Мерапрыемствы ў рамках тыдня міласэрнасці прайшлі ў Бераставіцы

Образование Общество

Тыдзень міласэрнасці, прысвечаны Міжнароднаму дню інвалідаў, прайшоў у цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца. На працягу ўсяго тыдня адбываліся розныя сустрэчы і цікавыя мерапрыемствы, удзельнікамі якіх з’яўляліся вучні класа ЦКРНіР. 

Так, дзеці прынялі ўдзел у святочна-забаўляльнай праграме «Ад сэрца да сэрца», ініцыятарам і арганізатарам якой з’яўляецца Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М.Кавалеўскага.
Цёплы ўспамін у дзіцячых сэрцах пакінулі валанцёры аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, якія наведаліся ў ЦКРНіР з акцыяй «Чароўны сувенір».
З нецярпеннем чакалі вучні традыцыйных наведвальнікаў – валанцёрскі атрад «Добрае сэрца» з Вялікабераставіцкай сярэдняй школы, мерапрыемствы якога садзейнічаюць згуртаванню дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя са здаровымі дзецьмі. На гэты раз дзецям была прадстаўлена гульнявая праграма «Гэты дзіўны свет дзяцінства», падчас якой праводзіліся вясёлыя віктарыны, конкурсы, гучалі песні. Праграма была завершана ўручэннем падарункаў ад вучняў Вялікабераставіцкай сярэдняй школы.
Падчас гульні-віктарыны «Па старонках Казкі», якая адбылася ў ЦКРНіР, хлопчыкі і дзяўчынкі ўспомнілі любімыя казкі, адгадалі загадкі, прынялі ўдзел у конкурсах «Цудоўны мяшочак», «Адгадай казку па некалькіх радках» і іншых. Таксама ў першыя каляндарныя дні зімы вучні класа на занятках сумесна з выхавальнікам Т. Г. Дудзінскай займаліся падрыхтоўкай экспазіцый для выставы «Зіма вачыма дзяцей», якая пэндзлем і пырскамі была выканана ў розных тэхніках і прадстаўлена бацькам. Мерапрыемствы былі накіраваны на стварэнне камфортнай, добразычлівай абстаноўкі, садзейнічалі развіццю эмацыянальнай сферы дзяцей-інвалідаў.
А Бераставіцкая раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК (старшыня У.А.Апон) традыцыйна аказала спонсарскую дапамогу на набыццё абсталявання для навучання дзяцей-інвалідаў класа ЦКРНіР.
Праведзеныя у рамках Тыдня міласэрнасці мерапрыемствы садзейнічалі не толькі сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей-інвалідаў у грамадства, але і развіццю здольнасцей дзяцей. Вельмі прыемна, што ёсць такія людзі з добрымі сэрцамі, якія клапоцяцца аб дзецях-інвалідах, дапамагаюць ім, праяўляюць міласэрнасць і гуманнасць, а галоўнае – шчодра дораць хворым дзецям увагу, радасць, надзею, дабрыню і душэўную цеплыню.
Аксана КУДЛАШ,
педагог сацыяльны ЦКРНіР г.п.Вялікая Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *