Бераставічане ў віхуры гістарычных падзей

Из истории земли Берестовицкой Культура

Цівунчык Ф. М. злева

Рэвалюцыйныя падзеі Кастрычніка 1917 года ўскалыхнулі не толькі Расію, але і ўвесь свет. У вогненнай віхуры рэвалюцыі і грамадзянскай вайны аказаліся сотні, а можа і тысячы нашых землякоў. А справа ў тым, што ў 1914-1915 гадах у сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны на Гродзеншчыне, як і ва ўсёй Расіі, праводзілася мабілізацыя ў армію. Напрыклад, Іван Пракопавіч Мароз з Малой Бераставіцы і яго чатыры браты былі мабілізаваны ў армію ў гэты час. А летам 1915 года ў сувязі з прыбліжэннем расійска-германскага фронту да Гродзеншчыны, была праведзена масавая, небывалая ў гісторыі, эвакуацыя мірнага насельніцтва з Заходніх губерняў, у тым ліку і з Бераставіччыны, у цэнтральныя расійскія губерні. Зноў-такі ў 1916-1917 гадах былі прызваны ў царскую армію мужчыны, якія ўжо знаходзіліся ў бежанстве ў Расіі. І аказаліся нашы землякі ва ўсіх канцах неабсяжнай Расіі: хто – у франтавых акопах, а хто – на караблях і падводных лодках. Многія потым апынуліся ў Петраградзе і Маскве. Пасля рэвалюцыі некаторыя ваявалі ў Чырвонай Арміі, а некаторыя — у арміі Калчака і Дзянікіна. Словам, яны папалі ў крывавыя жорны палітычных і ваенных падзей, адкуль удалося выбрацца далёка нямногім. Так, двое братоў Марозаў з Малой Бераставіцы загінулі пад Смаргонню ў час нямецкай газавай атакі 20 чэрвеня 1916 года, а два другія браты загінулі ў баях пад Рыгай.
Канешне, складана гаварыць аб тагачасных палітычных поглядах нашых землякоў. Адны, хутчэй за ўсё, воляю лёсу аказаліся ў “чырвоных”, другія – ў “белых”. І ўсё ж такі, як расказвалі І. П. Мароз, А. С. Леваненя, І. К. Юшко і іншыя, лозунг Ленінскай партыі бальшавікоў “Канец вайне, фабрыкі – рабочым, зямля – сялянам і мір – народам” быў самым папулярным сярод салдат і матросаў – былых сялян.
Толькі ў 1921 годзе, пасля заключэння мірнага Рыжскага дагавору паміж Расіяй і Польшчай, нашы землякі сталі паціхеньку вяртацца на радзіму, у родныя мясціны. У большасці вёсак іх чакалі спаленыя хаціны і падворкі, зарослыя бур’янам і палыном, горкім, як і лёс бераставічан. Ды дзе-нідзе на абпаленых бярозах у адноўленых гнёздах вярнуўшыхся гаспадароў сустракалі радасным клёкатам буслы.

Мяркуем, што чытачам газеты будзе цікава даведацца больш падрабязна пра нашых землякоў – удзельнікаў рэвалюцыйных падзей і грамадзянскай вайны ў Расіі.
Цівунчык Феафіл Міхайлавіч (АРЛОЎ Фёдар Міхайлавіч), нара­дзіўся ў в. Цецяроўка. Пасля службы ў царскай арміі застаўся працаваць у Петраградзе, удзельнічаў там у рэвалюцыйных падзеях 1917 г. Добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, камандаваў палком, удзельнічаў у многіх баях, быў некалькі разоў паранены і кантужаны. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і асабістай залатой зброяй — клінком. У сувязі з тым, што родзічы аставаліся на акупіраванай тэрыторыі ў час грамадзянскай вайны, змяніў сваё прозвішча. У Вялікую Айчынную вайну камандаваў дывізіяй народнага апалчэння, удзельнічаў у абароне Масквы, Сталінграда. Узна­гароджаны трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга і іншымі ўзнагародамі. Жыў у Маскве. У гонар яго названа вуліца ў аграгарадку Пагранічны, аб ім і яго гераічнай сям’і напісана некалькі кніг, зняты некалькі дакументальных фільмаў на Цэнтральнай тэлестудыі.
ГАДУН Канстанцін Паў­ла­­віч, нарадзіўся ў 1894 г. у Мала­бераставіцкай воласці. У 1910 г. закончыў тэхнічнае вучылішча ў Варшаве. 3 1914 г. служыў на Балтыйскім флоце, плаваў на караблях «Нікалаеў», «Пётр Вялікі», «Петрапаўлаўск», падводнай лодцы «С-26». Член РКП(б) з красавіка 1917 г. У 1917 г. служыў радыётэлеграфістам у Кранштаце, у 1918 г. — намеснікам камісара Чудскай ваеннай флатыліі, начальнікам палітаддзела Новарасійскай ваенна-марской базы, камісарам крэйсера «Камінтэрн» у Севастопалі. Удзельнічаў у шматлікіх баях, двойчы быў паранены. Дэлегат VIII Усерасійскага з’езда Саветаў (кастрычнік 1920 г.) і X з’езда РКП(б) (сакавік 1921 г.). У лістападзе 1925 г. накіраваны на падрыхтоўчыя курсы для паступлення ў Ленінградскую Ваенна-марскую акадэмію.
ЕРМАЛОЎСКІ Якаў Мацвеевіч, нарадзіўся ў 1890 г. у в. Алекшыцы. 3 1911 г. у арміі, служыў камандзірам на крэйсеры «Громобой» Балтыйскага флоту, удзельнік абароны Петраграда і Кранштата ад войскаў генералаў Краснова і Юдзеніча.
АРТАСЮК Тарас Іванавіч, нарадзіўся ў 1892 г. у Вяліка­бераставіцкай воласці. 3 1913 г. у арміі, служыў матросам на караблях Балтыйскага флоту, удзельнік 1-й сусветнай вайны. У 1917 г. закончыў школу мічманаў, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі перайшоў на бок бальшавікоў. У 1918 г. накіраваны на службу ў Волжска-Каспійскую, а з верасня 1919 г. – у Дняпроўскую ваенную флатылію. З 1929 г. начальнік штаба артылерыйскага дывізіёна Чырванасцяжнай Амурскай ваеннай флатыліі.
РЫГОСІК Сямён Міхайлавіч, нарадзіўся ў 1898 г. у в. Старынцы. У 1915 г. аказаўся ў бежанстве ў Петраградзе, працаваў на заводзе і ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху. Каб пазбегнуць арышту, пераехаў у Маскву, працаваў на заводзе Міхельсона. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. быў адным з арганізатараў саюза рабочай моладзі, рабочай міліцыі, Чырвонай гвардыі ў Замаскварэцкім раёне ў Маскве. У ліпені 1918 г. удзельнічаў у вызваленні з-пад арышту Ф.Э. Дзяржынскага і іншых у час падаўлення леваэсэраўскага мяцяжу. У сакавіку 1919 г. добраахвотнікам пайшоў на Заходні фронт. Быў паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Да 1928 г. служыў у Чырвонай Арміі, потым працаваў на кіруючых гаспадарчых пасадах. Яго ўспаміны надрукаваны ў кнізе “Железные батальоны”.
ЮШКО Іван Трафімавіч, нарадзіўся ў 1892 г. у в. Клепачы. У 1918-1920 гг. баец 17-га стралковага палка 150-й стралковай дывізіі.
ЛЕВАНЕНЯ Андрэй Сцяпанавіч, нарадзіўся ў 1892 г. у в. Лепесы. Удзельнік Першай сусветнай вайны, ваяваў пад Рыгай. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 г. яго ўзвод нёс патрульную службу ў Петраградзе. У складзе 17-га Петраградскага палка ўдзельнічаў у баях з немцамі на подступах да горада, ваяваў на Усходнім фронце. 23 верасня 1918 г. назначаны камандзірам узвода. У лютым 1919 г. быў паранены. У 1920-х гадах вярнуўся на радзіму. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны медалямі.
МАРОЗ Іван Пракопавіч, нара­дзіўся ў 1898 г. у Малой Бераставіцы. У гады Першай сусветнай вайны разам з чатырма братамі быў прызваны ў царскую армію, ваяваў з немцамі, быў паранены. 3 1918 г. у Чырвонай Арміі. У ліпені 1921 г. узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Потым жыў у Малой Бераставіцы, удзельнічаў у рабоце ячэйкі КПЗБ, быў арыштаваны. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, адзначаны баявымі ўзнагародамі. У 1967 г. Указам Прэзідыума Вяр­хоўнага Савета СССР за актыўны ўдзел у барацьбе за ўстанаўленне савецкай улады ў 1917-1922 гг. узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
АРЦЮХЕВІЧ Уладзімір Андрэевіч, нарадзіўся ў Малой Бераставіцы. У Першую сусветную вайну разам з бацькамі аказаўся ў бежанстве на Тамбоўшчыне. Быў мабілізаваны ў царскую армію. За адвагу ў баях з немцамі ўзнагароджаны Георгіеўскім крыжам. Быў байцом Чырвонай Арміі. У 1922 г. вярнуўся ў родную вёску, прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці мясцовай ячэйкі КПЗБ. Быў асуджаны за падпольную дзейнасць на 6 гадоў турэмнага зняволення. Пасля вяртання на волю цяжка хварэў, заўчасна памёр.
ХУСКО Міхаіл Сцяпанавіч, нарадзіўся ў 1895 г. у Венгрыі. Удзельнік Першай сусветнай вайны, ваяваў у Карпатах. Трапіў у палон да рускай арміі, знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных у Чэлябінску. Пасля Каст­рыч­ніцкай рэ­валюцыі разам з многімі іншымі суайчыннікамі, чэхамі, сербамі падтрымаў бальшавікоў. 3 лістапада па люты 1920 г. камандзір узвода сфарміраванага ў Чэлябінску з ваеннапалонных 1-га інтэрна­цыянальнага атрада. Удзельнік баёў пад Самарай, Уфой, быў некалькі разоў паранены. Слухач Крамлёўскіх курсаў “чырвоных камандзіраў”. Прымаў удзел у ахове Крамля, некалькі разоў су­стракаўся з Леніным. У 1952-1957 гг. жыў у Бераставіцы, працаваў дырэктарам маслазавода. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга і інш. У 1967 г. у Мінску выйшла кніга яго ўспамінаў.
АРЦЮХЕВІЧ Аляксандр Ула­дзіміравіч, нарадзіўся ў в. Малая Бераставіца. У гады Першай сусветнай вайны разам з бацькамі аказаўся ў бежанстве на Тамбоўшчыне. Быў мабілізаваны ў царскую армію, ваяваў на руска-нямецкім фронце. Добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, загінуў пад Петраградам.
АРЦЮХЕВІЧ Аляксей Ула­дзіміравіч, нарадзіўся ў в. Малая Бераставіца. Разам з бацькамі ў 1915 г. аказаўся ў бежанстве на Тамбоўшчыне. 3 1919 г. у Чырвонай Арміі, загінуў пры падаўленні антысавецкага мяцяжу на Тамбоўшчыне.
УЛЕЙЧЫК Іван Іванавіч, нарадзіўся ў в. Жукевічы. Разам з сям’ёй у 1915 г. апынуўся ў бежанстве ў Расіі. 3 1918 г. у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у баях з арміяй Калчака. У апошнія гады жыў у в. Жукевічы. У 1967 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за актыўны ўдзел у барацьбе за ўстанаўленне савецкай улады ў 1917-1922 гг. узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».
ПОЛІЎКА Васілій Іванавіч, нарадзіўся ў 1892 г. у в. Леснявічы. У Першую сусветную вайну аказаўся ў бежанстве ў Расіі. 3 верасня 1919 г. баец 3-й роты 1-га Троіцкага палка, удзельнік многіх баявых аперацый у гады грамадзянскай вайны. У 1920-я гады вярнуўся ў родную вёску, быў першым старшынёй пасляваеннага калгаса. У 1967 г. за актыўны ўдзел у барацьбе за ўстанаўленне савецкай улады ў 1917 — 1922 гг. узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».
ЮШКО Іван Канстанцінавіч, нарадзіўся ў 1893 г. у в. Клепачы. У гады Першай сусветнай вайны аказаўся ў бежанстве, жыў і працаваў у Петраградзе, прымаў удзел у рэвалюцыйных падзеях 1917 г. 3 сакавіка 1918 г. у Чырвонай Арміі, ваяваў на Заходнім фронце. У 1967 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за актыўны ўдзел у барацьбе за ўстанаўленне савецкай улады ў 1917-1922 гг. узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».
АВЕЧКА Еўдакім Сцяпаніч, нарадзіўся ў 1890 г. у в. Цецяроўка. У 1917-1919 гг. баец рабочага батальёна, удзельнічаў у баях з арміяй Дзянікіна і Калчака пад Самарай і Чэлябінскам.
АНДРУШЭВІЧ Сямён Георгіевіч, нарадзіўся ў 1890 г. у в. Рудаўляны. У 1917-1918 гг. баец Белаазерскага палка 4-й стралковай дывізіі.
ГЕРКАЎ Васілій Лукіч, нарадзіўся ў 1895 г. у в. Шылавічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобл. Працаваў на машынабудаўнічым заводзе ў г. Беластоку. У 1915 г. аказаўся ў бежанстве ў Расіі, працаваў на чыгуначнай станцыі ў г. Белгарадзе. 3 мая 1918 г. па сакавік 1922 г. у Чырвонай Арміі – кулямётчык праслаўленага браняпоезда № 2 імя Руднева. У 1920 г. прымаў удзел у вызваленні Беларусі ад польскіх легіянераў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны жыў і працаваў на чыгуначнай станцыі Бераставіца. У 1967 г. за актыўны ўдзел ў барацьбе за ўстанаўленне савецкай улады ўзнагароджаны медалём «За бавыя заслугі».
КАРАНЕЦКІ Іван Кірылавіч, нарадзіўся ў в. Алекшыцы. Удзельнік баёў з калчакаўцамі ў Сібіры, з басмачамі ў Туркестане.
КРУК Пракоп Антонавіч, нара­дзіўся ў 1891 г. у Галынкаўскай воласці. 3 1912 г. у арміі, служыў сігнальшчыкам на лінкоры «Севастопаль» на Балтыйскім флоце, удзельнік Лядовага паходу з Гельсінгфорса ў Кранштат у сакавіку 1918 г. і абароны Петраграда ў 1919 г.
МАСЛОЎСКІ Фёдар Васільевіч, нарадзіўся ў в. Алекшыцы, удзельнік баёў з калчакаўцамі ў Сібіры і з басмачамі ў Туркестане.
МІКУЦЬ Антон Трафімавіч, нара­дзіўся ў 1899 г. у в. Рудаўляны. У 1919-1920 гг. баец 2-й Данской дывізіі.
МІЛАШЭЎСКІ Антон Антонавіч, нарадзіўся ў 1891 г. у в. Жорнаўка, ваяваў на Усходнім фронце кулямётчыкам у Чапаеўскай дывізіі. У час фашысцкай акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны актыўна дапамагаў партызанам.
МЯНЬКО Іосіф, нарадзіўся ў в. Кудрычы. У 1915 г. мабілізаваны ў царскую армію, з чэрвеня 1916 г. на фронце. Пасля Брэсцкага міру дэмабілізаваўся, працаваў на чыгуначнай станцыі пад Чэлябінскам. У лютым 1919 г. у выніку абавязковай усеагульнай мабілізацыі папаў у войска адмірала Калчака. Пад Бугурусланам полк перайшоў на бок бальшавікоў. І. Мянько добраахвотнікам уступіў у Чырвоную Армію, ваяваў на Усходнім фронце.
НІКАНОВІЧ Іван Іванавіч, нарадзіўся ў в. Мянькі. У 1915 г. разам з сям’ёй эвакуіраваўся на Украіну, працаваў на заводзе ў Днепрапятроўску, добраахвотнікам уступіў у Чырвоную Армію. Служыў на Дняпроўскай флатыліі. Удзельнік баёў пад Мелітопалем, Арлом, на Дняпры. Быў паранены. У 1922 г. вярнуўся на радзіму.
РАМАНЮК Мікалай Міка­лаевіч, нарадзіўся ў 1900 г. у Вялікабераставіцкай воласці, разам з сям’ёй быў у бежанстве ў Расіі. Мабілізаваны ў 1919 г., удзельнік шматлікіх баёў у 1919-1920 гг., служыў на Дняпроўскай флатыліі.
СТАЛЬМАШУК Уладзімір Аляк­сеевіч, нарадзіўся ў 1892 г. у в. Непарожнеўцы. Служыў у Петрагра­дзе, у Адміралцействе. У час рэвалюцыйных падзей перайшоў на бок бальшавікоў. У верасні 1917 г. пры­камандзіраваны штабам Балтыйскага флоту да Петраградскага Савета для арганізацыі работы суднабудаўнічых і суднарамонтных заводаў у Петраградзе, Кранштаце, Рэвелі. Актыўны ўдзельнік рэвалюцыйных падзей.
СТАНКЕВІЧ Аляксандр Аляк­сеевіч, нарадзіўся ў в. Клюкоўцы. Летам 1915 г. разам з сям’ёй аказаўся ў бежанстве ў Расіі. Удзельнік грамадзянскай вайны, ваяваў у 1-й Коннай арміі Будзённага. У 1921 г. вярнуўся ў родную вёску, прымаў актыўны ўдзел у падпольным рэвалюцыйна-вызваленчым руху. Гродзенскім акруговым судом прыгавораны на 5 гадоў турэмнага зняволення, потым быў вязнем канцлагера ў Куртуз-Бярозе. Заўчасна памёр.
СТОКА Іван, нарадзіўся ў в. Алекшыцы. У час Першай сусветнай вайны аказаўся ў бежанстве. 3 1918 г. у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у баях на фронце і ў барацьбе з бандытызмам.
ЦІВУНЧЫК Рыгор Міхайлавіч, нарадзіўся ў в. Цецяроўка. У сярэдзіне жніўня 1915 г. сям’я падалася ў бежанства, жылі ў г. Нарафамінск, потым на станіцы Новааляксандраўскай на Кубані. 3 чэрвеня 1918 г. баец Чырвонай Арміі. У баі за станцыю Каўказская Краснадарскага краю быў цяжка паранены, там і памёр.
ЦЮХАЙ Іван Сцяпанавіч, нара­дзіўся ў в. Лішкі ў 1893 г. У 1918 г. у складзе Багучарскага палка ўдзель­нічаў у баях з белагвардзейцамі пад Паўлаўскам, Багучарскам.
ЯФІМІК Аляксандр Фаміч, нарадзіўся ў 1886 г. у в. Гарбачы. Удзельнік Першай сусветнай вайны, ваяваў у Бесарабіі, узнагароджаны Георгіеўскім крыжам. 3 акопаў папаў у Тамбоўскую губерню, дзе знаходзілася ў бежанстве яго сям’я. Працаваў у Тамбове на парахавым заводзе, быў членам рабочай дружыны самаабароны, удзельнічаў у баях з фарміраваннямі атамана Мамантава. У 1920-я гады разам з сям’ёй вярнуўся ў родную вёску.

Матэрыял падрыхтавалі
навуковыя супрацоўнікі Музея Вавёркі Мікалай Пацэнка
і Андрэй Самкоў.
Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны звесткі архіваў



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *