Бераставіцкая раённая бібліятэка знаёміць з новай літаратурай беларускіх пісьменнікаў

Лента новостей

Сyчacная бeлapycкaя лiтapaтypа xapaктapызyeццa дынaмiкaй paзвiцця, yзбaгaчэннeм пpынцыпoвa нoвыx pыcaў i якacцяў. Разам з традыцыйнымі з’явіліся новыя тэмы, уласцівыя менавіта сённяшняму дню. Гэта перш за ўсё тэмы чарнобыльскай трагедыі, сталінскіх рэпрэсій, жыцця вёскі і яе праблем, беражлівых адносін да прыроды, сэнсу чалавечага існавання. Характэрнай асаблівасцю сучаснай прозы з’яўляецца вяртанне яе да мінулага. Адбываецца пераасэнсаванне колішніх падзей з пазіцый сучаснасці. Абжываюцца дэтэктыўна-прыгодніцкі і фантастычны жанры. Дзяржаўная ўстанова культуры «Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М.Кавалеўскага» прапануе пазнаёміцца з новай літаратурай беларускіх пісьменнікаў, якую можна знайсці на кніжных паліцах.

Генадзь Аўласенка, “Ключ, які нічога не адмыкае”. Новая кніга прозы Генадзя Аўласенкі мае падзагаловак «Рэальна-містычна-фантастычныя апавяданні». І гэта сапраўды так. Бо нягледзячы на тое, што зборнік апавяданняў можна вызначыць як містычна-фантастычны, рэальнага на яго старонках не менш, чым містыкі альбо фантастыкі. А месцамі — нават і больш… У зборнік увайшлі розныя паводле памеру і тэматыкі апавяданні. Усе яны (хоць і ў рознай ступені) знаходзяцца на хісткай і даволі размытай мяжы паміж «рэальным і фантастычным». Толькі некаторыя з твораў (тыя, што пераступілі ўсё ж нябачную гэтую мяжу) можна аднесці да чыстай фантастыкі альбо сапраўднай містыкі.
“Недаспяваныя песні”. Зборнік знаёміць з творчай спадчынай паэтаў Беларусі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя вершы яднаюць матывы ўслаўлення радасці жыцця, веры ў лепшую будучыню, пачуццё палымянай любові да Радзімы. Гераічнае і трагічнае яскрава ўвасобілася ў паэтычных творах, напіса­ных у суровых умовах ваеннага часу. Адрасуецца вучням устаноў сярэдняй адукацыі, а таксама настаўнікам, студэнтам і ўсім аматарам беларускай паэзіі.
Анатоль Казлоў, “Горад у нябёсах”. Аповесці і апавяданні празаіка створаны на сённяшнім няпростым і супярэчлівым жыццёвым матэрыяле, дзе рэальнае, існае спалучаецца са спрадвечным фальклорна-міфалагічным. У цэнтры ўвагі аўтара – моладзь са сваімі праблемамі і пошукамі – часам цяжкімі і пакутлівымі – свайго месца ў жыцці. Пласты містычнага і рэальнага ствараюць непаўторны каларыт пісьма аўтара.
Іван Саверчанка, “Улада пячаткі”. У кнізе ўзноўлены гераічныя і трагічныя старонкі старажытнай гісторыі Беларусі, здзейснена мастацкая рэканструкцыя глыбінных пластоў нацыянальнай міфалогіі і вераванняў беларусаў. Галоўнымі героямі твораў з’яўляюцца найбольш значныя асобы мінулага — Рагвалод і Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Міндоўг, Вітаўт Вялікі, Астафей Валовіч, Сымон Будны, Леў Сапега, Іпацій Пацей, Іосіф Вельямін Руцкі, Кастусь Каліноўскі і Вацлаў Ластоўскі.
Выданне разлічана на шырокае кола чытачоў: выкладчыкаў і студэнтаў, настаўнікаў і школьнікаў старэйшых класаў.
“Першае каханне”. Ці хочацца вам, каб чытанне было класным, асабліва пазакласнае? Калі так, дык гэтая кніга для вас. Першае каханне, сяброўства і прыгоды, праблемы і іх пераадоленне ў творах Уладзіміра Аляхновіча, Міколы Гамолкі, Міхася Зарэмбы, Міхася Лынькова, Івана Навуменкі і Кузьмы Чорнага нікога не пакінуць абыякавымі.
“Сена на асфальце”. У кнізе змешчаны выбраныя апавяданні Аляксея Дударава, Янкі Сіпакова, Міхася Стральцова, Івана Пташнікава і Івана Чыгрынава, якія карыстаюцца нязменнай папулярнасцю ў наведвальнікаў бібліятэк.
Святлана ГЛАДКАЯ,
бібліятэкар чытальнай залы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *