60-гадовы юбілей шлюбу адзначылі Уладзі­мір і Марыя Ткачукі з вёскі Эймі­наўцы

Без рубрики

Брыльянтавае вяселле адзначылі ў лістападзе Уладзі­мір Аляксандравіч і Марыя Георгіеўна Ткачукі з вёскі Эймі­наўцы. Больш за палову стагоддзя яны прайшлі праз жыццё разам, пераадольваючы ўсе цяжкасці і нягоды, умацоўваючы свае сямейныя адносіны, якія, як сапраўдны брыльянт, з гадамі сталі настолькі трывалымі і моцнымі, што нішто іх не зможа ўжо разбіць. Яны абое ўпэўнены, што самае каштоўнае, што чалавек можа атрымаць ад жыцця, – гэта шчаслівая сям’я, і гэты падарунак лёсу берагуць і шануюць на працягу ўсіх 60-ці гадоў шлюбу.

Яна
Марыя Георгіеўна нарадзілася ў 1932 годзе ў вёсцы Залучаны Ваўкавыскага раёна, адкуль родам была яе маці. Потым сям’я купіла зямлю ў Эймінаўцах, пабудавалі на ёй дом і пераехалі сюды, на радзіму бацькі. Але не доўга прыйшлося радавацца новаму дому: пачалася вайна, і ў 1943 годзе ўсю сям’ю – бацькоў і іх пяцёра дзяцей — вывезлі ў Германію, на землі недалёка ад Кёнігсберга.
— Я яшчэ малая была, таму на работу не хадзіла, — успамінае Марыя Георгіеўна, — а браты, сястра і бацькі працавалі на гаспадарцы ў немкі. Зямлі ў яе было многа, 5 вёсак ёй належала, палонных, хіба з сотня, на яе таксама працавала, яны валамі зямлю аралі, а над імі стаяў паліцыянт. Калі што не так, дык іх адразу білі, прыкладам па галаве, не раз бачыла, як ехалі каля нас скрываўленыя. Немка гэтая была вельмі жорсткая жанчына, на кані вярхом ездзіла, казалі, што муж яе быў яўрэй, дык яна сама яго застрэліла.
Як стаў падыходзіць фронт, нас тры тыдні на павозках везлі ў глыб Германіі, былі мы дзесьці недалёка ад Гдыні і Гданьска, калі нас вызвалілі рускія салдаты. Бацькі хацелі адразу ехаць дадому, але адзін сяржант параіў пачакаць трохі, не спяшацца, бо яшчэ фронт ідзе, можна зноў на немцаў трапіць. Так і жылі некаторы час у хляве, а ў родныя мясціны вярнуліся якраз на Дзень Перамогі. Памятаю, ехалі на платформе цягніка, у Пагранічным нас, мясцовых, выгрузілі і ў нейкім хляве пакінулі на начлег. А раніцай мы прачнуліся ад крыкаў: “Салют! Перамога!” Старэйшы брат прыйшоў пехатой у Эймінаўцы да стрыечнага бацькавага брата і ён канём прыехаў нас забраць. А прыехалі ў вёску – хаты нашай няма, толькі чатыры камяні ляжаць, усё разабралі, знішчылі, жыць няма дзе. У гэтага брата і засталіся на некаторы час – іх сямёра ў хаце і нас сямёра. Потым нас засялілі ў дом, дзе жылі людзі, якіх вывезлі ў Сібір.
Пасля вайны Марыя Георгіеўна закончыла ў школе ў Эймінаўцах паўтара класа, а потым трэба было ісці пасвіць каровы, на гэтым яе навука і скончылася. Як стварыўся калгас, працавала на палявых работах, потым — на ферме. Калі пачалі будаваць бальніцу ў Бераставіцы, пайшла туды на працу, а зімой перайшла на маслазавод, у сырцэх. Адтуль і замуж пайшла. Потым 15 гадоў адпрацавала паштальёнам. Яе фотаздымак, як сельскага паштальёна, нават выстаўляўся ў Маскве на выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі. За месяц да пенсіі Марыя Георгіеўна пайшла працаваць у калгас на ферму, каб атрымаць калгасную пенсію, дык яшчэ на чатыры гады там засталася, пакуль выйшла на заслужаны адпачынак.

Ён
Уладзіміру Аляксандравічу 11 лістапада споўнілася 89 гадоў. Ён нарадзіўся ў Эймінаўцах і тут прайшло ўсё яго жыццё. У бацькоў была свая гаспадарка, свая зямля, на ёй яны і працавалі разам са сваімі трыма сынамі. У час вайны яго сям’і пашанцавала больш, іх нікуды не вывозілі, засталіся ў роднай хаце.
— Ды і тут хапала бед і нягод пры немцах, — уздыхае Уладзімір Аляксандравіч. — Бацьку раз чуць не застрэліў немец, калі ён выглянуў у акно на брэх сабакі. Куля прабіла шкло і прайшла каля яго ў некалькіх сантыметрах.
Да вайны Уладзімір Аляк­санд­равіч вучыўся ў польскай школе, потым 3-і і 4-ы клас заканчваў пры савецкай уладзе. А пасля вайны ўжо ў школу не пайшоў, хапала працы на сваёй гаспадарцы. У 1948 годзе Уладзімір Аляксандравіч быў прызваны ў армію, тры гады адслужыў у Маскве. Пасля вяртання дамоў некалькі гадоў працаваў дарожным майстрам, потым быў рабочым на маслазаводзе.
Калі арганізавалася Бераста­віцкая ПМК, пайшоў туды бры­гадзірам і адпрацаваў больш за 20 гадоў.
— З Дошкі гонару ніколі не сыходзіў, заўсёды быў у ліку лепшых працаўнікоў, — з гонарам за мужа кажа Марыя Георгіеўна. — У яго нават стужка “Лепшы па прафесіі” ёсць, быў пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў у 1973 і 1975 годзе, атрымаў медаль “Ветэран працы”.
Пасля выхаду на пенсію Ула­дзімір Аляксандравіч у хаце таксама не сядзеў, пакуль меў добрае здароўе, дапамагаў дамы людзям будаваць, сваёй гаспадаркай займаўся. Яшчэ і цяпер, у такім паважаным узросце, разам з жонкай коз трымаюць, курэй.

Сям’я
Калі Уладзімір Аляк­сандравіч адыхо­дзіў у армію, Марыя Георгіеўна была яшчэ падлеткам, але добра памятае, што з сяброўкай пайшлі да яго на вечар провадаў патанцаваць і нават упалі ў самым цэнтры круга, бо былі босыя і паслізнуліся. Але ў той час кавалеры яшчэ не звярталі ўвагі на дзяўчат-падлеткаў, заўважыў Марыю Георгіеўну Уладзімір Аляк­сандравіч толькі тады, калі ўжо вярнуўся з арміі.
— Пад нашым домам збіралася моладзь, — успамінае Марыя Георгіеўна, — музыкантаў прывозілі з другіх вёсак, танцавалі. Там і прыглянуліся адзін аднаму.
— Прыгожая была, стройная, вы­сокая, вось і спадабалася, — усміхаецца Уладзімір Аляксандравіч.
Тры гады яны проста сустра­каліся, бо не было куды жонку маладую прывезці: хата ў бацькоў Уладзіміра Аляксандравіча была маленькая, ён з бацькамі жыў, яшчэ і брат з сям’ёю.
Пажаніліся яны толькі ў 1957 годзе.
— Распісвацца паехалі ў суботу ў сельсавет у Пархімаўцы, — успамінаюць муж і жонка, — на ровары селі і паехалі. А ў нядзелю было вяселле, спачатку павянчаліся ў касцёле ў Бераставіцы, потым паехалі ў дом да нявесты, затым пераехалі да жаніха. Але якое тады вяселле было: на талерку мяса парэжуць ды бабкі, вось і ўсё вяселле, не тое, што цяпер.
Спачатку маладыя жылі ў бацькоў, было цесна, вядома, але пачалі будаваць свой дом. — Як толькі пакойчык з кухняй з’явіўся, яшчэ нават падлогі не было, дык адразу і перабраліся, — расказвае Марыя Георгіеўна. — А дзеці адно за другім, як грыбы ў лесе, пайшлі: старэйшы сын, Іван, у 1958 годзе нарадзіўся, другі, Віктар, – у 1959-ым, трэці, Юрый, – у 1960 годзе. Іван цяпер жыве ў Старым Дворцы, працуе галоўным ветурачом, Юрый – у Бераставіцы, у электрасетках працуе, а Віктар — у Калінінградзе жыве, ён дальнабойшчык. Ужо з дзедам маем 6 унукаў і 4 праўнукаў.
— Як удалося пражыць ра­зам столькі гадоў? Хіба ніколі не сварыліся? – пытаюся.
— Ну як не сварыліся? І цяпер сварымся праз дзень, а што, часу хапае, — усміхаюцца абое. – Але добра, што хоць ёсць з кім пасварыцца, дзякуй Богу, што жывыя пакуль. Але, калі сур’ёзна, то асаблівых сварак і не было, так, пазлуёмся, бывае, дзень памаўчым, а назаўтра ўжо зноў гаворым. Раней ніхто пра разводы нават не думаў, гэта цяпер такая мода пайшла, а ў нашы часы – з кім Бог даў, з тым і трэба жыццё пражыць.
Мне прыемна было назіраць, як Уладзімір Аляксандравіч і Марыя Георгіеўна жартуюць адзін з аднаго, адчуваецца, што, нягледзячы на ўзрост, яны ўсё яшчэ маладыя душой і захавалі свае пачуцці. І вельмі ўдзячны сваім родным і суседзям за каравай, кветкі, падарункі, якія яны атрымалі на юбілей шлюбу, за ўсё, што іх блізкія людзі зрабілі, каб гэты дзень быў асаблівым у жыцці “маладых” і запоўніўся на доўгія гады.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *