Абласны семінар-вучоба сабраў на Бераставіччыне прадстаўнікоў сельскагаспадарчай галіны

Сельское хозяйство

Прадстаўнікоў сельскагаспадарчай галіны сабраў абласны семінар-вучоба, які адбыўся 13 снежня на базе арганізацый Бераставіцкага раёна. На парадку дня было падвядзенне вынікаў работы ў жывёлагадоўчай галіне за 11 месяцаў 2017 года, а таксама асвятленне пытанняў лячэння буйной рагатай жывёлы і работы сістэмы кіравання статкам на малочнатаварных комплексах. У мерапрыемстве прыняў удзел першы намеснік старшыні аблвыканкама Іван Жук, а таксама начальнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання раённых выканаўчых камітэтаў, іх намеснікі, дырэктары райплемстанцый, кіраўніцтва і спецыялісты абласных службаў і арганізацый.

З праграмай семінара і асноўнымі вынікамі работы ў сельскай гаспадарцы на Бераставіччыне ўсіх прысутных пазнаёміў кіраўнік раёна Антон Кулісевіч.
Сёння ўсе сельгаспрадпрыемствы Бераставіцкага раёна настроеныя на высокія вынікі і многія іх маюць. У гэтым удзельнікі семінара змаглі ўпэўніцца падчас наведвання такіх гаспадарак, як СВП “АграМір”, аграфірма “Стары Дворац” і РСУП “Алекшыцы”.
Першым аб’ектам, які наведалі дэлегаты, стаў малочнатаварны комплекс “Галава” СВП “АграМір”. Агульную інфармацыю аб гаспадарцы і паказчыках вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі прадставіў выконваючы абавязкі дырэктара СВП “АграМір” Мікалай Гуз. Увогуле, малочная галіна СВП “АграМір” прадстаўлена адным малочнатаварным комплексам, у якім утрымліваецца 777 галоў дойнага статка. Валавая вытворчасць малака на МТК “Галава” на першага кастрычніка ў адносінах да 2016 года склала каля чатырох тысяч тон, або 103%. Пры гэтым надой малака на карову ў параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі за аналагічны перыяд павялічыўся і склаў каля пяці тысяч кілаграмаў. Канешне, названыя паказчыкі не найбольшыя ў раёне, аднак менавіта СВП “АграМір” з’яўляецца безумоўным лідарам па вытворчасці малака гатунку “экстра” – 93 працэнты. Сёння магчымасці комплекса дазваляюць ажыццяўляць раздзельнае даенне статка, дзякуючы чаму малако з павышаным утрыманнем саматычных клетак і антыбіётыкаў не паступае ў асноўны малочны паток. Па словах Мікалая Мікалаевіча, у гаспадарцы плануецца павелічэнне пагалоўя дойнага статка шляхам рэканструкцыі фермы “Шаляпкі”.
Аб тым, як у сельгаспрадпрыемстве арганізавана работа па лячэнні статка, расказаў галоўны ветурач сельгаспрадпрыемства Віктар Васілеўка.
Найбольш жа зацікавіла ўсіх прысутных даследаванне, якое было праведзена ў СВП “АграМір”, з мэтай устанаўлення адпаведнасці тэрмінаў вывядзення ветэрынарных прэпаратаў згодна інструкцыі па прымяненні. Для гэтага на базе сельгаспрадпрыемства былі сфарміраваны тры групы жывёл па пяць галоў у кожнай. У першую групу ўвайшлі жывёлы хворыя субклінічным мастытам, у другую групу – клінічным мастытам, у трэцюю – эндаметрытам. Лячэнне кароў прэпаратамі праводзілася адпаведна з інструкцыяй. Пасля правядзення неабходных аналізаў малака ў Беларускім дзяржаўным ветэрынарным цэнтры былі зроблены адпаведныя высновы.
У першай групе жывёл згодна з інструкцыяй па прымяненні ветпрэпарату рэшткавая колькасць антыбіётыкаў праз 5 сутак не была выяўлена. Пры даследаванні другой групы ўстанавілі, што тэрміны вывядзення прэпарата з малака неабходна павялічыць у два з паловаю разы. Аналіз прадукту атрыманага ад трэцяй групы паказаў, што пры ўстанаўленні тэрмінаў вывядзення прэпарата павінны ўлічвацца яшчэ і індывідуальныя асаблівасці жывёл.
Наступным пунктам прыпынку ўдзельнікаў семінара стаў малочнатаварны комплекс “Бярозка” аграфірмы “Стары Дворац”. Расказваючы пра сельгаспрадпрыемства, яго дырэктар Святаслаў Кавальчук адзначыў, што з пачатку гэтага года валавы надой у аграфірме склаў каля 5150 тон малака, што амаль на 160 тон больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Па вытворчасці гатунку “экстра” гаспадарка саступае толькі СВП “АграМір” — 61,7 працэнта.
Дойны статак МТК “Бярозка” – 745 кароў, на 1 кастрычніка валавая вытворчасць малака склала каля 4300 тон, а надоі на карову – 5580 кг прадукту.
Расказаў Святаслаў Анатольевіч і аб тым, як на прадпрыемстве арганізавана работа па кіраванню статкам, прадэманстраваўшы прысутным тэхналагічную схему руху пагалоўя буйной рагатай жывёлы і вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.
З дзейнасцю раённай групы па ўзнаўленню буйной рагатай жывёлы пазнаёміў дырэктар Цэнтра селекцыі і генетыкі па Бераставіцкаму раёну Збігнеў Маціеўскі. Нагадаю, што названая група супрацоўнічае з усімі сельгаспрадпрыемствамі Бераставіччыны, у прыватнасці са звёнамі па ўзнаўленні жывёл, што дзейнічаюць на базе кожнай гаспадаркі. Пасля гэтага два вядучых урача-гінеколага Леанід Пронін і Аляксандр Цынеўскі на практыцы прадэманстравалі ўсім прысутным работу набытага ў 2012 годзе УГД-сканара.
Апошні аб’ект, які наведалі ўдзельнікі семінара, — малочнатаварны комплекс “Алекшыцы”, дзе надой на карову на 1 кастрычніка склаў каля 6900 кг малака. Адна з акалічнасцей, якая спрыяе дасягненню сельгаспрадпрыемствам такіх паказчыкаў, з’яўляецца добрая кармавая база. Як адзначыў дырэктар РСУП “Алекшыцы” Валерый Паўлюкевіч, уборка кукурузы на сілас і на зерне ў гаспадарцы завяршылася яшчэ 24 кастрычніка. На думку Валерыя Эдуардавіча, распачаўшы ўборку кукурузы аднымі з першых, прадпрыемства нават выйграла. У выніку было нарыхтавана 30 тысяч тон сіласу.
Далей дырэктар РСУП “Алекшыцы” засяродзіў увагу прысутных на будаўніцтве сянажных траншэй у сельгаспрадпрыемстве. Так, метадам проб і памылак гаспадарка адмовілася ад будаўніцтва траншэй з бетоннымі падлогамі, стан якіх пагаршаўся пад уздзеяннем працэсаў бражэння сіласу. Тут аддалі перавагу няхай і даражэйшаму, затое надзейнаму спосабу – асфальтаванню. Такім чынам, у перыяд з 2009 па 2017 год на дадзеным комплексе было пабудавана дзевяць траншэй рознай ёмістасцю.
Завяршыўся семінар пленарным пасяджэннем, на якім абмяр­коўваліся пытанні выканання прагнозных паказчыкаў і даведзеных планаў па кожнаму з раёнаў, якасці малака, прафілактыкі і лячэння захворванняў жывёл на малочнатаварных комплексах і фермах.
Аб выніках працы жывёлага­доўчай галіны і малочнатаварных комплексаў за мінулы перыяд бягучага года далажыў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама Ігар Сарокін. Асноўныя аспекты працы па ўпраўленню статкам на малочнатаварных комплексах былі агучаны выканаўчым дырэктарам Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза Алегам Нарэйка.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *