На хлебнай ніве – сямейны экіпаж

Сельское хозяйство Тема недели

У жыцці ёсць моманты і рэчы, якія ніколі не знікнуць бясследна. У адных іх больш, у іншых менш. Ды і гэта не самае важнае, галоўнае, што яны ёсць. Я апошнім часам часта ўзгадваю дзяцінства. Назойлівае адчуванне “адарванасці” ад дому ніяк не дае супакою. Аднаўляючы ў памяці самае дарагое, мае думкі ляцяць да родных мясцін, у вёсачку, дзе жывуць мае бацькі, дзе нарадзілася я сама і дзе ўзрастала на ўлонні прыроды. Удзячная ёй за тыя імгненні, што даравала мне кожны дзень, за цёплыя восеньскія дні і краявіды ў гэты час. Колькі год я хадзіла яе сцежкамі і ніколі не думала, што буду так сумаваць. Сумаваць па ліпавым цвеце, які аблюбавалі пчолы, па школьным садзе, па яго салодкіх і сакавітых яблыках, па гоману дзятвы да самага вечара.
У тым краі фарміравалася маё светабачанне, закладаліся асновы характару, там вытокі мяне як асобы. І без усіх гэтых успамінаў я нібы спарожнены і разбіты збан.
Яшчэ большай хваляй хлынулі думкі, калі пабачыла, як, трымаючыся адзін аднаго, на палях аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна працуюць бацька з сынам. Сямейны экіпаж “узначальвае” нешматслоўны і разважлівы Аляксандр Лашэвіч. Ён, як кажуць, баец вопытны. Механізатарам у РСУП “Алекшыцы” працуе ажно з 1994 года. А адданых сваёй справе людзей тэхніка “адчувае”. Кормаўборачны, для пасадкі бульбы, збожжаўборачны — спектр камбайнаў, на якіх працуе Аляксандр Віктаравіч, рознапланавы. На перыяд уборачнай кампаніі, пачынаючы з 2001 года, кіруе камбайнам “MEGA-208”, да гэтага шэсць год адпрацаваў на “ДОНе-1500”. На 10 жніўня экіпаж намалаціў ужо 1146 тон зерня, а ўлічваючы, што ў гаспадарцы сабрана 87% ураджаю, то гэтая лічба не канчатковая.
На пытанне, якая галоўная якасць бацькі, 21-гадовы Ілля, крыху павагаўшыся, адказвае, што добразычлівасць. Іншыя ж супрацоўнікі дадаюць: ён клапатлівы, добры гаспадар, які любіць трымаць усё пад кантролем.
Дарэчы, у РУСП “Алекшыцы”, акрамя герояў публікацыі, працуе яшчэ 2 сямейныя экіпажы.
Сам жа Ілля пасля заканчэння Гродзенскага каледжа марнаваць вольны час палічыў бязглуздым заняткам, таму вырашыў стаць памочнікам камбайнера. Тым больш, што для маладога хлопца грошы будуць не лішнімі. На хлебнай ніве ён працуе ўжо другі год, у перарыве была армія. Заробленыя за гэты сезон грошы плануе “пусціць” на рамонт уласнага аўто. Пра планы на будучае загадваць не любіць, але мне прызнаўся, што ў далейшым марыць звязаць сваё жыццё з органамі ўнутранных спраў.
Я ж гляджу ў блакітныя вочы свайго суразмоўцы, а бачу валошкі. Трапяткія, на тоненькай сцяблінцы, раскінуўшыся між спелых каласкоў, яны пабялелі ад спякоты. Ранейшая сінява пялёскаў, якая ўвабрала ў сябе фарбы неба, во­зера і вачэй людзей, цяпер ператварылася ў халаднавата-мяккую. Літаральна праз некалькі дзён уся гэтая прыгажость апынецца ў пашчы “жалезнага звера”. Цешыць адзінае, гэта не назаўсёды.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *