Урачыстая рэгістрацыя нараджэння дзіцяці прайшла ў ЗАГСе ў Бераставіцы

Лента новостей

Нашае жыццё бясконцы шэраг момантаў: шчаслівых і не вельмі, вясёлых і сумных. Шкада, што многія з іх, асабліва тыя, што датычацца ранняга маленства – хрэсьбіны, першы дзень нараджэння – для нас саміх у той перыяд зусім не запамінальныя. Адзіным напамінам будуць успаміны самых блізкіх і родных людзей ды фотаздымкі.

Асаблівым выдалася 12 кастрычніка для сям’і Шапавалавых. У рамках акцыі “Чараўніцтва ў жыцці кожнага – гэта ўсё ад мамы” аддзелам загс Бераставіцкага райвыканкама было праведзена ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню маці, — зарэгістравана нараджэнне дзіцяці.  

У цёплай атмасферы Сяргею Яўгеньевічу і Марыне Аляксандраўне Шапавалавым было ўручана пасведчанне аб нараджэнні іх сына Аляксандра.

Як прызнаюцца бацькі, з выбарам імені для свайго трэцяга дзіцяці, у сям’і яшчэ выхоўваюцца шасцігадовы Ягорка і гадавалая дачушка Валерыя, яны вызначыліся адразу.

— У нашых сем’ях імя Аляксандр з’яўляецца вельмі распаўсюджаным, — прызнаецца Марына Шапавалава. – Мы з мужам вырашылі не парываць традыцыі і назваць свайго хлопчыка гэтым мужным і прыгожым імем.

— Да таго ж і гучыць шыкоўна, Аляксандр Сяргеевіч, — падхоплівае Сяргей Яўгеньевіч.

Цікава, што дзень нараджэння іх сына супаў з яшчэ адной важнай падзеяй. Менавіта 27 верасня, чатыры гады таму, пачалася гісторыя гэтай вялікай і дружнай сям’і – пара зарэгістравала свой шлюб.

Цяпер жа павіншаваць віноўнікаў урачыстасці з радаснай падзеяй прыйшлі самыя родныя і блізкія – бабуля Вольга Шапавалава і дзядзька Яўген Шапавалаў. На рэгістрацыі нараджэння таксама прысутнічалі загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Ісакава, старшыня Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Алена Філіповіч, намеснік старшыні Бераставіцкай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Таццяна Жэнгелевіч і інструктар-метадыст ААТ “Бераставіцкая птушкафабрыка” Міхаіл Савіч, якія таксама павіншавалі сям’ю Шапавалавых і ўручылі ім памятныя падарункі.

Трэба адзначыць, што паўнавартасным грамадзянінам нашай краіны, са сваім імем, імем па бацьку і прозвішчам Аляксандр Сяргеевіч Шапавалаў стаў у год 100-годдзя з дня ўтварэння органаў запісу актаў грамадзянскага стану.

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *