Дэлегацыя Бераставіцкага раёна пабывала ў Польшчы

Культура Общество Тема недели

На мінулым тыдні, з 8 па 11 верасня, дэлегацыя Бераставіцкага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы Алай Заміроўскай наведала Рэспубліку Польшча. Народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прыняў удзел у свяце ўраджаю гміны Косакова Пуцкага павета Паморскага ваяводства.

– Гэта так званы візіт у адказ, – расказвае кіраўнік дэлегацыі Ала Заміроўская. – У сакавіку гэтага года ў Бераставіцкім раёне з афіцыйным візітам знаходзілася дэлегацыя гміны Косакова. Старшынёй райвыканкама Антонам Кулісевічам і войтам гміны Ежы Влудзікам было падпісана пагадненне аб партнёрскім супрацоўніцтве. Госці пазнаёміліся з прамысловымі і сацыяльнымі аб’ектамі нашых аграгарадкоў, з эканамічнымі і культурнымі дасягненнямі рэгіёна, з творчасцю народных калектываў, атрымалі прыемныя ўражанні ад Бераставіччыны і, у сваю чаргу, запрасілі да сябе. Дажынкі, якія традыцыйна і шырока адзначаюць у Косакаве, сталі добрай нагодай для паездкі. Наш першы крок на шляху супрацоўніцтва можна назваць культурным, творчым, паколькі ў канцэртнай праграме свята ўраджаю польскія арганізатары прадугледзелі выступленне народнага ансамбля народнай песні “Бераставіцкія музыкі”.
– Дарэчы, падчас нашага візіту і сустрэчы з войтам гміны Косакова Ежы Влудзікам, – гаворыць Ала Аляксееўна, – былі абмеркаваны і аспекты супрацоўніцтва ў іншых сферах. У будучым, напрыклад, не выключана магчымасць арганізацыі летняга адпачынку школьнікаў – польскіх у нас, бераставіцкіх – у Польшчы.
Дажынкі ў Косакове карыстаюцца папулярнасцю ў мясцовага насельніцтва. Па традыцыі вынікі працы фермераў і ўсіх, хто звязаны з сельскай гаспадаркай, тут падводзяць маляўнічым відовішчам, якое распачынаецца вялікім шэсцем. Так было і на гэты раз. Прадстаўнікі адміністрацыі і пачэсныя госці, творчыя калектывы, работнікі фермерскіх гаспадарак гміны і насельніцтва мястэчак прайшлі – і нават праехалі на ўпрыгожаных вазах і машынах з касцюміраванымі персанажамі – працэсіяй да галоўнай сцэны свята. Замыкала шэсце сучасная сельгастэхніка.
На сцэне адбылася імша пад музычнае суправаджэнне аднаго з фальклорных калектываў. Для любой краіны свету важна сабраць багаты ўраджай. Гэта залог эканамічнай стабільнасці. Такія меркаванні, а таксама словы віншаванняў і ўдзячнасці за высакародную працу гучалі з галоўнай сцэны падчас урачыстай часткі свята з вуснаў прэфекта Пуцкага павета, войта гміны Косакова і іншых гасцей. Ала Аляксееўна таксама павіншавала польскіх партнёраў са святам ураджаю, а ў падарунак ад Бераставіччыны быў паднесены каравай, прыгожы сноп і саламяная сувенірная прадукцыя.
Выступленне “Бераставіцкіх музыкаў”, якое доўжылася сорак хвілін, было цёпла ўспрынята польскай публікай. Гледачы не скупіліся на шчырыя апладысменты і пазітыўныя эмоцыі. Пасля канцэрта нават бралі ў нашых артыстаў аўтографы і выказвалі словы ўдзячнасці за жывое яскравае выкананне беларускіх і польскіх народных песень.
Свята ўраджаю ў Косакове прайшло маштабна. Былі наладжаны шматлікія выставы-продажы, гульнявыя і конкурсныя праграмы, майстар-класы. Дастаткова вялікай атрымалася канцэртная праграма з удзелам калектываў і выканаўцаў у розных жанрах. Конкурс караваяў і снапоў, узнагароджанне тых, хто дасягнуў значных вынікаў на жніве, традыцыйнае частаванне гасцей і жыхароў хлебам новага ўраджаю – усяго і не пералічыць.
Нашы ўдзельнікі паездкі, дзелячыся сваімі ўражаннямі, адзначылі, што польскае свята ўраджаю было надзвычай масавым і шчырым на эмоцыі. Удзел у ім пакінуў у нашай дэлегацыі прыемныя пачуцці і ўспаміны. Тым больш, што праграма паездкі, якую падрыхтавала адміністрацыя гміны Косакова для бераставіцкіх гасцей-партнёраў, уключала таксама знаёмства з сацыяльна-культурнымі аб’ектамі гміны Косакава, экскурсіі ў Гданьск, Сопат і Гдыню, пражыванне ў камфартабельным атэлі на беразе Балтыйскага мора і марскую прагулку.
Чакаецца, што польскія госці наведаюць Вялікую Бераставіцу на Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі.
Святлана Ганчарова,
фота Дзмітрыя Місюлі і з сайта гміны Косакова Рэспублікі Польшча



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *