На Бераставіччыне дбаюць пра будучы ўраджай

Лента новостей

Асабліва важную ролю ў павелічэнні валавай вытворчасці збожжа адыгрываюць азімыя культуры. Пры добрым сваім развіцці з восені яны лепш, чым яравыя, выкарыстоўваюць вільгаць асенне-зімовага перыяду. Пасля ўвесну хутка нарошчваюць вегетатыўную масу і менш пакутуюць ад засухі, што спрыяе больш высокай прадуктыўнасці збожжавага палетка.
Таму толькі азімымі збожжавымі культурамі пад ураджай наступнага года сельгаспрадпрыемствамі Бераставіччыны засеяна 11040 гектараў зямель. Тройкай лідараў, дзе азімыя пасевы раскінуліся на плошчы ў 2500 га, 1900 га і 1500 га, сталі КСУП “Пагранічны-Агра”, КСУП “Макараўцы” і КСУП “Малабераставіцкі элітгас” адпаведна.
Як расказала галоўны аграном па насенняводству Бераставіцкай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Таццяна Жыўлюк, увесь насенны матэрыял правяраецца на адпаведнасць патрабаванням да гатункавых і пасяўных якасцей насення сельскагаспадарчых раслін, абазначаных у пастанове Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання Рэспублiкi Беларусь. Дадзенае мерапрыемства ажыццяўляецца яшчэ ў перыяд уборачнай кампаніі, каб у выпадку выяўлення праблем з вільготнасцю, чысцінёй і іншымі паказчыкамі, быў час для дапрацоўкі або замены насення. У нашых аграрыяў сёлета абышлося без парушэнняў і ў выніку пад азімую сяўбу імі было падрыхтавана каля 3600 тон насення збожжавых, што склала 113% да патрэбнасці.
Такім чынам, найбольшая плошча бераставіцкіх палеткаў — 4680 га — была засеяна азімай пшаніцай. З шэрагу гатункаў айчыннай селекцыі сельгаспрадпрыемствы аддалі перавагу такім, як “крэда” – амаль 930 га, “ода” і “ядвіся” – звыш 400 га. Сярод гатункаў замежнай селекцыі пераважаюць “багатка” – амаль 1500 га, “сэйлар” – звыш 400 га і “танацыя” – каля 250 га. Усе названыя гатункі валодаюць добрай зімаўстойлівасцю, а таксама ўстойлівасцю да засухі і палягання.
Пад пасевы азімага трыцікале ў раёне было адведзена 4450 гектараў пасяўных плошчаў. Самымі папулярнымі высокаўраджайнымі зімаўстойлівымі гатункамі азімага трыцікале айчыннай селекцыі сталі “праметэй”, “імпульс”, “амулет”. Сярод гатункаў замежнай селекцыі – “грэнада”, “бальціка”, “мадэрата”.
Зразумела, што павелічэнне валавых збораў збожжавых культур павінна ісці не толькі за кошт павелічэння плошчаў азімых культур, але і за кошт укаранення ў вытворчасць новых перспектыўных гатункаў. З гэтай мэтай у КСУП “Малабераставіцкі элітгас” новым зарубежным гатункам азімага трыцікале “аліка” было засеяна 4 га зямель.
Не застаўся па-за ўвагай і азімы ячмень. Яго вырошчваннем займаюцца два сельгаспрадпрыемствы раёна. У КСУП “Макараўцы” яго пасевы раскінуліся на 100 га, а ў КСУП “Пагранічны-Агра” гатункам “тэрэза” засеялі 150 га.
Цікавасць да азімага жыта ў раёне найменшая. Так, у структуры пасяўных плошчаў пад ураджай 2018 года азімае жыта гатунка “паўлінка” было пасеяна ў КСУП “Пархімаўцы” на плошчы ў 70 га.
Дарэчы, штогод усімі сельгаспрадпрыемствамі раёна для сортаабнаўлення закупляецца насенне эліты. Гэты год таксама не выключэнне. У выніку было набыта 171 тона азімых збожжавых.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *