Бібліятэчныя навіны Бераставіччыны

Культура Лента новостей

Жнівень у філіялах Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага быў адметны мерапрыемствамі ў рамках акцыі “Лета з добрай кнігай”, прысвечанымі 500-годдзю з дня выхаду ў свет першай друкаванай кнігі Францыска Скарыны “Псалтыр” і Году навукі.
У філіяле “Масалянская інтэграваная сельская бібліятэка” да Года навукі была праведзена віктарына “Навука выратуе свет”. Удзельнікамі мерапрыемства сталі дзеці са школьнага лагера “Сонейка”. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем удзельнічалі ў віктарыне, актыўна адказвалі на яе пытанні. У філіяле “Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка” адбылося віртуальнае падарожжа “Зямному прыцягненню насуперак”, прысвечанае 110-годдзю з дня нараджэння навукоўца, канструктара ракетна-касмічных сістэм Сяргея Каралёва. Наведвальнікі пазнаёміліся з біяграфіяй Сяргея Паўлавіча, з мультымедыйнай прэзентацыі даведаліся пра яго канструктарскую дзейнасць, а падчас прагляду дакументальнага фільма “Сяргей Паўлавіч Каралёў” зразумелі, што яго самаадданая праца, адданасць абранай прафесіі зрабілі рэальнасцю, здавалася б, неажыццявімую мару чалавека пра касмічныя палёты.
У філіяле «Алекшыцкая сельская бібліятэка» прайшла інфармацыйная гадзіна «І зноў кніга нарадзілася» для дзяцей школьнага лагера. Прысутныя даведаліся, якія кнігі ў гэтым годзе адзначаюць свой юбілей. Творы-юбіляры беларускіх, рускіх і замежных аўтараў былі прадстаўлены на адпаведнай выставе. Больш падрабязней у размове спыніліся на першай друкаванай кнізе Францыска Скарыны “Псалтыр” і гісторыі яе выдання, а таксама на казцы «Новое платье короля» дацкага пісьменніка Андэрсэна, якой сёлета споўнілася 180 гадоў. Мультымедыйнай прэзентацыяй “Скарынавай душой узлашчанае слова” і кніжнай выставай “Ад мінулага ў сёння і заўтра вядзе нас друкаванае слова” адзначылі юбілей першага скарынаўскага выдання “Псалтыр” у Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы.
У працяг акцыі “Лета з добрай кнігай” супрацоўнікі філіяла “Дзіцячая бібліятэка” запрасілі наведвальнікаў прышкольнага лагера “Дружба” Вялікабераставіцкай сярэдняй школы на займальна-гульнявую праграму “Лета на планеце загадак”. Дзеці адгадвалі загадкі пра летнія месяцы, успаміналі прыказкі, адказвалі на пытанні віктарыны “Лекавыя расліны”, чыталі вершы, спявалі песні пра лета, прымалі ўдзел у тэматычных конкурсах. У філіяле “Масалянская інтэграваная сельская бібліятэка” таксама для наведвальнікаў прышкольнага лагера была наладжана конкурсная гульня “Лета ў загадках”. А малабераставіцкія юныя чытачы прынялі ўдзел у гучных чытаннях пад назвай “На лавке летним днем в руки книжку мы возьмем”. Сустрэча праходзіла ў выглядзе літаратурнага часопіса.
У Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы цікава і пазнавальна прайшлі “Вясёлыя вячоркі ў Яблычны Спас”, на якія былі запрошаны ўдзельніцы аматарскага аб’яднання “Пагаворым па душы”. Гутарка вялася аб праваслаўным свяце Праабражэння Гасподняга, ці, як кажуць у народзе, Яблычным Спасе. На сустрэчы гучалі вершы, загадкі, песні пра яблыкі, прысутныя змаглі паўдзельнічаць у конкурсах і віктарынах, а напрыканцы пачаставацца чаем са смачнымі яблычнымі пірагамі.

Да друку падрыхтавала  Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *