Свінагадоўчы комплекс “Грыцавічы”: мадэрнізацыя і біябяспека

Лента новостей

Свой уклад у развіццё свіна­гадоўчай галіны рэгіёна, а Гродзеншчына вырабляе чвэрць рэспубліканскага аб’ёму свініны, уносяць і тры сельгаспрадпрыемствы Бераставіцкага раёна: КСУП “Пагранічны-Агра”, КСУП “Варанецкі” і КСУП “Малабераставіцкі элітгас”, дзе агульнае пагалоўе жывёл складае амаль 36500 галоў. Пацверджаннем дынамічнага развіцця гэтай галіны з’яўляюцца атрыманыя паказчыкі. Так, вытворчасць прадукцыі вырошчвання свіней па раёну склала амаль 64 тысячы цэнтнераў у жывой вазе, або 105% да ўзроўню мінулага года. Што датычыцца сярэднясутачных прыбаўленняў, то леташнія паказчыкі ў адносінах да 2016 года павялічыліся на 18 грамаў і склалі 608 грамаў.
Вытворчасць свініны з’яўляецца адной з самых рэнтабельных і хутка акупных мясных галін сельскай гаспадаркі. Аднойчы давялося пачуць, што прадуктыўнасць свіней на 60% вызначаецца кармленнем, 20-30% забяспечвае селекцыя, а каля 20% залежыць ад заагігіенічных фактараў (мікраклімату і ўмоў утрымання). Пра важнасць гэтых трох складнікаў на прыкладзе аднаго са свінагадоўчых аб’ектаў пагадзіўся расказаць начальнік свінагадоўчага комплексу “Грыцавічы” Іосіф Скуба.
— Мы займаемся вырошчваннем трох парод свіней – “ландрас”, “дзюрок” і “ёркшыр”, — гаворыць Іосіф Іванавіч. – І трэба адзначыць, што распрацаваную з мэтай павелічэння вырошчвання свіней у вобласці “Праграму па нарошчванню вытворчасці свініны” мы выканалі на 102 працэнты. За мінулы год атрымалі 3240 тон валавага прыбаўлення свініны, гэта плюс 195 тон прадукту ў адносінах да 2016 года, або 106%. Назіраецца павелічэнне і сярэднясутачных прыбаўленняў – 551 грам – плюс 36 грамаў да паказчыкаў 2016 года. Летась атрымалі 34098 парасят (плюс 206). Безумоўна, такія дадзеныя не могуць не цешыць, улічваючы, што не кожны новы комплекс с сучасным абсталяваннем і перадавымі тэхналогіямі можа пахваліцца падобнымі вынікамі.
Пароды на прадпрыемстве выкарыстоўваюць ужо вядомыя, таму сёння, па словах майго субяседніка, галоўная задача – гэта палепшыць умовы ўтрымання жывёл і забяспечыць іх паўнарацыённымі кармамі. Сур’ёзнай мадэрнізацыі патрабуе пабудаваны ў канцы 70-х – пачатку 80-х гадоў рэпрадуктыўны цэх. У ім ужо праведзена частковая рэабілітацыя будынкаў: заменены дах, драўляныя вокны – на пластыкавыя. А вось сістэма кормараздачы тут не змянілася, чаго не скажаш пра цэх адкорму. Цяпер у ім наладжаны сухі тып кармлення, што дазволіла скараціць страты кармоў прыкладна на 25-30 працэнтаў. Тут жа ўстанаўліваюцца новыя больш эканамічныя каларыферы з цеплавой магутнасцю ў 45 кВт, а дзякуючы рэканструкцыі станкоў павялічылася колькасць свабодных месцаў для ўтрымання свіней. У цэлым па комплексу ажыццяўляецца замена і сістэмы асвятлення.
Дынаміка росту вытворчасці прадукцыі ў значнай ступені залежыць і ад гарантаванага забеспячэння свінапагалоўя ў дастатку біялагічна паўнавартаснымі кармамі. З гэтай мэтай у 2005 годзе на тэрыторыі свінакомплексу быў пабудаваны камбікормавы цэх, які амаль поўнасцю забяспечвае патрэбу аб’екту ў камбікармах. Камбікорм СК-11, прэміксы і бялкова-вітамінна-мінеральныя дабаўкі набываюцца асобна.
Увогуле, асаблівая ўвага з боку спецыялістаў надаецца не толькі тэхналогіі ўтрымання і кармлення жывёл, але строгаму выкананню патрабаванняў ветэрынарна-санітарнага кантролю. Уваход на тэрыторыю комплексу асобам і ўезд любога віду транспартных сродкаў, не звязаных з непасрэдным абслугоўваннем комплексу, забаронены.
Штодня на тэрыторыю прадпрыемства супрацоўнікі трапляюць праз санпрапускнік, пасля чаго абавязкова прымаюць душ і пераапранаюцца ў спецадзенне. У кожнага маецца яго па чатыры камплекты. Па заканчэнні працоўнага дня – тыя ж дзеянні, толькі ўжо ў зваротным парадку. На базе прадпрыемства арганізавана бясплатнае харчаванне, таму ніякіх пакетаў з “сабойкамі”.
Дарэчы, работнікам комплексу забаронена трымаць свіней у асабістай падсобнай гаспадарцы. Штомесяц сельгаспрадпрыемства выдае ім па 10 кілаграмаў свініны бясплатна.
Такім чынам, усе 105 супра­цоўнікаў СК “Грыцавічы” ведаюць гэтыя правілы і няўхільна выконваюць іх.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота з сайта КСУП «Пагранічны- Агра»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *