У “АграМіры” адсвяткавалі Дажынкі

Сельское хозяйство Тема недели

Літаральна некалькі дзён таму ў раёне “адгрымела” галоўнае свята хлебаробаў “Дажынкі-2017”, але ўзнагароджванне працаўнікоў жніва ў сельгаспрадпрыемствах Бераставіччыны на гэтым не спынілася. 23 жніўня ў Бераставіцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло ўшанаванне лепшых працаўнікоў сельскагаспадарчага вытворчага прадпрыемства “АграМір”. Мерапрыемства распачалося з дыгустацыі фірмовай прадукцыі ААТ “Малочны Мір”. На суд удзельнікаў і гасцей свята было прадстаўлена безліч прысмакаў: тварожныя сыркі, ёгурты і іншыя малочныя прадукты, паласавацца якімі ў гэты дзень мог кожны жадаючы.
Каб павіншаваць усіх з заканчэннем уборачнай кампаніі і падзякаваць хлебаробам за іх нялёгкую працу на палетках сельгаспрадпрыемства, на свята завіталі госці: Марына Анікеева, генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Малочны Мір”, Аксана Вішнеўская, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ “Малочны Мір”.
З уступным словам да ўсіх прысутных звярнулася Марына Анікеева:
— Дарагія ўдзельнікі жніва і госці! Дазвольце павіншаваць вас з галоўным святам хлебаробаў – “Дажынкамі”. Для ўсіх аграрыяў гэта быў няпросты год, але мы справіліся, атрымаўшы добры ўраджай. Сёлета ён ажно на тысячу тон большы ў параўнанні з мінулым годам. І гэты вынік парадаваў кожнага, хто ўбіраў зерне з палеткаў, хто адвозіў яго ў збожжасховішча. Для сельгаспрадпрыемства гэта добры зачын на будучыню. Дзякуй вам, хлебаробы, за сумленную і плённую працу.
За дасягнутыя высокія паказчыкі ў рабоце Марына Анікеева ўзнагародзіла лепшых працаўнікоў СВП “АграМір”, сярод якіх вадзіцелі Іван Кавальчук і Аляксандр Журкевіч, галоўны аграном Павел Канеўскі, кухарка Алена Лапунова, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці Віктар Каваленя, аператар сушыльнай устаноўкі Сяргей Крывеня, токар Міхаіл Харук і выконваючы абавязкі дырэктара сельскагаспадарчага вытворчага прадпрыемства “АграМір” Мікалай Гуз.
Як адзначыў Мікалай Гуз, з уборкай збожжавых і зернебабовых культур сельгаспрадпрыемства справілася раней вызначанага тэрміну. У гэтым годзе на хлебнай ніве працавалі шэсць збожжаўборачных камбайнаў, якія разам намалацілі звыш пяці тысяч тон збожжа. Ураджайнасць пры гэтым склала 57,1 ц/га.
За актыўны ўдзел у “Дажынках-2017” Мікалай Мікалаевіч узнагародзіў шэраг працаўнікоў сельгаспрадпрыемства. А старшыня Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Апон у класе камбайнаў прадукцыйнасцю 12 кг/с і вышэй узнагародзіў экіпаж у складзе Сяргея Томары і Пятра Дзешкі.
Падтрымалі вясёлай песняй перадавікоў і артысты Бера­ставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Увогуле, у гэты дзень было шмат прыемнасцей: падарункі, кветкі, словы ўдзячнасці. А колькі яшчэ будзе? Пытанне рытарычнае.

Вольга ЗАЕНЧКОУСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *