Пабывалі ў Маскве на дзіцячым Саміце

Лента новостей

Міжнацыянальныя сувязі паміж народамі Расіі і Беларусі развіваюцца і ўмацоўваюцца на самых розных узроўнях. І калі дарослыя часамі не заўсёды могуць дамовіцца па тых ці іншых пытаннях, то ў дзяцей праблем ва ўзаемаадносінах з равеснікамі з-за мяжы не ўзнікае. Гэта яшчэ раз пацвердзіў міжнародны дзіцячы Саміт “Міжнацыянальны дыялог”, які ў  чацвёрты раз прайшоў 21-24 сакавіка ў Маскве. Яго арганізатарамі выступілі Паўночна-Заходняе акруговае ўпраўленне адукацыі і гімназія №1551 г.Масква. Удзел у Саміце прымалі маладзёжныя дэлегацыі краін СНД і рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Рэспубліку Беларусь на гэтым форуме прадстаўляла дэлегацыя Гродзенскай вобласці, у складзе якой былі і 3 вучні Вялікабераставіцкай СШ: Лізавета Дубіцкая, Надзея Таберка і Аляксандр Носка. Хоць Саміт – мерапрыемства дзіцячае, але пытанні, якія на ім уздымаліся, сур’ёзныя. У гэтым годзе ён быў прысвечаны праблемам экалогіі і праходзіў пад дэвізам “Зямля – наш агульны дом!” Актуальнасць гэтай тэмы абумоўлена глабальнасцю экалагічных праблем, якія стаяць перад чалавецтвам, і немагчымасцю іх вырашэння без сфарміраванай экалагічнай адказнасці і экалагічнай культуры.

Як расказалі дэлегаты Саміту з нашага раёна, яго дні былі насычаны цікавымі і разнастайнымі мерапрыемствамі, новымі знаёмствамі і цудоўнымі ўражаннямі. У першы дзень гасцям сталіцы была прапанавана аглядная экскурсія па Маскве, яны пабывалі на Чырвонай плошчы, у Крамлі, наведалі дзелавы цэнтр “Масква-Сіці” і плошчу Зорак.
22 сакавіка адбылося ўрачыстае адкрыццё Саміту, прайшла прэзентацыя дэлегацый. Затым пачалася работа круглых сталоў. Ліза Дубіцкая прымала ўдзел у секцыі “Экалогія чалавечых адносін”, а Надзя Таберка і Саша Носка – у секцыі “Вада і водныя рэсурсы”. Вечарам усіх сабрала “касмічная” дыскатэка.
23 сакавіка быў самы насычаны дзень. Пачаўся ён з экскурсіі ў Музей Землязнаўства Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава для адной групы і ў Цэнтр экалагічнай адукацыі Маскоўскага гарадскога Палаца дзіцячай творчасці для другой. Затым   удзельнікі Саміту раз’ехаліся па розных маскоўскіх школах, дзе прымалі ўдзел у рабоце разнастайных секцый, на якіх  абмяркоўваліся  экалагічныя праблемы.  А вечарам усіх чакала наведванне Тэатральнага цэнтра на Дуброўцы  і пастаноўка “Обыкновенное чудо” ад стваральнікаў вядомага мюзікла “Норд-Ост”.
24 сакавіка прайшло закрыццё Саміту. За круглым сталом яго ўдзельнікі правялі адкрыты дыялог на тэму экалогіі, прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі маладых людзей развіваць і падтрымліваць інтарэс да вывучэння культуры і традыцый народаў розных нацыянальнасцей, пашыраць міжнацыянальны дыялог праз маладзёжныя арганізацыі і дзіцячы рух.

Затым быў святочны канцэрт, падрыхтаваны дэлегацыямі і на развітанне – экалагічная акцыя “Квітней, Зямля!”, падчас якой дэлегацыі высадзілі алею з дрэўцаў, прывезеных са сваіх рэгіёнаў.

Сасонка з Гродзеншчыны засталася ў Маскве, а два кусты расійскага бэзу, атрыманыя ўзамен нашай дэлегацыяй,  будуць прыжывацца на беларускай зямлі.

Удзельнікі Саміту вярнуліся дадому  з незабыўнымі ўражаннямі. Ліза Дубіцкая адзначае, што яе ўразіла маштабнасць  Масквы, а таксама дзяўчына ў захапленні ад Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава. Сашы Носка вельмі спадабаўся Крэмль і Чырвоная плошча, а Надзя Таберка яшчэ доўга будзе ўспамінаць пастаноўку мюзікла “Обыкновенное чудо”, цудоўныя дэкарацыі і адчуванне нечага звышнатуральнага, якое ў яе ўзнікла на спектаклі.

І ўсе яны выказалі ўпэўненасць, што Саміт быў вельмі карысны для збліжэння маладых людзей розных нацыянальнасцей,  і было б добра, каб у наступны раз яго ўдзельнікі сабраліся ў Беларусі.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *