Знайшоў сябе ў будаўніцтве

Общество Человек и его дело

Углядаючыся ў мінулае, ты разумееш, што з кожнай хвілінай яно расплываецца, нібы акварэль на вільготнай паперы. Тое, што калісьці прыносіла задавальненне, тое, без чаго, здавалася б, не можаш пражыць ні дня, у адзін момант страчвае сэнс і ўжо не мае ніякага значэння. Мяне заўсёды здзіўляла, як чалавек усё сваё жыццё можна быць адданы адной справе. І нават праз працяглы час адчуваць усё тое ж “дзіцячае” узрушэнне, нібы ты ўпершыню пабачыў, паспрабаваў, адчуў. Як не ўвайсці, а абыйсці гэтае рэчышча!? Ці наадварот!?
Герой маёй публікацыі – Павел Макуць – працуе прарабам у РУСП “Масаляны” з 2015 года. Гаварыць пра шматгадовы працоўны стаж майго субяседніка (яму толькі 26 гадоў) пакуль не даводзіцца, аднак адчуванне, што малады чалавека абраў правільны накірунак, не пакідала на працягу ўсёй размовы. Жаданне знайсці сябе і рэалізавацца ў любімай справе – мэта кожнага адэкватнага і разважнага чалавека. Паўлу Андрэевічу ў гэтым плане пашчасціла… Своечасова ўцяміўшы, што вучоба на чыгуначніка – гэта шлях, які абралі за яго, тады яшчэ зусім падлетак раз і назаўжды вырашыў, што вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным каледжы чыгуначнага транспарту ён не будзе, як бы аб гэтым не марыла мама. Што і казаць, выпадак не адзінкавы, бо зазвычай ў большасці бацькоў на сваіх дзяцей зусім іншыя планы, у якія апошніх яны чамусьці пасвячаць лічаць не такім ужо і важлівым заняткам. Але зараз не аб гэтым…
Паспяхова скончыўшы Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў імя У.Г. Каменскага, юнак прадоўжыў вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту па спецыяльнасці “Інжынер-будаўнік”. Па ўспамінах майго суразмоўцы, гады праляцелі хутка і трэба было вызначацца з месцам працы. Бераставіччына была абрана не выпадкова: па-першае, прадастаўляліся добрыя жыллёвыя ўмовы (асобны дом), а па-другое, – блізкае суседства з яго родным раёнам (герой родам з Ваўкавыска). Сёння аб гэтым выбары ён не шкадуе і з задавальненнем расказвае пра свай фронт работ.
— Перш за ўсё, прараб арганізоўвае працоўны працэс, – заўважае Павел Андрэевіч. — Ён раздае заданні, дзе ўказваецца аб’ём будаўніча-мантажных работ, сочыць за выкананнем ўсіх запланаваных спраў у тэрмін. Таксама на прараба ўскладзеныя і гаспадарчыя абавязкі. На даручаным ўчастку ён разлічвае колькасць будматэрыялаў, кантралюе іх наяўнасць, вядзе ўлік дакументаў. Для мяне надзвычайна важна, каб на будаўніцтве не парушаліся правілы тэхнікі бяспекі, каб праведзеная праца адпавядала ўсім запатрабаванням, бо ў далейшым прараб удзельнічае і ў здачы гатовага аб’екта.
Павел Андрэевіч – чалавек нешматслоўны, таму і даказвае ўсё справай, а не прыгожымі слоўнымі абаротамі. Ён расказаў, што ў РУСП “Масаляны” на дадзены момант вядзецца рэканструкцыя трох шасцікватэрных жылых будынкаў у двухкватэрныя, адзін з якіх у хуткім часе будзе здадзены ў эксплуатацыю. У сельгаспрадпрыемстве ўжо праведзены рамонт дахаў двух зернескладоў, па меры неабходнасці ажыццяўляюцца рамонтныя работы на комплексах і многае іншае. Увогуле, спектр работ самы разнастайны, а ўлічваючы хуткае набліжэнне зімы, сядзець на месцы не прыходзіцца.
У дадатак з ліпеня 2016 года ён яшчэ займае пасаду метадыста па фізкультурна-аздараўленчай працы. Улічваючы сваю “нездаровую” цікаўнасць да спорту, гэты нюанс, прызнаюся, зацікавіў мяне куды больш.
— Праводзіць спартыўныя спаборніцтвы мы намагаемся некалькі разоў у месяц, – дзеліцца мой суразмоўца. – Гэта свайго роду своеасаблівыя батлы паміж працоўнымі калектывамі Бераставіцкага раёна на выяўленне лепшага з лепшых. Літаральна ў гэтыя выхадныя прымалі ўдзел у спаборніцтвах па настольнаму тэнісу. Прызавых месцаў, на жаль, не занялі, аднак, як кажуць, “то ли еще будет”.
Дарэчы, сказаць, што Павел Андрэевіч – чалавек адарваны ад спорту, будзе няправільным. Ён і сам прызнаецца, што прымае актыўны ўдзел у спаборніцтвах, а ў вольныя хвіліны любіць пайграць з сябрамі ў футбол.
— І ў будаўніцтве, і ў спорце мяне прыцягвае разуменне карыснасці гэтых спраў для чалавека, — гаворыць мой суразмоўца. – Мне, як будаўніку, цяжка перадаць словамі, што адчуваеш, калі на ўласныя вочы бачыш плён сваёй працы. Ахопліваюць трапяткія пачуцці, нібы яно тваё і такое роднае. Гэта суразмерна стану, калі ты знаходзішся поруч са сваімі блізкімі.
Адразу цікаўлюся, хто гэтыя людзі?
Імгненна твар майго субяседніка азараецца шчырай ўсмешкай і голас становіцца нейкім больш лагодным.
— Маё шчасце – гэта жонка Вольга і маленькая дачка Іаана, — з цеплынёй і пяшчотай адказвае ён…
Тактоўны, стрыманы, спакойны – менавіта гэтыя тры словы я занатавала ў сваім штодзённіку, калі ўпершыню пабачыла Паўла Андрэевіча. Прыемна, што і на гэты раз інтуіцыя не падвяла, і пад час нашай гутаркі ўсе яны пацвердзіліся.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *