У КСУП “Варанецкі” добра ўрадзіла кукуруза

Лента новостей Сельское хозяйство

Хуткаплынны і няўлоўны час… Яшчэ ў мінулым нумары мы расказвалі, як ва ўсю моц бурліць і віруе жыццё на палетках сельгаспрадпрыемстваў пад час уборкі кукурузы на сілас. А сёння працы ў аграрыяў прыбавілася ажно ўдвая: паралельна ідзе ўборка карыснай збожжавай і кармавой культуры на зерне. Адным з першых сельгаспрадпрыемстваў, што прыступіла да гэтага не менш адказнага этапу яшчэ 26 верасня стаў КСУП “Варанецкі”.
— У гэтым годзе пасевы кукурузы раскінуліся на 878 гектарах зямель, — зазначае выконваючы абавязкі галоўнага агранома Аляксандр Рыжэўскі. – З іх на сілас прыпадае 478 гектараў, астатнія 400 – на зерне. На 2 кастрычніка дзясятая частка кукурузных палеткаў на зерне была абмалочана. Добрая ўраджайнасць, звыш 150 цэнтнераў з гектара, дазваляе аднаму кормаўборачнаму камбайну намалочваць у дзень больш за 150 тон збожжа.
У КСУП “Варанецкі” не абмяжоўваюцца пасевамі двух-трох гатункаў кукурузы, але найбольшая плошча палеткаў, па словах Аляксандра Іосіфавіча, адведзена пад гатунак “стэсі” – ранні гібрыд пераважна збожжавага накірунку. Ён устойлівы да палягання і халадоў, характарызуецца хуткім стартавым развіццём, цешыць стабільнымі ўраджаямі збожжа пры розных метэаўмовах і на розных тыпах глеб. Ацаніць прадукт мы змаглі бліз вёскі Ёдкавічы. Лёгкі ветрык і ласкавыя промні сонца нібы суправаджалі праязджаючыя міма аўтамашыны, напоўненыя буйнымі залатымі зярнятамі. Усяго на адвозцы задзейнічана чатыры адзінкі тэхнікі.
Прызнацца, асвячаць працу на палетках, калі гэтаму спрыяе надвор’е, а дзень абяцае новыя знаёмствы, — сапраўдная раскоша для журналіста. З усмешлівым і на дзіва гаваркім камбайнерам Антонам Іадкоўскім размова завязалася адразу. Атрымаўшы ў адным з гарадзенскіх вучылішч спецыяльнасць фрэзероўшчыка, Антон Станіслававіч вось ужо амаль 29 гадоў працуе ў КСУП “Варанецкі”. У не такім ужо і блізкім 1988 годзе ўладкаваўся сюды вадзіцелем, так і зацягнула (у добрым сэнсе) яго гэтая справа. За свой шматгадовы працоўны стаж мужчына быў задзейнічаны на розных работах. Да прыкладу, толькі на збожжаўборачным камбайне “Лексіён-580” вось ужо адзінаццаты год запар працуе на ўборцы кукурузы, таму і ўсю тэхналогію ведае дасканала.
Дарэчы, пры ўборцы кукурузы на зерне яго вільготнасць не павінна перавышаць 35-40 працэнтаў. Шкада, што апошнім часам гаварыць пра спрыяльныя прыродныя ўмовы даводзіцца зусім нячаста. Таму сабранае з палеткаў збожжа адразу адпраўляецца на зернесушыльныя комплексы, дзе дасушваецца да вільготнасці 14 працэнтаў. Менавіта ў такім стане яно доўга захоўваецца і не страчвае сваіх фуражных якасцей.
Увогуле, справіцца з уборкай кукурузы на зерне у сельгапрадпрыемстве плануюць да канца кастрычніка.

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *