У СВП “АграМір” яблыкі да збору гатовыя

Лента новостей

Калі для большасці людзей з надыходам восені ў прыярытэце – праца на бульбяных палетках, то для садаводаў дадатковая і галоўная місія ў гэты перыяд – збор новага ўраджаю яблыкаў. Як і ў кожнай справе, тут таксама ёсць свае нюансы: важна вызначыць аптымальны тэрмін уборкі садавіны, бо пераспелая ляжаць не будзе, а недаспелая яшчэ не назапасіла патрэбную колькасць цукраў. Пасля падрыхтаваць месца для зберагання з усімі неабходнымі для гэтага ўмовамі. І калі для ўладальніка невялікай колькасці саджанцаў, што раскінуліся на прысядзібным участку, зазвычай гэта не праблема, то як быць іншым?

У СВП “АграМір” за некалькі гадоў існавання сада яблынькі раскінуліся на 75 гектарах са 178, адведзеных пад розныя саджанцы. Самыя першыя дрэўцы тут былі высаджаны яшчэ ў 2010 годзе, самым маладзенькім – гадоў пяць. Добра ўкараніўшыся, цяпер кожны сезон яны цешать не толькі жыхароў усёй Гродзеншчыны, але і нашых суседзей, шчодрым ураджаем (пэўны адсотак прадукцыі адпраўляецца за мяжу – у Расійскую Федэрацыю). Цёмна-чырвоныя з фіялетавым адценнем, з бледна-жоўтай мякаццю, з ледзь улоўным водарам – усіх прыкмет і не пералічыць. А колькі смакавых адценняў! Тут знойдзецца гатунак на любы густ.

Як расказаў начальнік участка Андрэй Кучун, работы ў садзе пачаліся 12 верасня са збору ападу, 5 тон якога ўжо здадзена. Перапрацаваныя, яны з’явяцца на паліцах айчынных крамаў пад выглядам сокаў, нектараў і пюрэ гандлёвай маркі “АВС”. Да збору яблыкаў на закладку ў сельгапрадпрыемстве прыступілі 15 верасня і на 25 верасня ўжо поўнасцю сабраны гатунак Беларускае салодкае (8 тон). Цяпер вядзецца збор гатунка Заслаўскае (сабрана звыш 18 тон). Зараз на плантацыях заняты працаўнікі СВП “АграМір” – 10 чалавек – у хуткім часе да іх далучыцца брыгада са Столінскага раёна. Плануецца, што ўся садавіна будзе вывезена з саду да канца наступнага месяца.

Цікаўлюся ў Андрэя Іосіфавіча, як зразумець, што ўжо пара здымаць яблыкі з галін.

— У першую чаргу спеласць яблыка выдае яго афарбоўка, а пры разрэзе – зярняты цёмна-карычневага колеру, — дадае мой суразмоўца. – Лягчэй вызначыць па ападу, бо калі ў ім з’явіліся яблыкі прыгожыя і буйныя, значыць – яны гатовыя для збору. Прыступаць да гэтага дзейства лепш у ясны цёплы сухі дзень. Збіраць пажадана пасля поўдня. Гэта асабліва актуальна для зімовых гатункаў, якія збіраюцца позняй восенню – паветра паспее прагрэцца, а яблыкі будуць абсалютна сухімі. Летнія, восеньскія гатункі можна здымаць і пасля дажджу, але перад зборам трэба даць ім крыху абсохнуць.

Шкада, канешне, што ў прыроды часам зусім іншыя планы.

— А як быць са збераганнем? – зноў пытаюся я.  – Чула, што яблыкі ў скрынях трэба выкладваць па аднаму.  Наколькі гэта рэальна ў дадзеных умовах?

— Лепш за  ўсё зберагаць сабраны ўраджай у драўляных скрынях, мы так і робім, загадзя апрацаваўшы іх медным купарвасам. Змяшчальнасць адной скрыні складае прыкладна 300-340 кг. Галоўнае не трымаць яблыкі на сонцы і адкрытым паветры. Сабраны ўраджай адразу адпраўляецца ў сховішча, дзе захоўваецца пры тэмпературы +3°С.

Назіраць за тым, як скрыні напаўняюцца прыгожымі, налітымі сокам яблыкамі, адно задавальненне. Прызнацца, захацелася вярнуцца сюды зноў, але адной, бо бязлюдны,  у абдымках ранішняга туману сад  прыцягвае, заманьвае сваёй таямнічасцю…

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *