“Ох, і нагараваліся ж мы, дзетачка…”

Лента новостей

У гэтым годзе мы будзем адзначаць трагічную дату -70 год з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. 22 чэрвеня 1941 года страшэнная навала абрынулася на нашу зямлю, знішчыла і пакалечыла мільёны чалавечых лёсаў. І хоць гэтая вайна адгрымела даўно, яшчэ і сёння ў свеце ўспыхваюць ваенныя канфлікты, раздаюцца выбухі, гінуць людзі. Таму мы заўсёды павінны помніць аб тых страшных часах, каб не дапусціць іх паўтарэння ў будучым.
Сведкаў падзей Вялікай Айчыннай вайны з кожным годам становіцца ўсё менш, і трэба імкнуцца выкарыстаць кожную магчымасць, каб даць ім слова выказаць увесь жах і боль вайны.

Марыя Аляксандраўна Пазняк сама з Верхаўлян, там нарадзілася і вырасла, там пражыла практычна ўсё сваё жыццё. І толькі ў апошні час, калі стала падводзіць здароўе, дачка забрала яе ў Вялікую Бераставіцу. Тут, у кватэры, усе выгоды: і вада на месцы, і ацяпленне. Але баба Маня сумуе па сваёй хатцы і не раз кажа, што каб вочы трохі лепш бачылі ды ногі былі б мацнейшымі, дык і не сядзела б тут, а паехала б у свае Верхаўляны.
Марыі Аляксандраўне ідзе 84-ы год. У 1941, калі пачыналася вайна, яна была яшчэ 14– гадовым падлеткам. Вядома, за даўнасцю часу многае сцерлася з памяці, але забыць ваенныя гады проста немагчыма…
— Нас у сям’і было пяцёра дзяцей, — кажа баба Маня. – Я старэйшая, сястра Гандзя 12 гадкоў мела, а астатнія дзеці яшчэ меншыя, самаму малодшаму, Ванечку, толькі годзік споўніўся.
У той дзень, калі пачалася вайна, раніцай мы з бацькам выйшлі на загуменне. На вуліцы стаяў страшэнны гул ад самалётаў і недзе ў баку Крынак чуліся выбухі, стаяў чорны дым. Да нас падышоў сусед, і бацька яму кажа: “Мабыць, манеўры ідуць”. Сусед толькі сумна махнуў рукой: “Якія манеўры, чалавеча, скажы гэта дзіцяці, — і паказаў на мяне. – Гэта ж вайна, вайна…”
У абед ужо стала вядома, што пачалася вайна. Назаўтра ўсіх мужчын з вёскі забралі, але адправіць на фронт не паспелі: вораг ужо быў зусім блізка, і яны вярнуліся дадому.
Як уваходзілі немцы ў вёску, я не памятаю: мы ўсе, і дарослыя, і дзеці хаваліся ў скляпах. У самых Верхаўлянах немцаў не было, яны толькі час ад часу наязджалі. Памятаю, мы з мамай былі ў двары, а падышоў немец і кажа: “Эйма, эйма…” Бачыш, колькі часу прайшло, а і сёння памятаю тое нямецкае слова, гэта ён так вядро прасіў, каб каня напаіць.
За вёскай у нас гарадзішча, за ім недалёка альшына была, і там мужчыны коней пасвілі. Аднойчы з той альшыны партызаны немцаў абстралялі, забіць не забілі, але за гэта немцы ўсіх мужчын і хлопцаў з вёскі забралі і пагналі ў Саколку. Мама насіла татку перадачы, дык немец ёй так і сказаў, што за аднаго нашага вашых сто знішчым. Вось і знішчылі ўсіх нашых мужчын у Беластоку, і татку майго разам з імі. Засталася мама адна з пяццю дзецьмі на руках. Але і на гэтым беды нашы не закончыліся.
Праз нейкі час прыйшлі немцы ў вёску і пачалі ўсіх жанчын з дзецьмі з хат выганяць. Мама толькі і накінула коўдрачку на калыску з Ванечкам, так і пайшлі. А суседцы немец сказаў: “Бяры ўсё, што можаш, табе спатрэбіцца”.
Дык вось, выгналі нас з хат і вёску падпалілі. Колькі крыку і плачу было, табе не перадаць словамі. Хат з 40 было ў Верхаўлянах, усе пагарэлі, а куды людзям дзявацца? Мама з намі пайшла адразу ў Гольні, да татавай сястры, потым адзін час у Кордзіках жылі, затым зноў у Гольні вярнуліся. Доўга скіталіся па чужых вуглах. Ох, і нагараваліся мы, дзетачка… Не дай Бог каму такое перажыць. Маці і жабраваць прыходзілася, разам з адной такой жа гаротніцай ездзілі ў Навікі, хадзілі па хатах, каб хоць трохі чаго сабраць, каб дзеці з голаду не пагінулі.
Я каровы пасвіла, з сястрой і касіць прыходзілася. Нават дзядзька — сусед казаў, што не ўсе мужчыны так умеюць касіць, як мы, дзяўчаты. А што ж, усё даводзілася рабіць, бо старэйшай была.
Помню дзень, калі адыходзілі немцы: прачнуліся з ранку, выйшлі на вуліцу, а там ляжыць забіты конь і жанчына з Гольняў, відаць, выйшла на вуліцу і трапіла пад кулю, а немцаў ужо няма, пайшлі…
Пасляваенныя гады таксама не былі лёгкімі. Вярнуліся ў сваю вёску, пачалі адбудоўваць знішчаныя сядзібы. Спачатку жылі ў хляве, ён быў у нас гліняны, не зусім згарэў, паціхеньку будавалі хату, што людзі дапамагалі, а што і самім даводзілася.
Потым замуж пайшла, муж мой быў сірата, аддалі яму сваякі старэнькую хату, перавезлі мы яе ў Верхаўляны і пачалі абжывацца. Дачка нарадзілася, потым сын адразу за ёю. А мужа, Ваню майго, у армію забралі. Засталася я з дзеткамі малымі адна: дачцэ 2 годзіка, а сыну 7 месяцаў, а на работу ж хадзіць прыходзілася. Пакіну дзяцей дома адных, кажушок на падлозе рассцялю, есці на ім палажу і бягу на працу. Паесці дык яны паядуць, а спаць дачка на ложак залезе, бо крыху большая была, а сынок на падлозе пад сталом так і спіць. Нагараваліся і дзеткі мае…
Потым лягчэй стала, калі муж з арміі вярнуўся, ён шафёрам у калгасе працаваў, я на палявыя работы хадзіла, яшчэ двое дзетак нарадзілася. Усіх выгадавалі, на ногі паставілі. Ужо больш за дзесяць гадоў мінула, як няма майго Вані…
Усяго было ў жыцці, вядома, але хіба ж з вайной параўнаеш? Няма большай бяды і страху, як вайной жыць…
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *