На зернесушыльным комплексе ў КСУП «Варанецкі»

Сельское хозяйство Тема недели

Анатоль Лісоўскі і Станіслаў Эйсмант

У спякотныя і душнаватыя дні, нібы выратавання, мы чакаем дажджу. І калі нарэшце яго халаднаватыя кроплі прыбіваюць цёплы дарожны пыл, адразу адчуваем палёгку. Старэйшыя ж людзі заўсёды казалі, што будзе дождж — будзе хлеб на стале, не будзе дажджу — не будзе ні хлеба, ні ягад, ні грыбоў. Цану дажджавой кроплі таксама добра ведаюць і людзі жніва. Нават спакойны, ці як кажуць у народзе, “грыбны” дождж адразу карэктуе ход уборачнай кампаніі, тым самым уплываючы і на дзейнасць збожжатокаў. Дождж дажджом, толькі вось сарціроўку і ачыстку збожжа яшчэ ніхто не адмянаў.
Як адзначыў галоўны аграном КСУП “Варанецкі” Павел Станеўскі, на 7 жніўня на сельгас-прадпрыемстве зжата прыблізна 48% пасяўных плошчаў і намалочана каля 6000 тон зерня. У гаспадарцы працуе 3 зернесушылкі, але большая частка збожжа праходзіць праз “КЗСВ-40”, які функцыянуе з 2008 года.
Дарэчы, выпуск зерне­ачыш­чальна-сушыльнага комплекса “ЛідАрай” КЗСВ-40 у краіне быў наладжаны ў 2005 годзе. Вышэйназваная ўстаноўка — сумеснае “тварэнне” беларускага прадпрыемства ААТ “Лідсельмаш” і польскай фірмы “Арай”. Комплекс прызначаны для прыёмкі з аўтамашыны, папярэдняй ачысткі, сушкі, часовага захоўвання і адгрузкі на транспарт зерня, насення ўсіх відаў зернавых, зернебабовых і крупяных культур, кукурузы, рапса. Адносіцца да класу высокапрадукцыйных.
Падцвярджае гэтыя словы і Павел Станеўскі.
— За час па лініі комплексу праходзіць прыкладна 30-40 тон зерня, а за суткі атрымліваецца каля 700-800 тон. Калі назваць паказчыкі за сезон, то яны вагаюцца ў межах ад 9 да 11 тысяч тон зерня, разам з кукурузай і рапсам – ад 15 да 17 тысяч тон сельскагаспадарчых культур.

Загадчык склада
Генадзь Кастылёў

Цікава, што на тэрыторыі збожжатока я не пабачыла звыклыя горы новага ўраджаю. І гэта добра, бо ад парадку і акуратнасці работнікаў залежыць якасць збожжа, якое дастаўляецца ў сховішчы. Трэба адзначыць, што праца на прадпрыемстве наладжана кругласутачна. Адным з аператараў сушылкі (іх усяго 4), якога давялося застаць на месцы працы пад час майго прыезду, аказаўся Станіслаў Эйсмант. Ён расказаў, што праца на прадпрыемстве арганізавана ў дзве змены і не спыняецца ні на хвіліну. Звычайна з раніцы ток чысты. І калі планы не псуе надвор’е, то зерне з поля прыходзіць вільготнасцю да 14 % і лічыцца ўжо гатовым фуражным. Змене ж застаецца яго толькі дапрацаваць.
— Арганізацыя працы наладжана на высокім узроўні, тэхніка не ломіцца, таму і працаваць адно задавальненне, — уключаецца ў размову яшчэ адзін аператар Анатоль Лісоўскі. – Ад нас жа патрабуецца пільнасць, кампетэнтнасць, уменне працаваць аператыўна.
Як пасля ад­зна­чыў Павел Станеўскі, гаспадарцы неабходна і дзяржзаказ па здачы збожжа выканаць, і для ўласных патрэб частку ўраджая нарыхтаваць.
Час няўлоўна сплывае, хутка кругаварот “поле — сушыльны комплекс — зернясховішча” спыніцца, а пакуль мы будзем працягваць інфармаваць вас аб ходзе ўборачнай кампаніі ў нашым раёне, знаёміць з перадавікамі вытворчасці.

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *