Свята аграрыяў прайшло ў Бераставіцы

Актуально Сельское хозяйство

Гасцінна, добразычліва і з песняй, што натхняе… Менавіта так, не парушаючы нацыянальных традыцый, сустракаў учора усіх удзельнікаў ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплекса народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі”. Простыя і добрасумленныя, руплівыя і адказныя земляробы, жывёлаводы, кіраўнікі і, увогуле, лепшыя прадстаўнікі галіны былі галоўнымі героямі ў гэты святочны і запамінальны дзень. І кожны з іх, хто ўносіць свой значны ўклад у важную справу забеспячэння харчовай бяспекі нашай краіны, вядома, не застаўся па-за ўвагай.

Каб павіншаваць працаўнікоў і выказаць падзяку за іх самаадданасць і нялёгкую працу на ўрачыстае мерапрыемства разам з кіраўніцтвам раёна завітаў і дэпутат Бераставіцкай выбарчай акругі №18, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук.

Звяртаючыся да ўсіх прысутных з віншавальным словам старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч адзначыў, што Бераставіччына – гэта край, які здаўна славіцца сваімі самаадданымі людзьмі і працоўнымі перамогамі. А атрыманыя ўзнагароды на галоўным свяце хлебаробаў “Дажынкі-2017” – прамы таму доказ.

У выніку Ганаровымі граматамі Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта былі узнагароджаны: трактарыст-машыніст КСУП “Макараўцы” Віктар Ляховіч, трактарыст-машыніст КСУП “Варанецкі” Юрый Яскевіч, намеснік дырэктара па вытворчасці РСУП “Алекшыцы” Андрэй Вабішчэвіч, вадзіцель КСУП “Пагранічны-Агра” Васіль Матус.

Граматы Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта атрымалі трактарыст-машыніст СВП “АграМір” Валерый Бучылка, трактарыст-машыніст аграфірмы “Стары Дворац” Дзяніс Саўчанка, брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі КСУП “Пагранічны-Агра” Марына Мінько, трактарыст-машыніст РУСП “Масаляны” Дзмітрый Данільчык, трактарыст-машыніст КСУП “Макараўцы” Станіслаў Вярышка, аператар машыннага даення КСУП “Пархімаўцы” Людміла Новікава, сырароб-майстар па паспяванню сыроў цэха ААТ “Малочны Мір” Наталля Пакачайла, трактарыст-машыніст КСУП “Малабераставіцкі элітгас” Павел Рабалюк.

Падзячныя пісьмы Бераставіцкага райвыканкама былі ўручаны: трактарысту-машыністу СВП “АграМір” Віталю Шульцу, вадзіцелю РУСП “Масаляны” Сяргею Тарасевічу, жывёлаводу аграфірмы “Стары Дворац” Ніне Шыманец, загадчыку лабараторыі дзяржаўнай установы “Бераставіцкая райветстанцыя” Станіславу Сідаровічу, вядучаму інжынеру па механізацыі працаёмкіх працэсаў КСУП “Пагранічны-Агра” Дзмітрыю Пракаповічу, трактарысту-машыністу КСУП “Макараўцы” Міхаілу Швецу,  трактарысту-машыністу КСУП “Пархімаўцы” Сяргею Сушко, трактарысту-машыністу КСУП “Малабераставіцкі элітгас” Юрыю Гурскаму.

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук уручыў Дыплом Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці” Бераставіцкім раёнам старшыні райвыканкама Антону Кулісевічу.

Шэраг перадавікоў, калектываў і ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі і Дыпломамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі  харчавання Бераставіцкага райвыканкама. Павіншаваў усіх прысутных і старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Апон, таксама ўручыўшы ўсім адпаведныя ўзнагароды.

Проста немагчыма пералічыць імёны ўсіх людзей, у гонар якіх ў гэты дзень гучалі прыемныя словы. Але ўсім зразумела адно: агульны поспех раёна – гэта неацэнны ўклад кожнага прысутнага.

Так, песня за песняй, якую, дарэчы, удзельнікам свята падарылі артысты Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, мерапрыемства прыблізілася да свайго  кульмінацыйнага моманту.

А пераможцам “За дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, павышэнні яе якасці, забеспячэнні дзяржаўных закупак” сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна ў 2017 годзе стала КСУП “Варанецкі”. Гаспадарцы ўручаны Ганаровы пераходны сцяг Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта. Пачэснае другое месца дасталося РУСП “Масаляны”, трэцяе – РСУП “Алекшыцы”.

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *