным кантролем. З таго часу змянілася многае. Так, скарачэнне на 20,9 тоны прадукту ў параўнанні з 2016 годам на выпойванне цялят, на 0,7% паспрыяла павелічэнню таварнасці малака, якая склала 91,7%. І гэта нягледзячы на тое, што прыплоду ў 2017 годзе атрымалі на 25 галоў больш (981). Валавая вытворчасць малака летась склала звыш 5600 тон, або 103% у адносінах да 2016 года, а надой малака на карову за аналагічны перыяд павялічыўся на 118 кілаграмаў і склаў 7355, або 101,6%. Для параўнання ў 2010 годзе валавая вытворчасць малака складала звыш 4700 тон прадукту, а надоі на карову – амаль 6400 кілаграмаў. Сёння аграфірма “Стары Дворац” займае другое месца ў раёне (пасля СВП “АграМір”) па вытворчасці малака гатунку “экстра” – 62,4 працэнты пры плане 50%.
— Улічваючы, што малако з’яўляецца вельмі нестабільнай па хімічных і фізічных паказчыках біялагічнай вадкасцю, то для таго, каб у далейшым атрымаць высакаякасную прадукцыю, неабходна стварэнне аптымальных умоў для яго вытворчасці, – дадае Цімур Муратавіч. — За гады свайго функцыянавання малочнатаварны комплекс неаднаразова мадэрнізаваўся. У 2012 годзе на яго тэрыторыі была праведзена рэканструкцыя аднаго з вытворчых памяшканняў. Акрамя гэтага аднавіўся і будынак для адкорму бычкоў, разлічаны на 240 галоў. У планах жа на 2019 год правядзенне поўнай рэканструкцыі яшчэ аднаго аб’екту, які знаходзіцца ў вёсцы Старынцы.
Для ажыццяўлення кантролю за якасцю малочнай прадукцыі на прадпрыемстве існуе свая лабараторыя, аснашчаная сучасным абсталяваннем. Дарэчы, гэта пакуль адзінае сельгас­прадпрыемства раёна, у якім маецца турбідафлуарыметр, – аналізатар агульнай бактэрыяльнай абсемянёнасці малака. Ён дазваляе больш аператыўна ацэньваць мікрабіялагічную бяспеку малака.
Такім чынам, павышэнне санітарна-гігіенічнага ўзроўню вытворчасці, безумоўна, спрыяе павышэнню якасці і канкурэнта­здольнасці гатовай малочнай прадукцыі.
Лагічна, што разам з паляпшэннем умоў працы людзей расце і яе прадукцыйнасць. Сёння атрыманыя паказчыкі – гэта вынік самаадданай працы кожнага члена дружнага калектыву МТК “Бярозка”.

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *